На месцы Аршанскай бітвы будзе ўсталявана памятная шыльда

На шыльдзе з чорнага граніту высечаны словы “Вечная памяць героям Аршанскай перамогі!” Такі надпіс прапанаваў зрабіць пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Эскіз шыльды стварыў мастак Алесь Пушкін.

Шыльда будзе ўсталяваная на вялікім валуне, што ляжыць на беразе рэчкі Крапівенкі. Такім чынам атрымаецца адмысловы помнік пераможцам славутай Аршанскай бітвы, якая адбылася ў гэтым месцы 8-га верасьня 1514 году. Тады войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам Канстанцінам Астроскім перамаглі амаль утрая большае маскоўскае войска, спыніўшы на пэўны час расейскі наступ на Беларусь.

Мяркуецца, што ўрачыстае адкрыцьцё помніка адбудзецца 8 верасня сёлета, падчас штогадовага фэсту беларускай бардаўскай песьні і паэзіі “Аршанская бітва 2007”. Сёлета ён пройдзе 17-ты раз.

Упершыню такі фэст адбыўся ў 1991 годзе зь ініцыятывы вядомага барда Андрэя Мельнікава і гісторыка Юрася Копціка. На “Аршанскай бітве” ў розныя гады выступалі Андрэй Мельнікаў, Віктар Шалкевіч, Алесь Камоцкі, Зьміцер Бартосік, Лера Сом, Зьміцер Сідаровіч, Андрэй Хадановіч і многія іншыя вядомыя беларускія аўтары.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)