Политика

МЗС Літвы заяўляе, што не раскрывала банкаўскіх рахункаў Бяляцкага

Міністэрства замежных спраў Літвы не прымала ўдзел у рассакрэчванні банкаўскіх рахункаў кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага – пра гэта Радыё Рацыя заявіў прэс-сакратар літоўскага МЗС Мідаўгас Лашас.

Між тым, у сваёй заяве, якая таксама з’явілася ў першай палове пятніцы, Праваабарончы цэнтр «Вясна» выказаў шкадаванне, што «дзяржаўныя органы Літоўскай Рэспублікі стварылі спрыяльныя ўмовы для з’яўлення крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Бяляцкага». Тым часам Міністэрства замежных спраў Літвы выказала «рашучы пратэст супраць затрымання кіраўніка беларускай няўрадавай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага і дзеянняў, скіраваных супраць праваабарончай арганізацыі, якую ён узначальвае».

– Літва разам з партнёрамі ў ЕС будзе прадпрымаць далейшыя дзеянні для вызвалення палітзняволеных у Беларусі, — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце літоўскага МЗС, паведамляе БелаПАН.

Еўрапарламент заклікае вызваліць беларускага праваабаронцу

Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек заклікаў улады Беларусі вызваліць вядомага праваабаронцу Алеся Бяляцкага.

– З вялікай заклапочанасцю я даведаўся, што беларускія ўлады працягваюць прыгнятаць людзей, якія змагаюцца за свае асноўныя правы. Захоп людзей на вуліцах вяртае нас у цёмнае камуністычнае мінулае, і мы не жадаем, каб яно калі-небудзь паўтарылася зноў. Гэта непрымальна для нашага кантынента ў XXI стагоддзі, — цытуе Бузека яго прэс-служба.

Кіраўнік Еўрапарламента заклікаў афіцыйны Мінск вызваліць Алеся Бяляцкага і іншых «несправядліва затрыманых палітзняволеных».

– Такія рэпрэсіўныя дзеянні толькі больш згуртуюць людзей дзеля канчатковай мэты — свабоды і волі. Урэшце, перамены прыйдуць у Беларусь, як яны прыйшлі на берагі Паўночнай Афрыкі, — перакананы Бузек.

Ён таксама падкрэсліў, што «Еўрапарламент заўсёды займае бок беларускага народа».

4 жніўня Алесь Бяляцкі пасля допыту ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю (КДК) быў узяты пад варту. Паводле наяўнай інфармацыі, Бяляцкі затрыманы на трое сутак у якасці падазронага па справе, распачатай на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

КДК сітуацыю не каментуе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)