Скандалы
Зміцер Панямонаў, Еўрарадыё

Начальнік ДАІ збіў чалавека, а следчыя не знайшлі “падзеі злачынства"

Судова-медыцынская экспертыза не здолела высветліць — у выніку чаго пацярпелы атрымаў пералом

Як стала вядома Еўрарадыё, 15 траўня следчыя Гродзенскай абласной пракуратура завяршылі праверку па факце аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да начальніка ўпраўлення ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама Ігара Смольскага. У распачынанні крымінальнай справы супраць галоўнага ДАІшніка вобласці было адмоўлена.

24 сакавіка непадалёк ад вёскі Алекшыцы Бераставіцкага раёна каля 6 гадзінаў раніцы жыхар Ваўкавыска Сяргей Пічко не “ўпісаўся” ў паварот і ўдарыў машыну аб бардзюр. Кіроўца выйшаў з аўтамабіля і пачаў выклікаць дапамогу па мабільным тэлефоне. У гэты момант яго і збіла машына начальніка абласной ДАІ.

Як паведаміў Еўрарадыё памочнік пракурора абласной пракуратуры Гродна Вячаслаў Ігнацік, следчыя не знайшлі ў здарэнні нават самой “падзеі злачынства” з удзелам падпалкоўніка міліцыі.

Вячаслаў Ігнацік: “Адмоўлена ў распачынанні крымінальнай справы з-за адсутнасці падзеі злачынства”.

Фактычна гэта азначае, што падзея была, але падпалкоўнік нібыта ў ёй удзелу і не прымаў. Больш за тое, гэта ніяк не паўплывае на яго кар’еру — Ігар Смольскі будзе і надалей працаваць начальнікам абласной ДАІ.

Вячаслаў Ігнацік: “Падпалкоўнік, канечне, будзе займаць сваю пасаду. Вы ж зразумейце, што нават у выпадку, калі нейкія неасцярожныя дзеянні і прысутнічалі ў гэтым, то пытанне аб службе прымаецца ў комплексе. Калі службовая асоба такога рангу здзяйсняе злачынства — то тут адназначна. А што тычыцца іншых правапарушэнняў, то ніводны нарматыўны акт не патрабуе тэрміновага звальнення чалавека з працы. Тым больш, калі размова ідзе пра неасцярожныя парушэнні тых ці іншых правілаў. Гэта тычыцца не толькі начальніка ДАІ, але і любой службовай асобы. Чалавек не можа пражыць жыццё ні разу не перайшоўшы вуліцу на чырвонае святло, праўда?”

Гэта пры тым, што дактары Бераставіцкай паліклінікі паставілі пацярпеламу з Ваўкавыска Сяргею Пічко дыягназ “пералом малой галёначнай косткі” і наклалі і гіпс, а падпалкоўніку зашылі левае брыво. Калі паходжанне траўмы міліцыянта зразумелае, то з пераломам у Пічко ўзніклі непаразуменні: гэты вынік першай аварыі ці сутыкнення з машынай Ігара Смольскага?

Дактары Бераставіцкай паліклінікі сёння не хочуць не толькі каментаваць здарэнне, але нават адмаўляюцца называць дыягназ.

Бераставіцкая паліклініка: “Дыягназ — гэта ўжо лякарская таямніца. Як мы можам размаўляць з вамі на гэтую тэму?”

Еўрарадыё: “Але гэтая інфармацыя ўжо была на на сайтах!”

Бераставіцкая паліклініка: “Хай на сайтах і будзе. А калі гэта паведамляецца са спасылкай на канкрэтнага чалавека — навошта гэта трэба?”

У сваю чаргу супрацоўнік Гродзенскай пракуратуры кажа, што судова-медыцынская экспертыза разабрацца з гэтай загадкай не здолела.

Вячаслаў Ігнацік: “Комплексная судова-медыцынская экспертыза адназначнага адказу не дала. Толькі сказалі, што траўмы маглі быць нанесеныя як у выніку першага ДТЗ, так і ў выніку другога. Адназначнага адказу яны практычна не далі. Але сыходзячы з паказанняў пацярпелага следчыя прыйшлі да высновы, што гэтыя пашкоджанні маглі быць атрыманыя ў выніку першага ДТЗ”.

Пацярпелы Сяргей Пічко ў размове з Еўрарадыё пацвердзіў версію пра тое, што пашкоджанні ён атрымаў падчас першай аварыі.

Сяргей Пічко: “Я ўжо ўсё гэта расказаў следчаму: ён (падпалкоўнік Смольскі — аўт.) не вінаваты. Я атрымаў гэтыя пашкоджанні падчас першай аварыі”.

Больш за тое, пацярпелы рады, што міліцыянт пазбег судовага разбору.

Сяргей Пічко: “Я рады. Навошта чалавеку псаваць жыццё і кар’еру — няхай працуе”.

Вось толькі расказаць, ці не перашкаджаў яму “пералом малой галёначнай косткі” хадзіць па праезджай частцы дарогі, што і стала вынікам наезду на яго машыны падпалкоўніка, Сяргей Пічко не захацеў. А следчыя пракуратуры гэтую супярэчлівасць, відаць, проста не заўважылі. Праўда, і не аштрафавалі за парушэнне Правілаў дарожнага руху — што хадзіў па праезджай частцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)