«На бульбу» адпраўляюць нават студэнтаў-платнікаў

На збор ураджаю ужо з панядзелка адправяць болей за 16 тысячаў навучэнцаў Віцебскай і Гарадзенскай абласьцей. За месяц працы студэнтам абяцаюць заплаціць каля 400 000 рублеў. Зрэшты, і гэтыя грошы застаюцца пад пытаннем.

Ёсьць меркаванне, што сярэдні беларус зьядае штодзень амаль кіляграм бульбы. Фота jamespiatt.com

Ужо ў панядзелак 6 100 віцебскіх і 10 000 гарадзенскіх студэнтаў, навучэнцаў сярэдніх спэцыяльных устаноў і прафэсійна-тэхнічных вучылішчаў адправяцца на бульбу. 1 800 з іх — студэнты.

Што цікава, «на бульбу» адпраўляюць нават платнікаў.

— 450 чалавек у нас сёлета адпраўляецца: і платнікі, і бюджэтнікі — і тыя, і тыя паедуць. Да трэцяга курса ўсе студэнты. Мы здымаем цэлы курс, і цэлы курс едзе, — распавёў Еўрарадыё кіраўнік студэнцкага прафкаму Віцебскай дзяржаўнай акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны Ўладзімір Аўдачонак.

Гэта ВНУ направіць на палі найбольшую колькасць студэнтаў. У тры разы меней за віцебскую Акадэмію ў калгасы адправіць Гарадзенскі аграрны ўнівэрсытэт, піша «Гродненская правда».

Пазьбегнуць сельгаспрацаў студэнтам складана:

— Уборка сельскагаспадарчай прадукцыі — справа патрэбная. А калі студэнт з нейкіх прычынаў ня можа выехаць, то мы яго пакідаем на працу ўнутры Акадэміі… Тут патрэбныя працоўныя рукі, — кажуць віцебскія прафсаюзнікі.

У Віцебскай вобласьці за тыдзень працаў студэнтам абяцаюць 100 тысячаў рублёў. Аднак навучэнцы, якія мелі вопыт такой працы ў мінулым годзе, кажуць, што нават гэтыя мізэрныя грошы атрымалі ня ўсе.

Зрэшты, як піша «Комсомольская правда в Белоруссии», большасць хлопцаў будуць займацца зусім ня бульбай:

— З бульбай цяпер у асноўным спраўляюцца бульбаўборачныя камбайны, а хлопцы будуць занятыя на ўборцы гародніны, карняплодаў, лёну, — кажуць у віцебскай Акадэміі.

Студэнтаў прымусяць працаваць на палях да кастрычніка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)