«Параўнаньне вайны ў Афганістане і ва Ўкраіне паказвае глыбіню бездані паміж савецкім і расейскім грамадзтвам»

Журналіст Сяргей Навумчык – пра тое, чаму ўражваюць настроі большасьці расейскага насельніцтва.

– Параўнаньне вайны Крамля ў Афганістане і вайны Крамля ва Ўкраіне дазваляе адчуць глыбіню бездані паміж савецкім і цяперашнім расейскім грамадзтвам, – піша Навумчык. – Рашэньне аб уводзе войскаў, прынятае, як потым высьветлілася, усяго толькі чатырма членамі Палітбюро (Брэжневым, Андропавым, Грамыкам і Ўсьцінавым), напярэдадні распаду СССР ацэньвалася людзьмі не інакш як злачыннае.

Нават артадаксальныя камуністы не спрабавалі яго хаця б у мінімальнай ступені апраўдаць.

Зусім іншае мы бачым цяпер. Рашэньне распачаць «спэцыяльную ваенную апэрацыю» Пуцін зацьвярджаў ледзь не ў прамым эфіры, апытваючы, як на допыце, аднаго за другім чальцоў Савету бясьпекі РФ.

Усе дзяржаўныя СМІ Расеі (іншых, праўда, практычна не засталося) імгненна, у першы ж дзень пераключыліся на асьвятленьне баявых дзеяньняў. Усе, ад школьнікаў да пэнсіянэраў, імгненна пашырылі ўласны запас вайсковай лексыкі.

Аднак калі ні Брэжнеў, ні ягоныя спадкаемцы і думаць не маглі перамагчы ў афганскай вайне з дапамогай атамнай зброі, дык ад цяперашняга крамлёўскага кіраўніцтва пагрозы прымяненьня ядзерных боегаловак успрымаюцца ўжо як руціна.

Але найбольш уражваюць настроі большасьці расейскага насельніцтва.

Прагнозы тых, хто летась у лютым папярэджваў пра народныя бунты ў Расеі пасьля таго, як пачнуць прыходзіць першыя труны (папярэджаньні, трэба сказаць, цалкам лягічныя), ня спраўдзіліся.

Розныя крыніцы называюць розныя лічбы загіблых расейскіх вайскоўцаў, але ў кожным разе яны сама меней у дзесяць разоў большыя, чым колькасьць палеглых у Афганістане савецкіх вайскоўцаў за дзесяць гадоў вайны.

Але большасьць жыхароў Расеі не пратэстуе. Наадварот, кожны з тых 80%, хто, як лічыцца, падтрымлівае Пуціна, ахвотна патлумачыць, чаму трэба захопліваць украінскія землі, зьнішчаць цэлыя гарады, забіваць тысячы людзей і мільёны вымусіць пакінуць родную краіну: бо неабходна вярнуць «веліч Расеі».

І калі лёзунг «пераможнага шэсьця камунізму па плянэце» ў звычайных савецкіх людзей у часы застою выклікаў у лепшым выпадку іронію, дык за «русский мир» жонкі самі выпраўляюць на сьмерць мужоў, а маці — сыноў. Імпэрская ідэя і туга па былой велічы СССР (якой насамрэч не было) аказаліся мацнейшымі за марксісцка-ленінскія догмы.

Беларускае грамадзтва гэтага пазбаўлена. І калі ў нейкай часткі беларусаў засталася пэўная настальгія па часах СССР, яна ніяк не спалучаецца з агрэсіўным імпэрскім імкненьнем наступаць, зьнішчаць, паліць і забіваць.

Беларусь страціла ў Афганістане, паводле афіцыйных зьвестак, больш як 700 чалавек — пераважна хлопцаў ва ўзросьце 18-22 гадоў.

За што яны ваявалі, за якія каштоўнасьці загінулі? За ідэю сацыялізму, якога няма, за краіну пад назвай СССР, якая даўно распалася? Няма адказу.

Што дакладна — не за Беларусь. На вайне Расеі супраць Украіны Беларусь ня страціла ніводнага свайго вайскоўца. Пакуль што ня страціла.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(41)