«Наваградскі замак-2013»: нешматлюдны фэст пад расійскую мову і гарэлку без нацэнкі

7–8 верасня шосты раз праходзіць міжнародны фэст сярэдневечнай культуры «Наваградскі замак-2013».

Нечакана рыцараў было менш, чым спадзяваліся гараджане, і цікавасць свята выклікала таксама меншую, чым разлічвалі арганізатары. Усе мерапрыемствы праводзіліся на гарадской плошчы. Раней рыцары сустракаліся на дзядзінцы замка, але цяпер турыстаў папярэджваюць шыльды "Праход забаронены! Небяспечна для жыцьця!" Адна з дзвюх напаўразбураных вежаў, якую спрабавалі раней кансерваваць, знаходзіцца ў небяспечным стане.

На абгароджанай плошчы міліцыянты зрабілі тры "кантрольна-прапускныя пункты", адзін з іх меў дзве брамы для выкрыцця металаў. Міліцыянты пераконвалі, што гэта патрэбна, каб плошча не перапаўнялася народам.

Аднак цягам дня наваградцы хадзілі ўздоўж агароджы, ігнаруючы КПП. Калі на сцэне нешта адбывалася, перад ею збіралася ўсяго некалькі дзясяткаў гледачоў.

Астатнія маглі назіраць з-за агароджы. Увечары перад сцэнай сабралася максимум дзвесце-трыста чалавек, тым часам як міліцыянты чакалі, што гледачоў могуць быць тысячы.

Амаль зусім адсутнічала рэкляма свята. Нам удалося знайсці рэкламку з раскладам толькі ў адным месцы — на дзвярах кафэтэрыя — побач з аб’явай аб тым, што ўнутры можна выпіць гарэлкі без звычайнай для такіх месцаў нацэнкі.

У кафэтэрыі ўвечары не было кавы, сказалі, што скончылася. Але з запасамі гарэлкі ўсе было ў парадку.

Каля цэнтральнага КПП стаяў міліцыянт у блакітнай камізэльцы, які зазіраў у план і тлумачыў цікаўным — што за чым будзе адбывацца на сцэне.

Шыльда фэсту і абвесткі былі на расейскай мове, якая таксама пераважна гучала і са сцэны. Мясцовыя толькі пахваліліся, што раенны начальнік выступіў на адкрыцці па-беларуску.

Жыхары Наваградку казалі, што самым цікавым і людным быў першы фэст, цяпер ен вялікай цікавасьці не выклікае, нашмат лепей паслухаць са сцэны рок-гурты і крыху патанчыць.

Цяпер у Наваградку знаходзіцца перасоўны цырк, у касу стаяла чарга. Таксама ў гэтыя выходныя спраўляліся шлюбы. Нешматлікія бары былі запоўненыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)