Спорт
Яўген Валошын, Еврорадио

«Наш хакей ― наркаман»

Уладзімір Беражкоў раскладае па паліцах, чаму правальваецца зборная, з-за чаго няма сэнсу ў мінскім «Дынама» і як выправіць сітуацыю.

Чарговы правал зборнай Беларусі па хакеі (на гэты раз праляцелі міма Алімпіяды) абуральна абмяркоўваецца заўзятарамі спорту. Столькі грошай укідваецца ў хакей, такія астранамічныя зарплаты выплачваюцца гульцам, а яны прадуваюць сціплым славенцам, якіх у пачатку 2000-х многія лічылі прахадной камандай.

Гутарым пра хісткую сітуацыю ў беларускім хакеі з галоўным рэдактарам «Прэсбола» Уладзімірам Беражковым. Ён напоўніцу панюхаў пораху ў хакеі: быў юніёрскім чэмпіёнам СССР у складзе мінскага «Юнацтва» і займаў пасаду віцэ-прэзідэнта нашай Федэрацыі хакею.

Еўрарадыё: Дык што гэта адбылося падчас алімпійскай кваліфікацыі ― выпадковасць, збой, хакеісты далі слабіну?

Уладзімір Беражкоў: Ніякага збою не здарылася, усё да гэтага ішло. Трэба пачаць з таго, што мы дапусцілі сам удзел у такой кваліфікацыі. У той жа час такія зборныя, як Нарвегія, Швейцарыя, Славакія, прайшлі на Гульні аўтаматычна.

Другое: мы дапусцілі ўдзел у такім турніры не на сваёй пляцоўцы. Зноў жа гэта вырашалася згодна з рэйтынгам: тыя ж датчане аказаліся вышэй за нас. Думаю, калі б мы гулялі на “Мінск-Арэне”, было б прасцей. Гэта быў вельмі хуткі турнір, у ім перамагаюць тыя, хто больш хоча, хто больш матываваны, для каго гэта сапраўды справа жыцця.

Еўрарадыё: Тым не менш, па класе нашы хакеісты лічацца больш моцнымі…

Уладзімір Беражкоў: Калі браць агульную класіфікацыі гульцоў, то ў нас яна была вышэйшая. Ва ўсёй зборнай Славеніі быў толькі адзін хакеіст з КХЛ. А ў нас ― 17 чалавек. КХЛ пазіцыянуецца, як другая ліга на планеце пасля НХЛ. На жаль, нашы хакеісты не былі так жа матываваныя, як славенцы, якія, здавалася б, выступаюць у мінорных лігах Еўропы. Дык вось для іх Алімпіяда ― гэта падзея ўсяго жыцця. Гуляць яны ўмеюць трошкі менш, чым нашы хакеісты, але жаданне і дысцыпліна забілі клас.

Еўрарадыё: Чаму беларускі хакей, нягледзячы на асаблівую ўвагу з боку дзяржавы, стаіць на месцы?

Уладзімір Беражкоў: Узгадаем, як у 1997-м годзе мы гулялі ў двух кваліфікацыйных адборах на Алімпіяду. Спачатку ў Рызе мы не пусцілі на Гульні латвійцаў, потым у Інсбруку мы перамагалі Нарвегію, Аўстрыю і Казахстан. Як сёння помню, зборнай за выхад на Алімпіяду былі гарантаваны прызавыя ў памеры 10 тысяч долараў, усяго толькі.

Еўрарадыё: На кожнага спартсмена?

Уладзімір Беражкоў: Не, на ўсю каманду. Трэнеры тады працавалі бясплатна, зарплату атрымлівалі ў сваіх клубах. Зборная сфармавалася за кошт легіянераў, якія гулялі ў чужых чэмпіянатах. Сапраўды, тады гульцы прыязджалі прадстаўляць краіну, былі поўныя патрыятызму. Вось такая была сітуацыя.

А потым на рубяжы стагоддзяў, калі на Гульнях ў Солт-Лэйк-Сіці мы дзёрнулі шведаў, здарылася, на мой погляд, памутненне мазгоў. Мы вырашылі, што знаходзімся наперадзе ўсёй планеты, і пасадзілі наш хакей на тлустую іглу. Зараз ён, як наркаман, патрабуе новай і новай дозы. І сёння вельмі складана без лятальнага зыходу спыніць гэты працэс. Таму, калі ў нас сфармавалася група па падрыхтоўцы да алімпійскай кваліфікацыі ў Военсе, першае, што яны вырашылі, ― сфармаваць прэміяльны фонд у паўмільёна долараў за выхад на Гульні.

Еўрарадыё: Ці буйная гэта сума для беларускага хакею? Колькі зарабляюць гульцы нашай зборнай?

Уладзімір Беражкоў: Гуляюць яны ў КХЛ. Як агучваў нядаўна віцэ-прэм’ер Тозік, сярэдні заробак у мінскім “Дынама” складае 420 мільёнаў рублёў у месяц. Такім чынам, можна меркаваць што сярэдні хакеіст-беларус у мінскім “Дынама” зарабляе штомесяц блізу 50 тысяч долараў. І гэта без бонусаў і прызавых. Зразумела, што гэта вельмі высокія сумы, і ніякія бонусы, якія б выдаткавала Федэрацыя, не сталі б сур’ёзным матэрыяльным стымулам для гэтых гульцоў.

Еўрарадыё: Хакеістаў чэмпіянату Беларусі таксама не крыўдзяць грашыма?

Уладзімір Беражкоў: У жлобінскім “Металургу”, чэмпіёне па заробках, вядучыя гульцы могуць зарабляць ад васьмі да дзесяці тысяч долараў. Сярэдняй рукі гульцы ― да пяці тысяч долараў. А ў клубах-аўтсайдэрах, як “Магілёў”, “Брэст”, “Віцебск”, зарплаты могуць хістацца ад 500 да 1000 долараў. У нас лічыцца, што кожны гулец, які скончыў хакейную школу, адразу павінен атрымліваць зарплату.

Еўрарадыё: Сітуацыя выглядае неадназначнай. На сухім пайку імпэт да гульні таксама знікае.

Уладзімір Беражкоў: У Амерыцы, напрыклад, маладыя хакеісты гуляюць проста за ежу. Там арганізаваны студэнцкія лігі, юніёрскія, моладзевыя. Там сістэма збудавана такім чынам, што хакеісту забяспечваюць усе ўмовы для таго, каб ён рос як спартсмен. Даюць яму форму, ежу, лёд, каляндар. Гэта чатыры кіты, на якіх трымаецца падрыхтоўка хакеіста.

А вось зарплата ― прабачце. Зарплату ты атрымаеш тады, калі пачнеш нешта з сябе ўяўляць як брэнд, як імя. Да гэтага часу ты расцеш. І калі не атрымалася, нічога страшнага, ты ідзеш у іншыя сферы жыцця.

Таму на Захадзе многія маладыя хакеісты, якім не дапамагаюць бацькі, развозяць піцу, сушы, працуюць паштальёнамі, цырульнікамі і не саромеюцца гэтага. У нас жа выпускнікі спартовых школ, якія і блізка не падышлі да ўзроўню школы “Юнацтва” часоў Савецкага саюза, аўтаматычна трапляюць у вышэйшую лігу ці экстралігу, іх павінны ледзьве не адразу забяспечыць працай і даць мінімум 500-1000 долараў зарплаты. Гэта хібная практыка, тут трэба тэрмінова нешта мяняць, уводзіць студэнцкія лігі. Я б увогуле адмяніў зарплаты ў вышэйшай лізе.

Еўрарадыё: Якія, на вашу думку, меры варта прыняць, каб выцягнуць беларускі хакей з працэсу стагнацыі?

Уладзімір Беражкоў: Варта спачатку падумаць пра існаванне піраміды. Дзіцяча-юнацкаму хакею трэба выдаткаваць грошы ў першую чаргу. Трэба, каб у юных хакеістаў былі клюшкі, была ежа, быў каляндар, лёд.

Еўрарадыё: У новых лядовых палацах, якіх набудавалі ў правінцыі, маладому дзіцячаму трэнеру прапаноўваюць зарплату меншую за два мільёны рублёў. Нягуста. Ці ёсць яшчэ слабыя звёны, якія спыняюць развіццё беларускага хакея?

Уладзімір Беражкоў: Трэба дабіцца выканання законаў. Клубы павінны накіроўваць сродкі ў спартыўныя школы. Але сістэмы кантролю няма. Чалавека могуць пасадзіць за каласок, а калі крадуць мільёны шляхам злоўжывання службовым становішчам, адказнасці за гэта як правіла не нясуць. Прэзідэнт кажа пра тое, што ў мінскім “Дынама” павінна быць не больш за шэсць легіянераў, але трэці год запар яго ніхто не слухае, усё адно гуляе 10, 12 легіянераў. Беларускі хакей існуе па-за законам. Часта прыходзіш да высновы, што гэта дарагія і абсалютна непатрэбныя забаўкі-дрындушкі для задавальнення нечыіх амбіцый.

Звярну ўвагу, што такога марнатраўства, як у хакеі, больш няма ні ў адным відзе спорту.Трэба стратэгічна перабудаваць сістэму спаборніцтваў. У нас адзін клуб гуляе ў КХЛ, другі захацеў і пайшоў ва УХЛ, збоку прыпёку ― экстраліга, потым яшчэ вышэйшая ліга. Гэта не піраміда, гэта чорт ведае што. Я, напрыклад, нават сам сабе не магу патлумачыць, для чаго і што робіцца ў гэтай сістэме, якія задачы выконваюцца.

Еўрарадыё: Тым не менш “Дынама-Мінск” хваліцца ў тым ліку поспехамі ў плане рынкавага развіцця клуба. І людзі на матчы з удзелам “Зуброў” пайшлі.

Уладзімір Беражкоў: Мінскае “Дынама” ― гэта адзіны клуб у сістэме КХЛ, які фінансуецца выключна за кошт нацыянальнай эканомікі.

Еўрарадыё: То бок за нашы падаткі…

Уладзімір Беражкоў: Не столькі за падаткі, колькі за кошт народнай гаспадаркі. Прадпрыемства “Беларуськалій” ― гэта фактычна бюджэтныя сродкі, якія недаатрымлівае народ ці дзяржава ў выглядзе дывідэндаў. Рыжскае “Дынама”, напрыклад, фармуе свой бюджэт за кошт капіталу “Ітэры” ― дачкі “Газпраму”.

Далей ідзем у Еўропу. “Леў” і “Слован” таксама спансуюць не бюджэты Чэхіі і Славакіі, а кампаніі, якія прадаюць расійскую сыравіну ў Заходнюю Еўропу. І гэта пры тым, што згаданыя клубы ў прынцыпе з’яўляюцца нізкабюджэтнымі. То бок па сутнасці “Дынама-Мінск” ― гэта ярка выражанае стратнае прадпрыемства для беларускай народнай эканомікі. То бок, зыходзячы з гэтага, я б сказаў, што карысці ад мінскага “Дынама” менш, чым шкоды.

Калі б каманду фінансавалі “Газпрам”, дачкі “Газпрама” ці арабскія шэйхі, я б толькі апладзіраваў разам з той публікай, якая запаўняе “Мінск-Арэну”. На жаль, і для нацыянальнай зборнай карысці ад “Дынама” мала і сродкаў клуб адцягвае шмат.

Еўрарадыё: Тым не менш, ва ўсіх беларускіх гульнявых відах спорту няма, напэўна, больш папулярнай каманды, на якую б стабільна прыходзіла паглядзець пад 10 тысяч чалавек…

Уладзімір Беражкоў: Гэта добра, што запаўняецца “Мінск-Арэна”, але трэба сказаць, што ў той жа Рызе квіткі нашмат больш дарагія. Але вельмі добра, што ёсць гэта аўдыторыя, дастаткова актыўная і на інтэрнэт-форумах. Я думаю, што гэтыя заўзятары былі б на “Мінск-Арэне” і пры меншым бюджэце і пры іншых стратэгіях развіцця клуба.

Еўрарадыё: Ці справядліва, што ў Беларусі з усіх відаў спорту так актыўна выцягваюць хакей? Гандбол, у якім былі легендарныя традыцыі, гадамі заставаўся ў заняпадзе.

Уладзімір Беражкоў: У кожнай краіне ёсць свае папулярныя віды спорту. У еўрапейскай іерархіі хакей нават не ўваходзіць у дзясятку. У амерыканскай ён толькі пяты: пасля амерыканскага футбола, баскетбола, бейсбола і бокса.

Але так атрымалася, што ў традыцыях Савецкага саюза, дзе мы працягваем існаваць, хакей быў наперадзе, мы вельмі ганарыліся поспехамі зборнай СССР. І гэтыя традыцыі перайшлі ў нашу сучасную дзяржаўнасць. Я разумею кантэкст і квінтэсенцыю вашага пытання, да чаго яно хіліць. Але справа не толькі ў Лукашэнку.

Калі разглядаць цікавасць да матэрыялаў у “Прэсболе”, то мы бачым па рэйтынгах, па апытаннях, па кліках на сайце, што хакей цікавы нашай аўдыторыі ў другую чаргу пасля футбола. А ў некаторых пазіцыях ён пераўзыходзіць футбольны інтарэс. Гэта такі вось наш феномен. Хоць вы маеце рацыю, што ў сусветным маштабе нават гандбол больш папулярны.

Еўрарадыё: Што можа чакаць наш хакей у найбліжэйшыя гады?

Уладзімір Беражкоў: Калі зараз нічога не зрабіць, калі не замяніць нашу сістэму ад вінціка да вінціка, то будзе дэградацыя і згасанне. Я вызначыў бы, што цяпер у нас хакей хворы, ён наркаман. Трэба тэрмінова лячыць яго, здымаць з іглы, прыводзіць сістэму каштоўнасцяў да стандартаў здаровага сэнсу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)