В мире
Генадзь БУРАЎКIН

На раздарожжы

Кангрэс дэмакратычных сіл, задоўга да яго пачатку абспяваны лідэрамі апазіцыі і абпляваны афіцыйнымі ідэолагамі, адбыўся. Не было бязладдзя і гвалту, якія прадракалі кангрэсу зласлівыя “панарамныя” і “пастскрыптумныя” тэлепрарокі, не было дурных ідэйных боек, якія гарантавалі ў сваіх прамовах самыя кіроўныя дзяржаўныя мужы.

Ні сацыял-дэмакраты, ні бэнээфаўцы, ні камуністы, ні прадстаўнікі АГП не кідалі ў суседскі агарод замшэлыя камяні папрокаў і крыўд, не цягнулі толькі да сябе чысты і высокі сцяг ісціны і праўды. Усе яны думалі і казалі пра лёс Бацькаўшчыны, пра тую дарогу, якая можа прывесці да справядлі-васці і дабрабыту, да росквіту гаспадаркі і культуры. Заклапочанасць сённяшняй сітуацыяй, якая паставіла родную Беларусь на мяжу вымірання і міжнароднай ізаляцыі, прывяла да расколу грамадства, да ігнаравання законаў і вынішчэння апанентаў, да глыбокага духоўнага крызісу і маральнай разгубленасці, сама сабою дыктавала сур’ёзнасць і дзелавітасць дыскусіі, паважлі-васць у адносінах дэлегатаў адзін да аднаго. Не ўсе прамовы былі бліскучыя, не ўсе прапановы бясспрэчныя, але ва ўсім адчуваўся дух аб’яднання і адказнасці. Галоўнае дасягненне кангрэса — не тое, што ён вызначыў адзінага кандыдата на блізкія прэзідэнцкія выбары (хаця і гэта надзвычай важна), а тое, што паказаў і пацвердзіў магчымасць адзінства апазіцыйных партый і арганізацый, у што, прызнаемся шчыра, мала хто верыў яшчэ год-два назад. Зберагчы нялёгка здабытыя салідарнасць і ўзаемаразуменне, паглыбіць і пашырыць іх — вось, як мне здаецца, самая надзённая, сапраўды лёсавызначальная задача беларускіх дэмакратаў… А будзе ім ох як цяжка!.. Да якой нізасці апусцілася “правільная” прапаганда, прадэманстравалі перадачы дзяржаўнага тэлебачання пра кангрэс. У іх практычна не было ні слова сказана пра тое, каго прадстаўлялі дэлегаты, пра што яны гаварылі, якія дакументы прымалі. Але затое з якім “смакам”, з якой езуіцкай радасцю паказвалася ў іх нейкая купка так званых “сексуальных меншасцяў”, што раптам з’явіліся каля Палаца культуры МАЗа! Усе “геі” і “лесбіянкі” былі надзіва добра, зусім прафесійна загрыміраваныя, на іх былі шыкоўныя тэатральныя (ці кінастудыйныя) парыкі, і твары іхнія былі відавочна “артыстычнымі”. Чарговая, дастаткова самадзейная правакацыя. Каб неяк надаць ёй саліднасці, майстры мантажу “прышпілілі” (вядома ж, без спасылкі на месца і час здымак) кадры з Нью-Йорка і Парыжа, Лацінскай Амерыкі і краінаў Балтыі з голымі “натурамі” і адпаведнымі аксесуарамі… Бедныя азаронкаўскія падначаленыя! Нічога іншага не могуць яны супрацьпаставіць нелюбімым апазіцыянерам, акрамя брудных “парнаграфічных” фабрыкацый. Як кажуць, дайшлі да ручкі (прыгадайце выведзены на ўвесь экран у нядзельным выпуску “У цэнтры ўвагі” “лозунг” пра “Беларусь у Еўропу…”). Уяўляеце, што ўсіх нас чакае наперадзе, калі дзяржаўная перадвыбарчая прапагандысцкая машына запрацуе на поўную моц? Да якіх “перлаў” дакоцяцца і Першы нацыянальны, і АНТ. І ніхто не зможа ім адказаць: тэлебачанне і радыё, шматтыражныя дзяржаўныя газеты наглуха зачынены для ўсіх, хто хоць бы ў нечым мае меркаванне, адрознае ад думкі гаспадароў кабінетаў на Карла Маркса, 38. Ужо ў адкрытую, без юрыдычных “фігавых лісткоў” душаць “Народную волю”. Дабіваюць “БДГ”. Практычна забаронены ўсялякія “няправільныя” мітынгі і сходы… Па краіне распаўзаецца бязлітасная, нахабная дыктатура… Не адзін год з блакітных экранаў, са старонак афіцыйных газет нас пераконваюць, што ў Беларусі няма каму заняць вышэйшую пасаду ў дзяржаве, акрамя сённяшняга яе кіраўніка. Яго імя, яго голас, яго твар з туманнай раніцы і да зорнага вечара гучыць у нашых вушах і мільгае перад нашымі вачамі. Іншых няма — ні сярод ягоных крытыкаў, ні сярод ягоных памагатых. Гэта ж трэба дажыцца: у амаль дзесяцімільённага народа адзін чалавек — і цар, і воінскі начальнік, і суддзя, і жнец, і на дудзе ігрэц!.. Я ўважліва слухаў выступленні на кангрэсе кандыдатаў на лідэрства ў прэзідэнцкай гонцы ад дэмакратычнай грамадскасці і міжволі задаваў сабе простае пытанне: хіба яны не вартыя народнай увагі — і Анатоль Лябедзька, і Сяргей Калякін, і Аляксандр Мілінкевіч, і Станіслаў Шушкевіч? (А яшчэ ж у зале сядзелі Васіль Лявонаў, Аляксандр Вайтовіч, Пятро Краўчанка, Уладзімір Колас, Аляксандр Ярашук...) Чаму ім не даюць выступіць перад шматмільённай аўдыторыяй? Чаму б нашаму “правадыру” не выйсці з імі ў прамы эфір і ў сумленным паядынку пераканаць і перамагчы іх сваёй дасведчанасцю, сумленнасцю і выхаванасцю, калі яны сапраўды ў яго вышэйшыя? Чаго ён баіцца? Чаму так сутаргава чапляецца за ўладу?.. У звароце да беларускага народа Кангрэс дэмакратычных сіл запісаў: “Мы жывём у выдатнай краіне — Беларусі з яе старажытнай гісторыяй, пявучай мовай, непаўторнай прыродай і унікальным месцам у сэрцы Еўропы. Нашы продкі перадалі нам славу сусветна прызнаных геніяў — першадрукароў і вучоных, асветнікаў і паэтаў, традыцыі працавітасці і талерантнасці, мужнасці і гасціннасці. Праз войны і нястачы, праз суровыя выпрабаванні на цярплівасць і сумленнасць папярэднія пакаленні нашых землякоў пранеслі святую мару пра волю і заможнасць, нацыянальную дзяржаўнасць і роўнасць між народамі свету. Цяпер лёс роднай Беларусі залежыць ад нас з вамі, ад нашай прынцыповасці і рашучасці, ад гатоўнасці кожнага: рабочага і інжынера, вяскоўца і афіцэра, прадпрымальніка і службоўца, настаўніка і студэнта — выбраць для любімай Бацькаўшчыны дэмакратычны і цывілізаваны шлях да светлай будучыні...” Можна сказаць, што кангрэс азначыў накірунак гэтага шляху і назваў чалавека — Аляксандра Мілінкеві-ча, які павінен зрабіць на ім першыя смелыя крокі. Трэба, каб тыя, хто хоча разумных перамен, хто яшчэ ўсё стаіць на раздарожжы і разважае, куды пайсці — па вытаптаным бальшаку дыктатуры ці па шырокім тракце дэмакратыі, — зрабілі свой выбар і далучыліся нарэшце да патрыётаў, для якіх гонар і годнасць, закон і справядлівасць — не пустыя словы. Тады будзе перамога будучыні...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)