Навумчык: «Апарат разьмяркоўвае вынікі працы беларусаў — супраць беларусаў»

Палітычны аглядальнік — пра драматычнае ў сваёй супярэчнасьці слова-паняцьце — «дзяржава».

– Яно спалучае і дзяржаву як незалежную дэ-юрэ краіну (зьдзейсьненую 25 жніўня 1991 мару пакаленьняў беларускіх патрыётаў), – піша аглядальнік «Радыё Свабода» Сяргей Навумчык, — і дзяржаўна-рэпрэсіўны апарат, які, акрамя таго што ламае чалавечыя лёсы сотнямі тысяч, яшчэ і зьнішчае гэтую дзяржаву, рыхтуе яе пад анэксію Расеяй  (яго галоўная палітычная мэта, нароўні з захаваньнем улады Лукашэнкі).

Нажаль, мы ня ўсе яшчэ здольны разьмяжоўваць гэтыя паняцьці. Але рабіць гэта трэба.

І ўжо ні ў якім разе ня варта выкарыстоўваць словазлучэньне «беларуская дзяржава» у дачыненьні да дзяржаўнага (а па сутнасьці, антыдзяржаўнага, бо антыбеларускага) апарату.

Сяргей Навумчык

30 гадоў зь бюджэту ішлі каласальныя сродкі на ўтрыманьне чыноўнікаў, якія зьнішчалі Беларусь (адзін толькі апарат «саюзнай дзяржавы» — сотні чалавек з зарплатамі, пэўна, ня менш як тысяча эўра ў месяц), на ўтрыманьне дзясяткаў антынацыянальных арганізацый кшталту «Белай Русі», «БРСМ» і г.д.

Уявіце, колькі карыснага можна было б зрабіць на гэтыя сродкі для ўмацаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, для падтрымкі беларускай культуры, беларускага школьніцтва, беларускага кнігадруку, тэатра, кіно…

Але апарат разьмяркоўвае вынікі працы беларусаў — супраць беларусаў. І на гэты момант беларускай дзяржавы ў яе правільным, не скажоным разуменьні, не існуе.

Ёсьць дэ-юрэ краіна, вылучаная на ўсіх сусьветных мапах (за гэта змагалася Рада БНР у замежжы і беларускія патрыёты ў БССР дзесяцігодзьдзямі, і гэта зусім ня мала — сотні народаў такога ня маюць, некаторыя, як курды, паклалі дзясяткі тысяч жыцьцяў, але так і не дамагліся краіны на мапе).

Ёсьць дзяржаўныя атрыбуцыі, урад, мытня, войска, грашовая сыстэма, МЗС (усё гэта было створана да 1994, хаця Лукашэнка прыпісвае сабе).

Не ідэальнае, але найбольш дакладнае вызначэньне таго, што зараз існуе на тэрыторыі краіны Беларусь — «антыбеларускі прарасейскі рэпрэсіўны рэжым».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(104)