Общество
Марына Коктыш, «Народная воля»

На месцы былых міліцэйскіх катэджаў на беразе Заслаўскага вадасховішча ўжо стаіць дзіцячая вёска «Вытокі»

Ва ўсіх дамах, гаспадарамі якіх да нядаўняга часу з’яўляліся высокапастаўленыя супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, цяпер жывуць шматдзетныя сем’і.

“Пераязджаць было страшнавата...”

Па статуце, дзіцячая вёска “Вытокі” разлічана на сем’і, якія выхоўваюць ад 5 да 10 дзяцей. Паводле слоў некаторых чыноўнікаў, паколькі вёска знаходзіцца ў падпарадкаванні Мінскага раёна, было прынята рашэнне перавезці сюды больш сямей менавіта з гэтага раёна, а не, напрыклад, з тых жа Хойнікаў.

У самым крайнім катэджы, што стаіць на ўездзе ў былы дачны пасёлак “Крынічны”, гаспадарыць сям’я Наталлі Капцюх. Яна з мужам і дзевяццю дзеткамі перасяліліся сюды аднымі з першых.

“Нам яшчэ не прывезлі сушылкі, таму пакуль памытую бялізну развешваем на парэнчы, — кажа Наталля Георгіеўна, запрашаючы на экскурсію па дому. — Гэта — спальня, вось тут — пакой дзяўчынак, а тут жыве наш старэйшы хлопчык.

Мы самі з Маладзечанскага раёна. У нас дзевяць дзяцей: сем прыёмных і двое родных. Яшчэ з намі жыве мой сын. Яму ўжо 20 гадоў, ён інвалід дзяцінства, а тры гады таму яшчэ і пад цягнік трапіў — поўнасцю аднялі правую руку. Ні прыгатаваць, ні абслужыць сябе ён самастойна не можа, таму жыве з намі.

Пакуль з тых сем’яў, якія пасяліліся ў вёсцы “Вытокі”, у нас больш за ўсіх дзетак. Я сюды ўжо прыехала з такой вялікай кампаніяй, а ў некаторых было 3-4 дзіцяці. Але, наколькі я ведаю, хутка колькасць членаў сямей нашых суседзяў павялічыцца — у іх з’явяцца новыя прыёмныя дзеткі”.

Наталля Капцюх кажа, што пакуль іх сям’я не прапісана па новым месцы жыхарства.

“Той дом, дзе мы жылі раней, нам пакінулі, — распавядае Наталля Георгіеўна. —- А тут мы яшчэ не прапісаны, але гэта, мяркую, справа часу. Думаю, усіх адразу будуць прапісваць”.

Наталля гаворыць, што глянец і бляск у катэджы навадзілі самі.

“Мэбля тут амаль уся была, нешта мы з сабой прывезлі, — гаворыць яна. — Усё ў доме працуе, зроблена прыгожа. Самае патрэбнае сюды адразу даставілі, але і цяпер нешта давозяць. Напрыклад, днямі падвезлі прасавальныя дошкі, электрачайнікі, — карацей, розную дробязь. А вось мылі, чысцілі і ўсё расстаўлялі мы самі.

Месца тут добрае, дзецям хораша. Свой дом у нас быў маленькі, для дзевяцярых малых дзетак, там, канешне, было цеснавата. А тут месца хапае ўсім...”

Дзяцей уладкавалі ў Ждановіцкую школу.

“Іх туды і назад возіць спецыяльны аўтобус”, — удакладняе Наталля.

Безумоўна, Наталля Капцюх чула гучную гісторыю пра тое, як у міліцыянтаў адбіралі іхнія катэджы.

“І калі мы сюды пераязджалі, то, шчыра кажучы, было крыху страшнавата, — дзеліцца яна. — А раптам былыя гаспадары прыйдуць? І потым будзеш з гэтымі дзецьмі ляцець невядома куды... Дарэчы, калі мы толькі пераехалі, тут заўсёды была міліцэйская ахова. Здаецца, яе і зараз яшчэ не знялі — калі-нікалі нават ноччу сюды наведваюцца”.

Сёння самыя розныя госці амаль штодзень прыходзяць не толькі да Наталлі Капцюх, але і да іншых жыхароў вёскі “Вытокі”.

“То рабочыя зойдуць нешта праверыць, то з адззела адукацыі зазірнуць, — гаворыць шматдзетная маці. — Выконваючы абавязкі мэра горада прыязджаў, чыноўнікі з Мінаблвыканкама, іншыя...”

І будаўнікі, і новыя гаспадары фешэнебельных дамоў кажуць, што афіцыйнае адкрыццё дзіцячай вёскі “Вытокі” быццам бы запланавана на 20 снежня. Многія перакананы, што ў “Вытокі” абавязкова прыедзе Аляксандр Лукашэнка, з падачы якога і замуцілася гісторыя з канфіскацыяй міліцэйскіх катэджаў.

“Але нам да гэтага візіту яшчэ трэба крышачку добраўпарадкаваць тэрыторыю, — кажуць мясцовыя чыноўнікі. — Няшмат працы, але ёсць”.

Наталля Капцюх распавяла “Народнай Волі”, што “спецыяльна для прэзідэнта” зрабілі фотаальбом з выявамі гэтай вёскі.

“Фатаграфавалі дамы, нас з дзецьмі, — гаворыць Наталля. — Ходзяць размовы, што ён прыедзе на адкрыццё, якое адбудзецца літаральна за тыдзень да Новага года. Таму і імкнуцца тут хутчэй усё дарабіць...”

"Няма куды паставіць другую машыну..."

У сям’і Сяргея Мацулевіча трое родных і чацвёра прыёмных дзетак.

“Мы раней жылі ў Сёмкаве, — распавёў “Народнай Волі” новы гаспадар іншага катэджа. — Там у нас быў свой дом, але аднапавярховы, і пакояў там не так шмат было. Гэты катэдж у параўнанні з нашым — сапраўдны палац! Засяліліся сюды літаральна некалькі дзён таму. Бачыце, нават мэбля яшчэ не распакаваная. І працы па добраўладкаванні дома яшчэ хапае...”

Па неафіцыйнай інфармацыі, у спісе тых, хто мог атрымаць катэдж у пасёлку “Крынічны”, было больш за 50 прэтэндэнтаў. Але па якім прынцыпе адбіралі тыя восем сямей, якія цяпер будуць жыць у вёсцы “Вытокі”, Сяргей Мацулевіч не ведае.

“Мы наогул не думалі, што нешта атрымаем, — гаворыць ён. — І нават не цікавіліся, як трапілі ў гэтыя спісы. Нам проста патэлефанавалі з райвыканкама, сказалі, што ствараецца дзіцячая вёска і калі ў нас ёсць жаданне жыць у іншым доме, то, калі ласка. Мы, зразумела, пагадзіліся”.

Да нядаўняга часу Сяргей у Сёмкаве працаваў у прыватнай фірме, але цяпер звольніўся.

“Зараз працую разам з жонкай, бо ёй адной было цяжкавата, — гаворыць ён. — Мы вырошчваем кветкі і прадаем іх. У нас некалькі кропак па Мінску. Раней яшчэ займаліся садавінай і гароднінай...”

Сяргей Мацулевіч не ведае, каму раней належаў катэдж, у які пераехала ягоная сям’я.

“Чуў, што гэтыя дамы ў некага канфіскавалі, — гаворыць ён. — Былыя гаспадары, здаецца, сюды не наведваюцца. Мы ў дырэктара нашай вёскі нават пыталіся: а што рабіць, калі нехта прыедзе, пачне біць вокны, нешта патрабаваць?.. Ён нас супакоіў, што ўсё будзе добра...”

Шматдзетны бацька па-гаспадарску заўважае, што ў новым доме маюцца некаторыя недахопы.

“Месяц таму, калі нас прывозілі сюды на экскурсію, тут яшчэ нават даху не было, — з усмешкай гаворыць ён. — Зрабілі ўсё хутка, але пэўныя недапрацоўкі засталіся. Вось тут непадфарбавана, на лесвіцы таксама ёсць нюансы, тут плінтус паставілі зламаны... Ёсць і іншыя недахопы. Напрыклад, у мяне дзве машыны. “Бус” не магу загнаць сюды, бо ў гараж заходзіць толькі адно аўто. Другі аўтамабіль, атрымліваецца, павінен стаяць на вуліцы. Але калі аўто на двары, я не магу зачыніць вароты, бо яны ўнутр зачыняюцца...”

На ўсёй тэрыторыі “Вытокаў” яшчэ працуюць будаўнікі.

“Як кіраўніцтва нейкае прыедзе — тут адразу столькі рабочых з’яўляецца... — дзеліцца назіраннямі Сяргей. — А як толькі з’едзе начальства, нікога не знойдзеш...”

Сяргей Мацулевіч спадзяецца на тое, што хаця б палову платы за камунальныя паслугі возьме на сябе дзяржава.

“Не ведаю, ці будзем мы на поўным дзяржзабеспячэнні, — дзеліцца думкамі Сяргей. — Пакуль яшчэ ні за што не плацілі. Думаю, можа, палову альбо працэнтаў трыццаць будзем аплачваць. Бо цалкам аплату газу, атаплення мы дакладна не пацягнем — тут жа такія плошчы!..”

Цяпер тут будзе горад-сад...

Як раней паведамляла “Народная Воля”, два былыя намеснікі міністра ўнутраных спраў Юрый Радзюкевіч і Віктар Філістовіч, як ультыматыўна прапанаваў кіраўнік дзяржавы, разабралі свае катэджы і перавезлі іх у іншыя месцы. Ад іх застаўся толькі фундамент. На тым месцы, дзе раней жыў Філістовіч, зараз актыўна будуецца спартыўная пляцоўка. Паводле слоў чыноўнікаў, адказных за вёску “Вытокі”, там можна будзе “пагуляць у валейбол”, а таксама “будуць пастаўлены тэнісныя сталы, вароты для міні-футбола”.

А там, дзе жыў Юрый Радзюкевіч, будзе забаўляльная пляцоўка. На ёй размесцяцца каруселькі, сцэна для дыскатэкі і лаўкі для гледачоў.

Праўда, як у канчатковым варыянце будуць выглядаць абедзве пляцоўкі, пакуль дакладна не зразумела.

“У нас тут кожны дзень нешта мяняецца, — паскардзіліся “Народнай Волі” будаўнікі, пераходзячы на нелітаратурную мову. — Адзін начальнік прыязджае — кажа адно, другі — другое. А нам спачатку трэба выконваць, а потым перарабляць...”

Погляд збоку

На чужым няшчасці?..

Тыя, хто жыве побач з былымі міліцэйскімі катэджамі, ціха назіраюць, што адбываецца ў іх літаральна за плотам. Некаторыя абураюцца тым, як паступілі з былымі гаспадарамі гэтых дамоў.

“Сама па сабе ідэя пабудаваць вёску для дзяцей-сірат вельмі добрая, — выказалі свае думкі “Народнай Волі” асобныя жыхары пасёлка “Крынічны”. — Але ж можна было ўсё зрабіць па-людску. Напрыклад, пакінуць гэтыя дамы былым гаспадарам, прапанаваўшы ім заплаціць за зямлю па рынкавым кошце, а на атрыманыя грошы пабудаваць сапраўдную дзіцячую вёску. І пасяліць туды не толькі тых, хто жыў у Мінскім раёне, але, можа, нават перавезці туды шматдзетныя сем’і з усіх куточкаў краіны. Тых, хто мае патрэбу ў жылой плошчы. І жылі б яны шчасліва. А так... Як кажа народная мудрасць, на чужым няшчасці сваё шчасце не пабудуеш...”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)