Анастасія Зелянкова
“На жаль, праз Інтэрнет нельга перадаць гарэлку”

Сяргей Навумчык і Леанід Маракоў узнагароджаныя ганаровымі прэміямі ПЭН-цэнтра. Сяргей Навумчык уганараваны прэміяй Алеся Адамовіча за кнігу “Сем гадоў адраджэння”. За энцыклапедычны даведнік “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі 1794 — 1991” Леанід Маракоў атрымаў прэмію Францішка Багушэвіча.

Урачыстае ўшанаванне адбылося ў Чырвоным касцёле. На ўручэнне прэміі прыехла і дачка Алеся Адамовіча Наталля. Праўда, старшыня ПЭН-цэнтра паэт Уладзімір Някляеў чамусьці даручыў ёй узнагародзіць Леаніда Маракова.

— Дык я ж не дачка Багушэвіча, — здзівілася яна.

— Усе мы дзеці Багушэвіча, — пачулася з залі.

Гэткім чынам непаразуменне было выпраўленае.

Леанід Маракоў запэўніў прысутных, што і далей будзе працягваць тэму рэпрэсаваных. Ужо зараз пісьменнік заканчвае новую кнігу. Яна прысвечаная аднаму толькі дню ў гісторыі — 29 кастрычніка 1937 года ў падвалах так званай “амерыканкі” былі расстраляныя каля ста дзячаў беларускай культуры.

— Гэтая кніга будзе сапраўднай сенсацыяй, — кажа пісьменнік. — Там сабраныя звесткі не толькі пра тых, каго расстралялі ў той дзень, але і пра саміх катаў. Мне ўдалося адшукаць іх біяграфіі і нават успаміны гэтых людзей пра тое, як яны катавалі таго ж Чарота ці Чорнага. Чаму ж, скажыце, тыя, хто ў трыццатыя гады вынішчаў лепшых прадстаўнікоў нацыі, павінны спакойна жыць па 70 гадоў недзе на праспекце Леніна ў сваіх пяціпакаёвых кватэрах?

Як прызнаўся Леанід Маракоў, на тое, каб закончыць працу над гэтай кнігай яму нават прыйшлося прадаць сваю машыну.

Другі лаурэат — Сяргей Навумчык — не змог прыехаць на ўрачыстасць. Праз свайго калегу Алеся Лукашука ён перадаў зварот да прысутных, у якім падзякаваў за ўзнагароду і пашкадаваў, што не можа адзначыць яе належным чынам: “Сучасныя сродкі камунікацыі дазваляюць і ў эміграцыі не толькі сачыць за падзеямі ў Беларусі ў рэжыме рэальнага часу, але, у пэўным сэнсе, нават рабіцца іх удзельнікам. Праз Інтэрнет можна пераслаць кнігу, радыёперадачу, фільм — але, на жаль, не гарэлку. Але я спадзяюся быць у Беларусі раней, чым прагрэс ліквідуе гэтую тэхнічную недасканаласць”.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)