Навумчык: Чым пагражае Беларусі патрабаваньне Масквой ад Захаду «гарантыяў бясьпекі»

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета — пра самую дарагую плату.

— Пасьля сустрэчы дзяржсакратара ЗША Блінкена і кіраўніка МЗС Расеі Лаўрова больш дакладна акрэсьліўся пэрымэтар «гарантыяў бясьпекі», які патрабуе Масква, — піша Сяргей Навумчык. — Ён стаў значна большы, чым уяўлялася спачатку.

Калі раней гаворка ішла ў асноўным пра Ўкраіну, дык цяпер узьнікла тэма вываду войскаў НАТА з Баўгарыі і Румыніі. Але наперадзе мінімум яшчэ адна сустрэча кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў двух дзяржаваў, і хто ведае, ці ў патэнцыйную «сфэру інтарэсаў» Крамля не дададуцца іншыя краіны?

Напрыклад, Польшча, ці Літва, ці Латвія, ці Эстонія. Або – усе чатыры разам. А якія ўвогуле пэрспэктывы для Беларусі нясе гэтае патрабаваньне «гарантыяў бясьпекі»?

Мы ўжо бачым нарошчваньне, прычым імклівае (дзясяткамі эшалёнаў штодня) прысутнасьці расейскіх войскаў у Беларусі і іх разьмяшчэньне на мяжы з Украінай. Пра магчымы вынік у нядаўнім інтэрвію Р**ыё Свабода выказаўся кіеўскі вайсковы экспэрт: калі з тэрыторыі Беларусі ў бок Ўкраіны пачнуцца ракетныя абстрэлы, украінскае войска будзе страляць у адказ.

Гэта азначае, што, як калісьці ў Афганістане, беларусы будуць гінуць за чужыя інтарэсы — толькі цяпер не за вызначаную Крамлём «дапамогу афгансккаму народу ў пабудове сацыялізму», а за «гарантыі бясьпекі Расеі» (сфармуляваныя пад тымі ж крамлёўскімі вежамі). І гэта самая дарагая плата — чалавечыя жыцьці.

Але ёсьць і доўгатэрміновыя наступствы, якія могуць надысьці нават у тым выпадку, калі ніякіх баявых дзеяньняў ня будзе. Тэрмін іх дзеяньня можа быць акрэсьлены не гадамі, а дзесяцігодзьдзямі.

Магу памыліцца, але, хутчэй за ўсё, адмова Масквы ад пачатку вайсковага наступу на Ўкраіну адбудзецца тады, калі Захад сапраўды дасьць пэўныя гарантыі.

Прычым, магчыма, зусім не зьвязаныя з НАТА і ўвогуле з вайсковым аспэктам непасрэдна. Я маю на ўвазе дамоўленасьць пра сфэры палітычнага ўплыву. Гэтыя дамоўленасьці могуць быць і не аформленыя юрыдычна і не абвешчаныя публічна.

Прыгадаем, што ў 1945 годзе ў Ялце кіраўнікі краінаў-пераможцаў (Вялікабрытаніі, ЗША, СССР) не вызначалі канкрэтна, якія менавіта дывізіі паставіць Сталін у Чэхаславаччыне ці ў Польшчы, колькі брытанскіх ці амэрыканскіх крэйсэраў і якіх зойдзе ў парты Італіі.

Гэта было даручана вайскоўцам. Палітычныя лідэры дамовіліся пра зоны ўплыву (скажам, Польшча — зона інтарэсаў СССР, а Грэцыя — Вялікабрытаніі).

Беларусь не гучыць у кантэксьце абмеркаваньня «гарантыяў бясьпекі». Так, выказваецца вялікая засьцярога уводам расейскіх войскаў, але — толькі ў кантэксьце небясьпекі для Ўкраіны і краінаў НАТА (Польшчы, Літвы і Латвіі).

Заходнімі палітыкамі ня вымаўлена ніводнага слова пра тое, што расейскія войскі павінны пакінуць Беларусь, бо беларускі народ мае права сам рабіць геапалітычны выбар (праз свабодныя выбары, якіх не было).

Пра Ўкраіну — сказана. Пра Беларусь — не. Выглядае, па факце Захад можа прызнаць (альбо ўжо маўкліва прызнаў), што Беларусь уваходзіць у зону палітычных інтарэсаў Расеі.

Далей можна доўга разважаць пра пэрспэктывы — але дастаткова проста паглядзець на посьпехі ўсходняй суседкі ў эканоміцы, навукі, адукацыі, аховы здароў’я, у ахове навакольнага асяродзьдзя.Ня кажучы ўжо пра дэмакратыю і правы чалавека.

Адзіная сфэра, дзе вынікі сапраўды ўражваюць — вайсковая. Войска ў Расеі за два дзесяцігодзьдзі Пуціна, трэба прызнаць, умацавалася. Цяпер гэтае войска прыбывае ў Беларусь. І падаецца, што яно дрэнна будзе сумяшчацца з паняцьцем «свабодныя і справядлівыя выбары».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)