Общество
Вольга Слуцкая

На суткі пасадзілі маму Мікіты Ліхавіда і абітурыентку

У раённых судах сталіцы 21 ліпеня разглядаюцца адміністратыўныя справы затрыманых у «маўклівую сераду». Сярод іншых да 10 сутак арышту прыгаварылі маму палітвязня Мікіты Ліхавіда Алену і дзяўчыну-абітурыентку.

Праваабаронца Наста Лойка паведаміла «Салідарнасці» пра тое, што на суд над Аленай Ліхавід нікога не пусцілі, апроч адваката.

— Працэс доўжыўся дастаткова доўга, — расказала Наста Лойка. — Алену Ліхавід, як і іншых людзей, чые справы разглядае суд Цэнтральнага раена, абвінавачваюць па артыкуле 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства і пікетавання). Сведкі сцвярджаюць, што абвінавачаныя заміналі праходу грамадзянаў па вуліцы. Алене Ліхавід далі 10 сутак арышту, як і Вользе Бандарэнка, якая збіраецца паступаць у ВНУ. Дзяўчына выйшла з зала паседжання ў слязах. У яе іспыт 26 ліпеня.

Праваабаронца Наста Лойка прысутнічала на судзе над Вольга Рускай. Дзяўчына выйшла з ГУМу, дзе рабіла пакупкі, і патрапіла ў натоўп. Паказанні сведак — прапаршчыка Аляксандра Лапаціна і старэйшага сяржанта Андрэя Падгубая былі супярэчлівыя. Яны гаварылі на судзе, што людзі хлопалі ў далоні, топалі нагамі і выкрыквалі лозунгі. Праўда, суддзя не ўдакладніла, якія менавіта.

Па інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», у судзе Мінскага раёна і горада Заслаўя разглядаюцца адміністратыўныя справы чатырох чалавек, затрыманых у сераду ў Заслаўі. На Івана Івончыка, Андрэя Клюкіна, Юрыя Паўлава і яшчэ аднаго іх сябра былі складзены пратаколы па артыкуле 23.4 КаАП за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

У судзе Ленінскага раёна будуць разглядацца адміністратыўныя справы затрыманых ужо пасля акцыі маладых людзей, якія прыйшлі на канцэрт у клуб «6А». Сярод іх — Даніла Цеплякоў-Шугалей, Яўген Тарасевіч, Сяргей Баловін, Козіч Кірыл. Усяго было затрымана больш за 10 чалавек.

Людзей судзяць за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП РБ)

Юрый Рыбянец атрымаў 10 сутак , а Мікіта Перагуд аштрафаваны на 25 базавых велічынь.

У судзе Цэнтральнага раёна разглядаюцца адміністратыўныя справы затрыманых учора падчас акцыі, якія былі дастаўлены ў Цэнтральны РУУС сталіцы. Пакуль у суд прывезлі 13 чалавек. Дванаццаці з іх далі ад 10 да 12 сутак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)