Политика
Анастасія Зелянкова

“Мяне яшчэ ўчора павіншавалі з перамогай”

У інтэрв’ю “Салідарнасці” экс-кандыдат у дэпутаты Сяргей Антусевіч расказаў, чаму вынікамі галасавання ўлада зрабіла сабе толькі горш і навошта было ўдзельнічаць ў гэтых выбарах.

— Дык, што ўсе ж такі адбылося ўчора?

— Фактычна мы і казалі, што для нас будзе важны не той вынік, які ў лічбах, а тое, ці будзе сапраўдным падлік галасоў. Адбылося тое, што адбылося. На большасці участкаў маёй акругі падліку галасоў сапраўды не было.

Так, весці гэтую кампанію было натуральна, крыху лягчэй, бо не было таго звычайнага ціску на актывістаў, не было такога моцнага адміністрацыйнага рэсурсу. А самае галоўнае — гэта першая кампанія, дзе была велізарная зваротная сувязь з грамадствам.

Дарэчы, яшчэ учора пасля 20-й гадзіны мне патэлефанавала адна выбаршчыца і павіншавала з перамогай. На што я адказаў, што яшчэ вельмі рана пра гэта гаварыць, бо невядомыя нават папярэднія вынікі. Аднак яна сказала, што не сумняваецца ў маёй перамозе, бо ўсе, каго яна ведае, галасавалі менавіта за мяне. Таму без варыянтаў...

Гэта, канешне, натхняе і дадае аптымізму. Прынамсі, можна сцвярджаць, што не такія ўжо ў нас безнадзейныя кандыдаты, як гэта падавалася СМІ.

— Але ж вынік усё роўна ніякі… Можа, сапраўды, не было сэнсу ўвязвацца ў гэта?

— Ну не такі ўжо ён і ніякі. Па-першае мы адпачатку ішлі, выдатна разумеючы, што закон не зменены, няма гарантаванага права быць прадстаўленымі ў акруговых камісіях і інш. Магчыма, менавіта тады і трэба было зварочваць гэтую кампанію і спыняць у ёй удзел. Тое ж рашэнне Сойма партыі БНФ пра няўдзел у выбарах было прынята вельмі позна. Рабіць гэта, калі ўжо пачалася праца, выглядала вельмі неразумна.

— Але ж дзе абяцаныя апазіцыі месцы ў парламенце?

— І я спадзяваўся на тое, што ў нас ёсць неблагія шанцы, каб стаць дэпутатамі “палаткі”. Вось чытаеш сёння ў СМІ, пра тое, якія наіўныя былі нашы кандыдаты, як дзіўна, што яны на нешта разлічвалі. Натуральна спадзяваліся. Думалася, што ўлада, крыху адкруціўшы гэтую гайку — не саджаючы людзей на суткі, даючы друкавацца, агітаваць, — пойдзе ўсё ж на пэўныя саступкі да канца.

Але ж гэтага не адбылося. Абяцанне правесці выбары адкрыта і справядліва аказаліся не выкананымі на фінальным акордзе гэтай песні пад назвай “Выбары”.

— Дык сам жа прэзідэнт намякаў на тое, што апазіцыянеры будуць у парламенце. Камісіям забылі давесці загад ці думалі, што яны і самі здагадаюцца?

— Натуральна, што гэта ўстаноўкі мясцовых уладаў, якія кантралююць гэты працэс і адказваюць галавой за вынік на сваіх “падначаленых” тэрыторыях. Зразумела, ім быў непатрэбны гэты галаўны боль. І лепш было зрабіць “як звычайна”, чым адпусціць гэты працэс.

Гэта было відаць ужо па настроях участковых камісіяй. Мне было цяжка нават атрымць дадзеныя па колькасці бюлэтэняў, па колькасці прагаласаваўшых датэрмінова. Прыходзілася па некалькі разоў звяртацца ў камісіі. Бачна было, як улады мітусіліся, баючыся, што не будзе яўкі, як прымусова заганялі на датэрміновае галасаванне рабочых студэнтаў.

Учора абсалютна абсурдныя былі папярэджанні назіральнікам. Напрыклад, за тое, што чалавек сышоў у прыбіральню. Казалі: “Вас тут пасадзілі назіраць, а вы немаведамі дзе ходзіце!”

Ужо ўчора было зразумела, што камісіі фармальна адносяцца да сваіх абавязкаў і пасаджаныя туды толькі дзеля таго, каб сказаць свой “одобрямс” таму, што адбываецца. Пра што тут можна казаць, калі ў сярэдзіне дня пішуць справаздачу пра тое, што выбары адбыліся і падлік галасоў прайшоў у адпаведнасці з нормамі выбарчага кодэксу? Але ж зафіксаваць гэта ўсё, адсачыць магчыма было ў нашых умовах толькі ідучы да канца, маючы абсалютна нармальную матывацыю кандыдата.

— Якую выснову можна з усяго гэтага зрабіць?

— Улада сама заганяе сябе ў кут. Гэта тое самае, што заціснуць усе пальцы ў ціскі, а потым адпусціць адзін палец і сказаць, што ўжо ёсць палёгка і бачны прагрэс. Але ж рука ўсё роўна застаецца заціснутай і зрабіць ніякіх рухаў немагчыма.

Усе працэсы, якія адбываліся, засталіся на тым жа месцы, што і да выбараў. Не даўшы нармальна правесці да канца гэтую кампанію, улада сама зрабіла сабе горш. Народ таксама не дурны, людзі разумеюць, што адбываецца. А я ўжо казаў, што сацыяльная база, якая была раней, разбурана, людзі абсалютна не давяраюць уладзе, не давяраюць дэпутатам. Калі б нават некалькі чалавек ад апазіцыі прайшлі ў парламент, у людзей з’явілася б надзея, што не ўсё страчана і можна нейкім чынам уплываць на гэты працэс.

Адзінае, пра што я шкадую – тое, што гэтымі крокамі людзей яшчэ больш заганяюць у апатыю, дадаюць пачуццё безвыходнасці. Але гэта фактычна яшчэ адзін цвік у труну, якую робіць сабе гэты рэжым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)