«Наша Ніва»: Бабарыку ў 15 рэгіёнах «дамалявалі» галасы
«Наша Ніва» прааналізавала колькасць подпісаў, якія залічылі Віктару Бабарыку ў кожным з раёнаў Беларусі (даступныя звесткі па ўсіх абласцях, апроч Гомельскай), і параўнала іх з дадзенымі штаба. Атрымалася абы-што.
Сітуацыя першая. Подпісы былі сабраныя, але іх не паспелі здаць
Паводле Выбарчага кодэкса, здаваць подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі (а іх каля 150 па ўсёй краіне) могуць толькі тры чалавекі. Гэта рэгіянальны каардынатар, калі ён быў пазначаны пры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, кандыдат ці кіраўнік штаба.
І Віктар Бабарыка, і яго сын Эдуард (кіраўнік штаба) былі арыштаваныя, таму не паспелі падаць подпісы ў больш за 60 раёнаў.
Асабліва крыўдна за буйныя пакеты дакументаў — у Лідзе прапалі 4292 подпісы, у Пружанах — 983 подпісы. А 9 тысяч подпісаў з Першамайскага раёна Мінска Бабарыка вёз з сабой, калі яго затрымалі.
Сітуацыя другая. Бабарыку залічылі ўсе галасы
Такое здарылася толькі ў Пінску (2887) і ў Салігорскім раёне (4962).
Сітуацыя трэцяя. У Бабарыкі зрэзалі частку галасоў, але астатняе залічылі
Па законе ў кандыдата можа быць не больш за 15% «няправільных» подпісаў. У прынцыпе, гэта абсалютна нармальная сітуацыя.
Напрыклад, у Асіповічах у Бабарыкі забралі толькі 1 подпіс, у Слуцку — 117 (5%). Такіх раёнаў агулам 17.
Сітуацыя чацвёртая. У Бабарыкі было больш за 15% «няправільных» галасоў, але рэшту яму ўсё адно пакінулі
Паводле заканадаўства, камісія павінна праверыць не менш за 20% атрыманых подпісаў. Калі ў іх ёсць 15% несапраўдных подпісаў, то на праверку бярэцца яшчэ 15%.
Пасля аналізуюцца гэтыя правераныя 35%. Калі ў іх па-ранейшаму больш за 15% несапраўдных подпісаў, то ў сметніцу адпраўляюцца ўсе галасы за кандыдата.
У чатырох раёнах у Бабарыкі нібыта зашкальвала колькасць няправільных подпісаў, але рэшту яму ўсё адно чамусьці залічылі.
У Пінскім раёне было пададзена 477 подпісаў, аднак прызналі сапраўднымі 334 подпісы. Атрымліваецца, камісія зарэзала 143 подпісы (30% ад агульнай колькасці). Значыцца, паводле закона трэба было выкідаць і астатнія 334.
Такая ж гісторыя была ў Міёрах, Смалявічах і Ляхавічах.
Сітуацыя пятая. Бабарыку залічылі больш галасоў, чым падавалася
Штаб Віктара Бабарыкі запэўнівае ў дакладнай верыфікацыі сваіх дадзеных. Інфармацыю пра колькасць подпісаў правяралі адразу некалькі чалавек. Таму абсалютна незразумелай выглядае сітуацыя ў 13 раёнах Беларусі — тут Бабарыку залічылі больш, чым было пададзена.
Напрыклад, у Валожыне залічылі 1238 подпісаў ад 1230 пададзеных.
У Вілейцы падавалася 1469 подпісаў, а залічана — 1741. Такая ж сітуацыя ў Дзяржынску, Жабінцы, Жодзіне, Клецку, Наваполацку, Іўі, Капылі, Бярозе…
А ў Смаргоні рэкорд: зверху прыляцела ўвогуле 1135 подпісаў!
Сітуацыя шостая. Бабарыка не паспеў падаць галасы, а іх ўсё адно залічылі
Нарэшце, самая трагікамічная сітуацыя са Стоўбцамі (955 залічаных подпісаў), Уздой (527) і Чэрвенем (4). Штаб Віктара Бабарыкі сцвярджае, што ў гэтыя камісіі ўвогуле не падавалі подпісы!
Агулам атрымліваецца, што кандыдату накінулі зверху больш за 4000 подпісаў. Праўда, адначасова ў іншых месцах зарэзалі больш за 200 тысяч.
Читайте еще
Избранное