Общество
Ігар Карней, Радыё Свабода

«Мой пляменнік не злачынца»

У дзень салідарнасці з палітвязнямі маральную падтрымку экс-кандыдату ў прэзідэнты Ўладзіміру Някляеву выказвае Алена Магер – 82-гадовая цётка паэта і палітыка, якая жыве на ягонай радзіме ў мястэчку Крэва на Смаргоншчыне.

Два гады таму, у красавіку 2009-га, у атачэнні шматлікіх крэўных Уладзімір Някляеў віншаваў сваю любімую цётку Алену з юбілеем. Тосты за здароўе і дабрабыт перараслі ў імправізаваныя публічныя чытанні – на суд родных была прадстаўленая паэма пад назвай "Вялікдзень", таксама прысвечаная цётцы.

Сёлета, хутчэй за ўсё, дзень нараджэння для Алены Аляксандраўны абыдзецца без пляменніка:

– Ён тут нарадзіўся, у Крэве, пачыналі тут хадзіць у школу, бо ў яго ж яшчэ і брат ёсць. А пасля ўжо пераехалі ў Смаргонь, дзе бацька, свёкар мой, аддаў адзін канец дому. Ну, а потым ужо паехаў у Менск, там вучыўся. Выйшаў чалавек як трэба. І вось здарылася ж такая непрыемнасць… Бог яго ведае, чаму так павярнулася. Але ж я вам скажу, што ў жыцці ўсялякае бывае – нехта і п'яніца, і жулікаваты, а гэта ж хлапец ад душы! Ад душы. Я ж сама не дурная, бачу. І тут такое яму гора! У чым ён вінаваты – зусім гэтага не разумею.

Алену Магер у Крэве ведаюць усе. Як некалі згадваў сам Уладзімер Някляеў, яна – першая ў мястэчку верніца, спявае ў царкоўным хоры, крэўскі бацюшка яе ўсяляк расхвальвае. А ў кампанію прэзыдэнцкіх выбараў гэтая ўвага яшчэ больш вырасла. Толькі вось — ці на шчасце?

– За людзьмі сёння не зразумееш, каму што падабаецца, а каму – не. Але як з майго разумення, то чалавек з усіх бакоў станоўчы. Прыедзе, паздароўкаецца, пажартуе дасціпна. Я смяялася: як памру, то хаця прыяжджайце. Дык ён кажа: “Цётачка, з таго свету дастанем цябе, не будзеш там у самоце. Бо ты ж у мяне, цётачка, адна тут”. А я кажу, што і там адна не буду, бо ўжо ж гаспадар мой там і сын старэйшы таксама. Таму свайго гора мела, спагадаю кожнаму. Ну, а ён жа ў гэтым баку сапраўды амаль адзін: няма ж ужо ні бацькі, ні маткі, брат толькі ў Смаргонях. Няма асабліва куды і вяртацца. Але едзе, дзе жыў. Паходзіць па полі, да замку пойдзе, навокал усё абыдзе. І трэба ж такое гора атрымаць! Што ж зробіш, кожнаму, відаць, наканавана сваё гора адбыць

Алена Аляксандраўна перажывае, што з адной турмы пляменнік пераехаў у іншую. Ды яшчэ ахоўнікаў з сабой "прыхапіў":

– Вось гэтага, я вам скажу, не разумею. Хоць я ўжо і старая баба, шмат у чым не разбіраюся, але ж гэта не злачынца. Казала і кажу: каб гэта які быў нягоднік ці скандаліст. А то ж самастойны, паважаны чалавек! Дзе куды трэба, дык завуць, каб выступіў. І да нас у школу летась прыяжджаў, паклікалі. Вакол да яго людзі ставіліся як мае быць. Чаму цяпер такі няшчасны, што яшчэ два міліцыянеры пільнуюць?

Спадарыня Алена лічыць ненармальнай сітуацыю, калі людзі хочуць прагаласаваць за таго, хто ім падабаецца, але баяцца:

–У людзей усяго ёсць, усялякіх страхаў. І, шчыра кажучы, я сама перажывала, каб да маіх сыноў з-за гэтага сваяцтва не пачалі чапляцца. Бо ніхто і разбірацца не будзе, што тут да чаго. Як тады, што ў царкву не хацелі пускаць. Бацюшка ж сказаў: “Я не маю права ні ад кога царкву зачыняць, хто хоча, той ідзе”. Але ж хтосьці ўжо западозрыў нешта, не хацелі сабе непрыемнасцяў. А калі чалавек да споведзі прыходзіў, таксама не пускаць?

Гэта спадарыня Алена згадвае адзін з апошніх перадвыбарных прыездаў Уладзімера Някляева, калі мясцовага бацюшку выклікалі ў Смаргонскі райвыканкам на "гутарку" – маўляў, ніякай самадзейнасці. Параілі нават зачыніць царкву на час знаходжаньня Някляева ў Крэве. Гэта пры тым, што царква, якую будавалі ў тым ліку дзяды і прадзеды Някляева, дзейнічала нават пад акупацыяй.

Карэспандэнт: "Наўрад ці Ўладзімер Пракопавіч мае шанец цяпер пачуць ваш голас, але што бы вы яму пажадалі?"

– Ну што ў гэтай сітуацыі можна пажадаць? Толькі найлепшага, здароўя моцнага. Каб выйшаў, на рабоце каб зноў апынуўся. І каб спаткацца зноў, як тады сам казаў: “Цётачка, з таго свету прывязём, не будзеш там ляжаць”. Бо як прыяжджаў, заўсёды неяк весялей рабілася. Мне ўвогуле пашанцавала: і гэты, хоць і пляменнік, добры, і свае сыны выраслі добрыя, нічога не скажаш...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)