Политика

На Кастрычніцкай плошчы прайшла акцыя ў падтрымку палітвязьняў

На Кастрычніцкую плошчу ў Менску выйшлі 9 чалавек у падтрымку беларускіх палітвязьняў, паведамляе Радыё Свабода.

Перад акцыяй на выхадзе з дому затрымалі арганізатара акцыі Паўла Севярынца, а таксама Зьмітра Паліенку і Насту Гусеву.

На акцыю прыйшоў былы палітвязень Мікола Дзядок

Мікалай Дзядок сказаў, што для яго штуршком для пратэсту стаў перавод Сьвятаслава Барановіча на турэмны рэжым. Дзядок ня выключыў, што да Эурапейскіх гульняў пратэстных акцый стане больш.

Міліцыянты здымаюць удзельнікаў акцыі на відэа. Пасьля акцыі затрымалі аднаго ўдзельніка.

Што за акцыя?

Севярынец 21 лютага заклікаў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу з партрэтамі палітвязьняў Сьвятаслава Барановіча, Алеся Юркойця, Міхаіла Жамчужнага і іншых. Прычынай акцыі стаў перавод Барановіча з калёніі ў турму.

Як казаў Свабодзе Севярынец, форум «Свабоду палітвязьняў» вырашыў праводзіць такія акцыі да чэрвеня пад лёзунгам «Хочаце праводзіць Эўрапейскія гульні — выпускайце палітвязьняў!».

Акцыя несанкцыяваная. Севярынец не зьбіраўся прасіць дазвол уладаў на мерапрыемства, бо гэта канстытуцыйнае права, а акцыя будзе ўяўляць сабой «людзей з партрэтамі».

Сьвятаслаў Барановіч у судзе

​Сьвятаслаў Барановіч 12 сакавіка быў асуджаны судом у Менску на 3 гады зьняволеньня за гвалт супраць міліцыянта. Сваю віну вязень прызнаў часткова. Паводле Барановіча, ён думаў, што ўжывае сілу супроць хулігана, які напаў на ўдзельнікаў «маршу недармаедаў».

У 2011 годзе Сьвятаслаў Барановіч ужо быў асуджаны за Плошчу-2010. Тады яму прысудзілі 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году. Да суду Сьвятаслаў Барановіч адбыў некалькі месяцаў за кратамі, праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(23)