«Мы — пераможаныя, бо бедныя і зняважаныя»

Васіль Быкаў пра тое, чаму пераможцы і пераможаныя памяняліся ролямі.

З інтэрв’ю пісьменніка Радыё Свабодзе, якое Васіль Быкаў даў у 2002 годзе.

«Трохі нават дзіўна — столькі год, а ўсё помніцца. Найбольш, аднак, тымі, хто стаўся ахвярай — нашымі народамі, што на ўсход ад Нямеччыны. Немцы, як я зразумеў, хацелі б гэтую дату як мага хутчэй забыць. І гэта іх права, бо яны пацярпелі паразу. Параза, як вядома, малапрыемная рэч.

Але гісторыя парадаксальная па сваёй сутнасці. І так сталася ў часе, што пераможцы і пераможаныя нібы памяняліся ролямі. Яны — бы пераможцы, а мы — сапраўды пераможаныя, бо бедныя і зняважаныя.

Чаму так? Але гэта пытанне для нас. Немцы на яго даўно адказалі. А мы не навучаныя разважаць гэткім чынам, мы задавольваемся старэчай эўфарыяй ад даўняй перамогі, якая на справе ёсць перамога не нашая.

А чыя — во гэта таксама пытанне, на якое наша грамадская думка дагэтуль не мае выразнага адказу. Можа баімося? Ці гэткія дурні, што не разумеем? Ці нам не даюць зразумець...

Але ж зразумець — ужо палова шляху да ісціны. Відаць, другую палову суджана прайсці не нам». 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)