Міхалевіч: Для беларускіх уладаў працаваць з Інтэрполам стала нашмат цяжэй

Юрыст — пра працу Беларусі з Інтэрполам і ў якіх краінах небяспечна беларусам, калі ў іх адбяруць грамадзянства Беларусі.

— За апошнія гады ў працы афіцыйнага Мінска з Інтэрполам змянілася дастаткова шмат. Інтэрпол да афіцыйнага Мінску ставіцца з вялікім недаверам, — кажа Алесь Міхалевіч у інтэрв’ю Позірк. — Зараз для беларускіх уладаў, каб кагосьці падаць у Інтэрпол, трэба выканаць розныя танцы з бубнамі. Напрыклад, замяніць артыкул, бо ёсць загадзя непрахадныя артыкулы — гэта ўсе, што тычыцца экстрэмізму, падрыхтоўкі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і г.д.

Алесь Міхалевіч

Таму для беларускіх уладаў сітуацыя стала нашмат горш, а для грамадзянскай супольнасці нашмат менш.

Але мы павінны разумець: калі хтосьці вельмі моцна патрэбны, можна і артыкул правільна прыдумаць, і дакументы прыгожыя падрыхтаваць, таму мы павінны быць гатовыя.

Таксама юрыст адзначае, што Нямеччына на аўтамаце адмаўляе ў экстрадыцыі ў Беларусь нават не перадаючы дакументы ў суд. У Польшчы справа даходзіць да суда, але чалавек практычна ніколі не сядзіць у турме ў гэты час.

— Нават такія краіны, як Кіпр ці Балгарыя, якія яшчэ нядаўна былі адносна прыхільныя да таго, каб выдаваць людзей у Беларусь, перасталі гэта рабіць: іх суды прымаюць рашэнні, якія базуюцца на падставе парушэння правоў чалавека ў Беларусі і што Беларусі нельга давяраць, бо чалавека там не будзе чакаць справядлівае судовае разбіральніцтва.

Апроч гэтага, Міхалевіч кажа, што рабіць беларусам, якіх па новым заканадаўстве могуць пазбавіць беларускага грамадзянства.

— Перш за ўсё я раю знаходзіцца ў демакратычных краінах, бо там ёсць travel-дакумент бежанца, таксама амаль ва ўсіх краінах ёсць дакумент-пасведчанне асобы без грамадзянства.

Таму калі знаходзіцца ў нармальнай краіне, яна дасць чалавеку або статус бежанца, або гэтае пасведчанне з відам на жыхарства. У ААЭ, напрыклад, увогуле не прызнаюць travel-дакумент бежанца.

Таксама калі абнуляванне грамадзянства адбудзецца ў Турцыі, ААЭ ці ў нейкай азіяцкай краіне, могуць быць вельмі сур’ёзныя праблемы. У краінах ЕЗ, Канадзе, ЗША ніякіх сур’ёзных праблем не павінна ўзнікнуць, або па меншай меры іх можна будзе вырашыць, — падкрэслівае юрыст.  

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)