«Нават за кратамі клапоціцца пра іншых». Пачынаюць судзіць Вольгу Залатар, ёй пагражае да 7 год

Маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар затрымалі 18 сакавіка, калі яна везла дачку ў музычную школу. Дома прайшоў ператрус, мужа затрымалі і далі 10 сутак. Вольгу пасля Акрэсціна ўжо не вызвалілі, адправілі на Валадарку, дзе яна па сёння і знаходзіцца, піша Наша Ніва.

Яе абвінавачваюць у арганізацыі і навучанні ўдзельнікаў акцыяў пратэста, і падстракальніцтве ўдзелу, а таксама ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання ці ўдзеле ў ім. Віну яна не прызнае.

Затрымлівалі Вольгу Залатар аператыўнікі ГУБАЗіК, яны развярнулі яе машыну на кальцавой, разам паехалі на ператрус дадому, пасля гэтага адвезлі яе ў цэнтральны офіс упраўлення па вуліцы Рэвалюцыйная, дзе па яе словах, яе катавалі, прымушаючы прадаставіць доказы супраць сябе. Пад ціскам жанчына сказала пароль ад мабільнага тэлефона і тэлеграма. Але нават пасля гэтага да яе прымянялі гвалт.

Адвакат Вольгі паведамляў прэсе, што у яе былі сінякі і крывападцёкі — білі па галаве, душылі, клалі на зямлю, прыціскалі нагамі да падлогі.

Пра збіццё жанчына паведаміла на першым жа допыце, але следчы гэта проста праігнараваў: Вольгу не агледзеў судмедэксперт, які павінен быў зафіксаваць пашкоджанні, на падставе экспертызы пасля павінны былі ацаніць дзеянні сілавікоў, але ніякага разбіральніцтва ў выніку не было. Адвакат Андрэй Мачалаў, які пракаментаваў сітуацыю, у выніку быў пазбаўлены ліцэнзіі.

Вольга Залатар скончыла ліцэй БДУ і факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Мае ад дзяржавы ордэн як маці пяцярых дзяцей: старэйшай дачцэ на момант затрымання было 17 год, малодшаму сыну — усяго чатыры.

Вольга была назіральніцай на выбарах у 2020-м на участку ў Ждановічах, але на падлік яе не пусцілі. Пасля разгона мірных дэманстрантаў і жорсткіх затрыманняў жанчына валанцёрыла на Акрэсціна, у судах, дапамагала затрыманым і іх сем’ям.

Да крымінальнага пераследу яе тройчы затрымлівалі па адміністратыўных артыкулах, два разы справы даходзілі да суда, дзе ёй давалі вялікія штрафы — па законе, немагчыма адправіць на суткі жанчыну, якая выхоўвае непаўнагадовых дзяцей. Дадому да яе прыходзілі з праверкамі, каб ацаніць, у якіх умовах жывуць дзеці.

Сілавікі заяўлялі, што Залатар была адміністратаркай ждановіцкага чату ў Тэлеграме, дзе абмяркоўвалася грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне пасля выбараў. Міліцыя лічыць, што яна была арганізатарам «несанкцыянаваных акцый» — прагулак, дваравых канцэртаў і сустрэчаў з суседзямі.

Нягледзячы на хадайніцтвы абароны змяніць меру ўтрымання на незвязаную з утрыманнем пад вартай, амаль восем месяцаў жанчыну трымаюць у СІЗА. Хадайніцтвы каталіцкіх святароў, якія былі гатовыя паручыцца за Залатар, следства таксама адхіліла.

Вядома, што за гэты час Вольга змяніла некалькі камер, перахварэла на каранавірус. Таксама яе адпраўлялі на экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя, дзе яна сустрэла свой дзень нараджэння.

Жанчыны, якім даводзілася сядзець разам з Вольгай на Валадарцы, кажуць, што

нават у тых складаных умовах яна стараецца клапаціцца пра іншых, па-мацярынску і з асаблівым клопатам ставіцца да сукамерніц, якія ўпадаюць у адчай, у якіх няма вялікай падтрымкі з волі. Кажа, што нават у турме адчувае сябе свабодным чалавекам.

Шмат расказвае пра Бога, гэта можна ўбачыць і ў яе лістах. Што да будучыні, то Вольга верыць, што змены ў Беларусі непазбежныя. Сама яна б хацела адкрыць пякарню, раней яна выпякала свой хлеб на заквасцы.

Першае паседжанне па справе Вольгі Залатар прызначана на 15 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе, пачатак у 10:00.

Працэс будзе весці суддзя Анастасія Папко. Раней яна працавала ў судзе Першамайскага раёна, дзе адзначылася працэсамі супраць палітычных актывістаў і журналістаў. Пайшла на павышэнне. Літаральна на днях скончыла разгляд справы палітвязня Мікалая Дзядка, які атрымаў 5 год калоніі.

Адрас для лістоў: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Залатар Вольга Віктараўна

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:9)