Наста Дашкевіч: Улада паводзіць сябе, як і камуністы, што растрэльвалі людзей

Актывістка, жонка Змiтра Дашкевiча нагадвае, што ў Курапатах не проста 100 крыжоў, якія не спадабаліся Лукашэнку.

— Гэта помнік і сведчанне вялікага грамадскага чыну. Бо грошы на гэтыя крыжы ахвяравалі некалькі соцен чалавек! — напісала Наста Дашкевіч у Фэйсбуку. — Пад сотню чалавек удзельнічалі ў іх усталёўцы. Гэта табе не паперку з Мінкульту спусціў і не хочучы, але грошы з бюджэту выняў, гэта ЛЮДЗІ САМІ РОБЯЦЬ ПОМНІК.

Пад гэтымі крыжамі адбываліся — Ноч расстраляных паэтаў, штотыднёвыя малітвы за Беларусь. Нікому яны не мулялі вочы, апроч як адному мярзотніку, які даў загад іх прыбраць.

Ніколі, ніколі ў гэтай краіне ні халеры не паменяецца, пакуль Курапаты і сталінскія рэпрэсіі не будуць прызнанымі ўладамі/грамадствам, як гарантыя недапушчальнасці палітычных уціскаў, забойстваў. Як мяжа, што праведзена чырвонай крывёю, дзе ёсць палітычнае кіраванне — як клопат пра людзей, а дзе — як клопат пра ўласную ўладу. Пра гуманізм, пра дэмакратыю, пра недапушчальнасць дыктарур, таталітарызма і праяваў рознай іншай палітычнай шызафрэніі.

Як разуменне, праз які складаны шлях прыйшлося праходзіць Беларусі і беларусам да сваёй незалежнасці, ідэнтычнасці, самастойнасці. Які вялікі кошт заплацілі тыя, хто ляжыць пад гэтымі крыжамі, каб мы, халеры яго, не прасралі!!! Каб яны не засталіся безымяннымі, выкрэсленымі, нікому не патрэбнымі. Каб чалавечае жыццё і свабода заставалася найвялікшай каштоўнасцю! Каб быў Божы страх у тых, хто бярэ адказнасць за людзей і краіну.

Але гэтая ўлада страху гэтага не мае, паводзіць сябе гэтак сама, як і камуністы, што растрэльвалі людзей: ідуць па галавох да сваёй мэты. Год за годам. Па галовах.

Сёння яны пайшлі — па крыжах.

Разбураныя крыжы — як сымбаль беспакаранасці, беззаконнасці, усеўладдзя.

А ці будзе гэты сымбаль абыякавасці — гэта ўжо залежыць ад нас.

«У соты раз прабітае дно». Лідэры меркаванняў пра знос крыжоў у Курапатах

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(43)