Общество
Мікола Бугай, «Наша Нiва»

Народны адвакат Сапелка трапіў у рэанімацыю з сэрцам

Ён быў абаронцам Саннікава, і ў яго забралі ліцэнзію.

Гэты паважаны адвакат уваходзіў у склад прэзідыума гарадской калегіі адвакатаў. Але 3 сакавіка яго выключылі не толькі з прэзідыума, але і з калегіі. Гэта здарылася пасля таго, як калегія атрымала адпаведнае прадпісанне Міністэрства юстыцыі.

Павел Сапелка абараняў Андрэя Саннікава, Паўла Севярынца і Змітра Дашкевіча.

Ягоная настойлівасць у рамках гэтых справаў і выклікала гнеў ведамства міністра Галаванава.

Цяпер ён займацца адвакацкай дзейнасцю не можа. Згодна з «Законам аб адвакатуры», адвакацкая практыка павінна адбывацца толькі ў складзе калегіі.

Доўгія гады Сапелка сумленна абараняў у судах многіх палітвязняў і незалежныя выданні. Менавіта яго падабароннымі былі Мікола Аўтуховіч і сябры незарэгістраванай арганізацыі назіральнікаў «Партнёрства».

Мінюст убачыў «грубыя парушэнні правілаў прафесійнай этыкі» ў дзеяннях Сапелкі і шэрагу іншых адвакатаў — акурат тых, якія баранілі маніфестантаў 19 снежня і лідараў апазіцыі.

Павел Сапелка заяўляў, што ініцыятыва яго пакарання сыходзіла ад старшыні КДБ і Мінюста.

Вынікам астракізму сталі праблемы з сэрцам. На шчасце, адваката своечасова даставілі ў рэанімацыю.

Цяпер ягонае здароўе папраўляецца. Найгоршае, кажуць дактары, засталося ззаду. Заўтра яго могуць перавесці ў звычайную палату. Пакуль дактары прасілі нас яго не турбаваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)