На Беларускім радыё забаранілі Цоя і Аляксандра Рыгоравіча

Як паведаміла «Белсату» карэспандэнтка Першага каналу Беларускага радыё, адміністрацыя распрацавала для працаўнікоў спіс песняў і выразаў, якіямусяць не трапіць у эфір.

– Перш за ўсё, гэта “Перамен” Віктара Цоя, – кажа яна. – Апошні месяц вельмі шмат людзей замаўлялі яе – раней такога не было. І яшчэ песні “Ляпісаў” – “Грай” і “Belarus freedom”.

Суразмоўца адзначае, што гэтыя кампазіцыі далучылі да ранейшых забаронаў гуртоў “N.R.M.”, “Крамбамбуля”, “Крама” ды інш.

– У нас у эфіры здарылася сітуацыя, калі слухач настойваў, каб уключылі “Перамен”. Вядоўца папрасіў прабачэння, але адмовіў. Тады слухач спытаў: “У вас пачалася цэнзура?” Вядоўца не ведаў, што яму адказаць, таму проста выключыў чалавека з эфіру.

Апроч таго, на працоўным стале кожнага радыёвядоўцы цяпер вісіць раздрукоўка забароненых для вымаўлення ў эфіры словаў:

– Пасля выпадку з Шосам Аляксандрам Рыгоравічам на “Руском радио” дырэкцыя сабрала нараду, дзе нам патлумачылі, што вымаўляць у эфіры “ШОС” ці проста “Аляксандр Рыгоравіч” забараняецца. Зараз усе паведамленні ад слухачоў некалькі разоў перачытваюць, перш чым пусціць у эфір.

Каардынатар праекту “Тузін Гітоў” Сяргей Будкін кажа, што такому рашэнню кіраўніцтва радыё немагчыма адшукаць лагічнае тлумачэнне:

– Я перакананы, што гэтая забарона стане дадатковаю рэкламаю для музыкаў. Гэтак ўжо было раней. І беларускім музыкам толькі на карысць ішоў імідж забароненых спевакоў – тады да іх большая цікавасць з боку слухачоў.

Што да забароненай песні Цоя, то эксперт лічыць, што яна сапраўды можа стаць гімнам пераменаў у Беларусі.

– Яна цяпер вельмі часта гучыць з аўтамабіляў. Цікава, што ў савецкія часы яе таксама спрабавалі забараніць. Але праз столькі гадоў яна застаецца актуальнаю, – кажа суразмоўца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)