«На санкцыі адкажам узаемнасцю»

«Калі Польшча вырашыць не пускаць на сваю тэрыторыю прадстаўнікоў беларускіх уладаў, то Беларусь адкажа ўзаемнасцю», — заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў на сустрэчы з журналістамі ў Брусэлі.

— Калі такое рашэнне будзе прынята, яно будзе няўдалым і Польшча павінна быць гатовая. У нас няма іншага выбару, акрамя як адказаць узаемнасцю, — сказаў Мартынаў , паведамляе TVN24

Кіраўнік дыпламатыі Беларусі таксама заклікаў ЕС не прымаць незваротных рашэнняў: «Мы спадзяемся, што гэта рашэнне не закрые дзверы беларускай знешняй палітыцы, збалансаванай паміж нашымі двума асноўнымі суседзямі, а менавіта Расіяй і Еўрасаюзам».

— Мы верым, што рашэнні ў Еўрасаюзе, якія б не былі, не будуць перашкаджаць развіццю беларускай эканомікі і грамадству, — казаў Мартынаў на сустрэчы.

Кіраўнік МЗС Беларусі растлумачыў, што прыехаў на спатканне з Вярхоўным прадстаўнiком ЕС па знешняй палiтыцы Кэтрын Эштан, "каб праінфармаваць аб праўдзівым ходзе падзей 19 снежня". У адказ на пагрозы з боку прадстаўнікоў ЕС, у тым ліку старшыні Еўрапарламента Ежы Бузэка, што без вызвалення затрыманых апазіцыянераў не можа быць супрацоўніцтва паміж Еўрасаюзам і Беларуссю, Мартынаў параіў "быць добра паінфармаваным".

"Я раю шаноўнаму спадару Бузэку, а таксама сродкам масавай інфармацыі і іншым палітыкам, быць добра паінфармаванымі аб падзеях у Беларусі. Павінны прымаць пад увагу, што была ўжытая сіла толькі ў адказ на гвалт пратэстуючых", — сказаў ён. Мартынаў падкрэсліў, што ўрад "не выкарыстоўваў празмерную сілу" ў дачыненні да дэманстрантаў, не выкарыстоўваў слёзацечны газ, гумовыя кулі, сабак. "А ўсе гэтыя ж меры выкарыстоўваліся паліцыяй у еўрапейскіх сталіцах ў апошнія месяцы. Беларуская міліцыя значна больш лагодная ў адносінах да пратэстуючых", — заявіў ён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)