Скандалы

“Мне было заяўлена, што гэта “выпадковасць”

Андрусь Клікуноў, які на нядаўніх выбарах выконваў ролю даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты палаты прадстаўнікоў Алеся Міхалевіча, накіраваў скаргу на імя старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай.

“Я, Клікуноў Андрэй Валер’евіч, прыйшоў 28.09.2008 г. прыкладна а 15.45 на выбарчы участак №632 па Уручскай выбарчай акрузе №109, каб прагаласаваць на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Па прад’яўленні пашпарту мне быў выдадзены бюлетэнь для галасавання. У кабінцы для галасавання, пасля запаўнення бюлетэня, я заўважыў, што выдадзены мне бюлетэнь НЕ ПАДПІСАНЫ ніводным членам участковай выбарчай камісіі №632, як таго патрабуе заканадаўства РБ.

На мой зварот да члена участковай камісіі, які выдаваў бюлетэні па маім адрасе і выдаў мне непадпісаны бюлетэнь для галасавання, мне было заяўлена, што гэта “выпадковасць”. Я звярнуў увагу членаў выбарчай камісіі на відавочнае парушэнне заканадаўства і папрасіў выдаць мне падпісаны бюлетэнь. Да агромнага здзіўлення, у члена выбарчай камісіі, які выдаваў бюлетэні па маім адрасе, не апынулася НІВОДНАГА падпісанага бюлетэня. Усе бюлетэні былі НЕПАДПІСАНЫЯ. Давялося звяртацца да суседак гэтага члена участковай камісіі з просьбай ЗНАЙСЦІ падпісаны бюлетэнь. Пасля таго, як такі бюлетэнь быў нарэшце знойдзены, непадпісаны бюлетэнь быў забраны ў мяне (ужо з маім голасам!!!) членам участковай выбарчай камісіі №632, які выдаў мне гэты бюлетэнь. Пры гэтым не было складзена НІЯКІХ актаў, як таго патрабуе заканадаўства РБ. Замест непадпісанага бюлетэня мне быў выдадзены бюлетэнь для галасавання, падпісаны двума членамі участковай выбарчай камісіі №632. Пасля таго, як я ўсё ж прагаласаваў, я звярнуўся да намесніцы старшыні участковай выбарчай камісіі №632 з заўвагай пра выяўленае мной парушэнне заканадаўства РБ падчас правядзення галасавання на участку для галасавання №632. Мне было адказана, што гэта была выпадковасць, і што ўсе бюлетэні на ўчастку падпісаныя належным чынам. Пры гэтым мы прайшліся разам уздоўж членаў участковай камісіі, якія прадэманстравалі нашмат больш тонкія, чым былі да гэтага, стосы з нескарыстанымі бюлетэнямі для галасавання, якія былі ўжо падпісаныя належным чынам. У прысутнасці намесніцы старшыні участковай выбарчай камісіі №632 член участковай камісіі, які выдаў мне непадпісаны бюлетэнь для галасавання і яго суседкі пацвердзілі факт выдачы мне непадпісанага бюлетэня і сцвердзілі, што гэта была выпадковасць.

Падчас далейшага назірання на гэтым выбарчым участку ў якасці даверанай асобы кандыдата Міхалевіча А.А. я не заўважыў, каб хто-небудзь з выбаршчыкаў меў непадпісаны бюлетэнь. Аднак падчас працэсу падліку галасоў з вуснаў старшыні участковай выбарчай камісіі №632 прагучала дзіўная просьба да членаў участковай выбарчай камісіі №632 аддаваць яму ўсе бюлетэні для галасавання, на якіх стаіць АДЗІН подпіс членаў выбарчай камісіі (паводле заканадаўства РБ такія бюлетэні таксама несапраўдныя, як і непадпісаныя). Шэраг членаў выбарчай камісіі, падчас падліку галасоў выбаршчыкаў, у прысутнасці назіральнікаў, УСЛЫХ пацвердзіў наяўнасць такіх бюлетэняў для галасавання.

На маё пытанне да старшыні участковай выбарчай камісіі №632 пра наяўнасць бюлетэняў з адным подпісам мне было ім заяўлена, што подпісы ставяцца на краі бюлетэня, і таму на некаторых ён проста “не заўважыў”, што не паставіў свой подпіс. На мой погляд, такія дзеянні з’яўляюцца праявай халатнасці з боку старшыні участковай выбарчай камісіі №632 і патрабуюць прававой ацэнкі з боку праваахоўчых органаў.

У сувязі з выяўленымі мной парушэннямі на выбарчым участку №632, прашу Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэферэндумаў:

1) ініцыяваць правядзенне ПЕРАПАДЛІКУ бюлетэняў для галасавання на выбарчым участку №632 ва Уручскай выбарчай акрузе №109 з мэтай выяўлення колькасці непадпісаных бюлетэняў і бюлетэняў з адным подпісам члена выбарчай камісіі №632, якія з’яўляюцца несапраўднымі, у прысутнасці незалежных назіральнікаў і давераных асобаў кандыдатаў у дэпутаты па Уручскай выбарчай акрузе №109;

2) даць прававую ацэнку выдачы непадпісанага бюлетэня выбаршчыку на выбарчым участку №632 ва Уручскай выбарчай акрузе №109 і наяўнасці бюлетэняў з адным подпісам члена выбарчай камісіі №632;

3) ініцыяваць прыцягненне да адказнасці асобаў, вінаватых у дапушчэнні выяўленых парушэнняў у працэсе падрыхтоўкі бюлетэняў для галасавання на выбарчым участку №632 ва Уручскай выбарчай акрузе №109”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)