Навумчык: «І толькі некаторыя беларускія інтэлектуалы скажуць, што «беларуская мова тут ні пры чым»

Палітычны аглядальнік — пра рэпрэсіі прарасейскага, антыбеларускага рэжыму, якія мусяць ацэньвацца найперш менавіта як этнацыд.

— У Салігорску ГУБАЗіКаўцы ўзялі чалавека за тое, што меў дома кнігі па беларускай гісторыі, — піша Сяргей Навумчык. — Калі два гады таму ў электрычцы затрымалі пэнсіянэраў, якія чыталі беларускія кнігі і я назваў гэта этнацыдам, мне даказвалі, што я памыляюся, што этнічны перасьлед тут ні пры чым: іх затрымалі за тое, што ладзілі акцыю; маўляў, чыталі б хоць «Войну и мир» ці «Тихий Дон» па-руску — ўсё роўна ўзялі б.

Сяргей Навумчык

Нічога падобнага немагчыма было б пачуць ні ад украінцаў, ні ад яўрэяў, ні ад палякаў: яны б былі перакананыя, што адбыўся найперш перасьлед па нацыянальнай прыкмеце. І толькі некаторыя беларускія інтэлектуалы скажуць, што «беларуская мова тут ні пры чым».

Але беларуская мова тут якраз менавіта што на першым пляне. І мова тут — галоўнае. У тым і справа, што чыталі кнігі менавіта на БЕЛАРУСКАЙ мове. Не на расейскай, а на беларускай. І таму тое быў пратэст у тым ліку (і нават — найперш) супраць прыніжэньня нацыянальнай годнасьці, супраць зьнішчэньня нацыянальнай ідэнтычнасьці. І за гэты пратэст людзей рэпрэсавалі.

Падаецца, што рэпрэсіі прарасейскага, антыбеларускага рэжыму (і ня толькі з 2020 году, яны пачаліся з 1994) мусяць ацэньвацца найперш менавіта як этнацыд, як перасьлед найперш за імкненьне беларусаў абараніць і захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць. А зьбіцьцё і фізычныя катаваньні, якія ўжо маюць вынікам гібель людзей — гэта ўжо катэгорыі генацыду. Супольна гэта – злачынствы супраць чалавечнасьці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(35)