Общество
Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

Мясніковіч не заходзіў, а яго ахоўнік паеў бліноў (фота)

Еўрарадыё наведала выбарчы ўчастак у Драздах, дзе галасуюць першыя асобы краіны.

Схаваны сярод шыкоўных маёнткаў элітнага пасёлка, 514-ы “VIP-участак” у Драздах выглядае кампактна. Усяго дзве кабінкі для галасавання, дзве скрыні для бюлетэняў, чатыры сябры камісіі разам са старшынёй і адзін назіральнік. Дзесьці мусіў быць і адзін міліцыянт, але карэспандэнт Еўрарадыё яго так і не пабачыў.

З вядомымі асобамі Еўрарадыё размінулася. Паводле слоў старшыні выбарчай камісіі, прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, кіраўнік Мінскай вобласці Барыс Батура і дзейсны дэпутат парламента Мікалай Самасейка прагаласавалі з самай раніцы.

Старшыня камісіі: “Гэта заўсёды бывае нечакана. Часцяком, праўда, можна заўважыць, як нехта пад’язджае. Але без інфармавання — яны, як і кожны іншы выбаршчык, маюць права ў любы час прыехаць на ўчастак”.

І ўпэўнівае, што ніякай нервовасці на ўчастку з-за таго, што ў любы момант можа зазірнуць чарговы VIP, няма. Умовы, маўляў, камфортныя, працэс наладжаны, людзі ідуць і выконваюць свой грамадзянскі абавязак.

Праўда, выконваць яны яго не спяшаюцца. Ці то надвор’е не спрыяе грамадскай актыўнасці, ці то ў элітным пасёлку доўга спяць. Але за амаль 40 хвілін, што карэспандэнт Еўрарадыё прысутнічаў на ўчастку, на яго зазірнула ўсяго 6 выбаршчыкаў.

Жанчына сталага ўзросту расчаравана прызнаецца: той, за каго хацела галасаваць, зняўся.

Жанчына: “Ведаеце, там жа два чалавекі “выбылі”. І адзін з іх — той, за каго я хацела галасаваць. Выпала абраць іншага чалавека”.

Еўрарадыё: А вы ведаеце таго чалавека, за каго аддалі свой голас, яго праграму?

Жанчына: “Вой, малады чалавек!”

Добра апрануты мужчына прызнаецца: заклікі не хадзіць галасаваць чуў. Але лічыць, што “ўвязацца ў палітыку” хоць часова мусіць кожны — хаця б на час выбарчай кампаніі.

Мужчына: “Я не вывучаў іх праграмы — па часе не атрымалася. Таму стаяў перад выбарам: альбо галасаваць супраць усіх, альбо — каму сімпатызуеш”.

Еўрарадыё: І знайшоўся той, каму вы аддалі свае сімпатыі?

Мужчына: “Нікога не ведаючы — супраць усіх. Вось так вось!”

Да ўчастку пад’язджае малады хлопец на шыкоўным джыпе. І найперш падыходзіць да стэнда з фотаздымкамі кандыдатаў.

Еўрарадыё: Вы толькі цяпер знаёміцеся з тымі, за каго можна прагаласаваць?

Хлопец: “Так, толькі цяпер”.

Еўрарадыё: А іх праграмы будзеце па-хуткаму праглядаць — што яны абяцаюць, прапануюць?

Хлопец: “У мяне ёсць вопыт у апазнаванні людзей. Я і так дакладна магу вызначыць, за каго буду галасаваць — за самага маладога”.

Увогуле ж на ўчастку было ціха і спакойна. Не дзіўна, што дзяўчынка-назіральніца з БРСМ нічога вартага яе ўвагі не заўважыла.

Назіральнік: “Наконт працы камісіі ў мяне ніякіх заўваг няма — усё праходзіць у рамках, як і павінна быць”.

Адзінае, што яе ўсхвалявала, — наведванне ўчастка вышэйшымі асобамі. Кажа, першы раз і так блізка!

Сумавалі і прадаўшчыцы ў павільёне выязнога гандлю. Тым больш што “VIP-выбаршчыкі” да іх нават не зайшлі. Толькі адзін з ахоўнікаў Мясніковіча заскочыў і, пакуль шэф галасаваў, з’еў порцыю бліноў. Сумаваў і шашлычнік. Ён нават мангал не распаліў — дождж, ды і наведвальнікаў няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)