Общество
Зьміцер Панкавец, ”Наша нiва”

Мітрапаліт Кандрусевіч асьцярожна раскрытыкаваў улады

10 лістапада — першая гадавіна кананічнага ўступленьня на пасаду мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. З гэтай нагоды была скліканая прэс-канфэрэнцыя, дзе сьвятар падзяліўся дасягненьнямі і няўдачамі беларускага Каталіцкага Касьцёлу за гэты час, а таксама крыху расказаў пра далейшыя пляны.

Ці не ўпершыню з моманту ўступленьня на пасаду мітрапаліта Тадэвуш Кандрусевіч асьцярожна раскрытыкаваў дзеяньне ўладаў. «Касьцёл сёньня ў цяжкой сытуацыі. У Менска-Магілёўскай дыяцэзіі мы маем 110 парафій, але толькі каля 90 касьцёльных будынкаў. Нялёгка атрымаць дазвол на рэгістрацыю, дазвол на будаўніцтва храму. Часамі адказы абсалютна незразумелыя. Кажуць, што ў парафіі мала вернікаў», — гаворыць Т.Кандрусевіч.

Мітрапаліт зьвяртае ўвагу на складанасьць з колькасьцю сьвятароў. На сёньня ў дыяцэзіі прыкладна сто ксяндзоў. Дзьве траціны зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі, траціна — замежнікі. На думку Кандрусевіча, гэта вельмі мала, каб весьці паўнавартасную душпастарыскую дзейнасьць. Некалькі крытычных словаў было сказана наконт таго, што ў краіну не дазвалюць надалей прыяжджаць сьвятарам з-за мяжы.

«На працягу 70 гадоў мы былі пазбаўленыя ўласнай духоўнай сэмінарыі. Нам кажуць, каб набіралі болей у тыя сэмінарыі, што маем сёньня. Мы прымем усіх, хто прыйдзе і хто гатовы стаць сьвятаром. У сёньняшніх сусьветных працэсах вельмі цяжка абысьціся выключна сваімі сіламі. Паглядзіце, хто трэніруе зборныя Беларусі па футболе і хакеі — замежнікі.

Мне здаецца, што тут добрым прыкладам магла быць Афрыка, дзе раней амаль усе сьвятары і біскупы былі белыя, а цяпер на іх месца прыйшлі мясцовыя. Гэта ўсё затрымлівае духоўнае адраджэньне. Гэта важна ва ўмовах разьвіцьця сэкт, у прыродзе ня можа быць вакуўму і наша месца зоймуць іншыя», — кажа арцыбіскуп.

Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што ў сёньняшнім сьвеце мала хто ведае пра Каталіцкі Касьцёл у Беларусі. З мэтай пашырэньня ведаў пра каталіцкае жыцьцё ў нашай краіне кіраўнік Менска‑Магілёўскай дыяцэзіі цягам году наведваў мноства міжнародных канфэрэнцый і сэмінараў. На наступным тыдні арцыбіскуп накіруецца ў Лос‑Анжэлес.

Са станоўчых тэндэнцый была адзначана праца выдавецтва «Pro Christo», якое цягам году выпусьціла 26 выданьняў — рэлігійныя, малітоўнікі, навукавыя, мастацкія.

Тадэвуш Кандрусевіч хацеў бы, каб у Касьцёла зьявілася нейкае пэрыядычнае выданьне, якое б выходзіла хаця б раз на два тыдні, а найлепей — штотыдзень.

На сёньня вядзецца пераклад на беларускую мову дакумэнтаў другога Ватыканскага Сабору, паводле якога і жыве Касьцёл. Кандрусевіч кажа, што гэта адна зь першасных задач.

Былі высока ацэненыя арганізацыя сакавіцкага тэлемаста паміж Менскам і Ватыканам, а таксама каталіцкія дні моладзі, што прайшлі летам і Івянцы, паралельна з сусьветнымі, што адбываліся ў далёкім Сыднэі.

Кандрусевіч кажа, што Каталіцкі Касьцёл стараецца весьці дыялёг з прадстаўнікамі іншых канфэсій — праваслаўнымі, юдэямі, мусульманамі. Для гэтага таксама было праведзена шэраг сумесных мерапрыемстваў.

Найбольш значнай падзеяй году мітрапаліт назваў візыт у Беларусь кардынала Бэртонэ. Менавіта тады Лукашэнка перадаў запрашэньне ў Беларусь Бэнэдыкту XVI.

Кандрусевіч кажа, што сустракаўся з папам 29 чэрвеня і тады ён сказаў, што наведае Беларусь, калі «Бог дазволіць».

Няма пакуль ніякай яснасьці і адносна таго, калі будзе заключаны канкардат паміж афіцыйным Менскам і Ватыканам. Кандрусевіч наконт гэтага пытаньня папрасіў лепш зьвярнуцца да нунцыя.

Сярод плянаў на будучыню арцыбіскуп адзначыў, што будзе зьдзяйсьняць кананічныя візытацыі ў парафіі сваёй дыяцэзіі. Падчас такіх візытаў, якія робяцца раз на пяць гадоў, кожны пробашч мусіць даць справаздачу адносна дзейнасьці сваёй парафіі. Таксама кожны біскуп мусіць зрабіць падобную справаздачу папу Рымскаму. Кандрусевіч кажа, што такое можа адбыцца напрыканцы 2009 году.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)