Навумчык: «Гісторыя сцвярджае, што паразы могуць быць толькі эпізодам на шляху да вялікай перамогі»

Журналіст — пра вынікі падзеяў, якія адбыліся ў 2020-м годзе.

Сяргей Навумчык

— Гібель палітвязняў у турмах, няспынныя масавыя рэпрэсіі, тысячы за кратамі і сотні тысяч у эміграцыі, разгром усіх грамадскіх арганізацый і незалежных СМІ, вынішчэнне ўсяго нацыянальнага, беларускага, — тое, што адразу ўяўляецца, калі пытаюцца пра вынікі 2020-га году, — піша Сяргей Навумчык. — І на кароткім прамежку часу менавіта гэта бачыцца вынікам тых падзеяў, якія адбыліся ў 2020-м годзе.

Ад людзей з розных сфэраў (і палітыкі, і літаратуры, і мастацтва, і навукі), чыя адданасць Беларусі пацверджана іх справамі цягам дзесяцігоддзяў, чуў: «Лепш бы таго 2020-га не было ўвогуле».

Прызнаюся: часам гэтак думаю і я.

читайте также

Псіхалагічна такія словы цалкам апраўданыя, асабліва ад тых, каму, як аўтару гэтых радкоў, застаецца жыць істотна меней, чым ужо пражыта, і хто, як той жа аўтар, лічыць, што перамога над рэжымам адбудзецца, на вялікі жаль, ня хутка.

Але тут пачынае казаць сваё слова Гісторыя.

Яна сцвярджае, што паразы могуць быць толькі эпізодам на шляху да вялікай перамогі. І яшчэ: дзейнасць асобных людзей ці суполак можа быць пераацэнена кардынальна. Праўда, не заўсёды цягам жыцця аднаго пакалення.

Хаця здараецца, што такая пераацэнка прыпадае на адносна кароткі пэрыяд.

У канцы 90-х-пачатку 2000-х актывістаў БНФ, называлі «лузерамі», якія мелі адно толькі паразы (прайгралі Лукашэнку). Але потым усё больш рабілася відавочным, што БНФ здзейсніў тое, чаго, паводле ўсіх правілаў палітыкі, зрабіць было нерэальна.

Маючы меншасць і ў грамадстве, і ў парламенце, фронтаўцы дамагліся Незалежнасці, і менавіта гэтым увайшлі ў Гісторыю. Ну, а выйграць Фронту выбары, калі яшчэ ў 1995 годзе, паводле сацыёлягаў, 40% насельніцтва было ня проста за інтэграцыю з Расіяй, а за вяртанне СССР, ды яшчэ траціна не ўспрымала Беларусь як незалежную ад Масквы краіну, — было немагчыма нават тэарэтычна. Цуды не заўсёды паўтараюцца два разы запар.

Пасля 2020-га прайшло толькі тры гады — яшчэ рана падводзіць канчатковыя вынікі.

Але дзве высновы з падзеяў 2020-га мы можам зрабіць ужо цяпер, не чакаючы вердыкту Гісторыі.

Першая — той, хто бярэ на сабе смеласць называцца лідэрамі і вырашаць лёс народа, павінен грунтоўна рыхтавацца да самых горшых варыянтаў. Словы пра «80% сфальсіфікаваць немагчыма» з вуснаў аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта — вяршыня палітычнага інфантылізму і безадказнасці.

Паклаўшы руку на сэрца, мусім прызнаць, што наўрад ці нават сотні тысяч пратэстоўцаў маглі перамагчы тысячы ўзброеных сілавікоў, гатовых расстрэльваць людзей (што яны, як мы ведаем, і рабілі).

Але перакананы: бестэрміновы страйк на дзясятку-двух бюджэтаўтворных прадпрыемствах («Беларуськалій», гродзенскі «Азот», мазырскі і наваполацкі НПЗ, МАЗ, трактарны, завод колавых цягачоў ды інш.) — сітуацыю змяніў бы кардынальна. Да кожнага страйкоўца АМАПаўца ці байца «Росгвардии» не прыставіш.

Але калі я запытаўся ў колішняга дэпутата Апазіцыі БНФ і лідэра рабочага руху Сяргея Антончыка (таго самага, што вывеў сотню тысяч страйкоўцаў на плошчу ў красавіку 91-га), ці звярталіся да яго па кансультацыі, ён засмяяўся; але не было весялосці ў тым смеху.

І другая выснова: Расія беларусам — не сябар. Пакуль што яна была беларусам толькі ворагам. Пра гэта кажуць стагоддзі нашай гісторыі, гэта пацвярджаюць і падзеі жніўня 2020-га.

Дастаткова сведчанняў, што менавіта падтрымка Лукашэнкі Пуціным і ягоная заява пра фармаваньне корпусу «Росгвардии» для ўратавання рэжыму вызначылі пазыцыю тых сілавікоў, якія вагаліся і пры пэўных абставінах маглі павярнуць зброю супраць узурпатара.

Сённяшнія рэпрэсіі — не проста тэрор супраць народу, а — тэрор Расіі супраць беларускага народу. Менавіта гэтак і будзе калі-небудзь зафіксавана ў падручніках па гісторыі.

Тое, што значная частка насельніцтва пакуль не асэнсавала згубную ролю Расіі для нацыі — ня дзіўна.

Беларусь была пад акупацыяй Расійскай імперыі (спачатку царскай, потым камуністычнай) больш як два стагоддзі, яна незалежная толькі тры дзясяткі гадоў. Нават пры нацыянальнай уладзе гэтага часу недастаткова для змены, скажам гэтак, геапалітычнай ментальнасці і трывалага ўсведамлення нацыянальных каштоўнасцяў. Для гэтага патрэбныя пакаленні, і мы толькі ў пачатку шляху.

А з іншага боку — за стагоддзі ворагам так і не ўдалося знішчыць беларусаў як нацыю.

І таму — Жыве Беларусь!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(87)