Мінюст вынес БАЖ афіцыйнае папярэджанне (копiя дакумента, вiдэа)

Міністэрства выставіла адразу некалькі прэтэнзій да арганізацыі — датычна сяброўскага пасведчання, статусу Цэнтра прававой абароны СМІ і наогул мэтаў і задач БАЖ.

Загад падпісаў 13 студзеня намеснік міністра Аляксандр Сіманаў. Копія загаду накіраваная Міністэрству інфармацыі.

Па-першае, Мінюст лічыць, што на пасведчанні ГА «БАЖ» нібыта неправамерна змешчаны надпісы «Прэса» і «Press», у той час як БАЖ не з’яўляецца сродкам масавай інфармацыі.

Мінюст спасылаецца на інцыдэнт з затрыманнем на шклозаводзе «Нёман» журналіста А. Дзянісава, які ў лістападзе 2009 г. «ажыццяўляў відэарэпартаж» на тэрыторыі завода, пры гэтым «прадставіўся як журналіст і прад’явіў пасведчанне ГА «БАЖ»».

«Такія ж пасведчанні выдадзены і іншым членам ГА „БАЖ“», — падкрэслівае Мінюст. Міністэрства ўпэўненае, што такім чынам арганізацыя парушыла закон «Аб СМІ», а гэтыя дзеянні прывялі да «неабгрунтаванага прысваення членамі дадзенай арганізацыі паўнамоцтваў журналіста сродку масавай інфармацыі…»

Акрамя таго, Мінюст лічыць, што дзейнасць Цэнтра прававой абароны СМІ пры ГА «БАЖ» «не прадугледжана статутам» арганізацыі. «Больш за тое, задачы дадзенага фарміравання, выкладзеныя ў палажэнні аб ім, выходзяць за межы статутных задач ГА „БАЖ“», — лічыць Мінюст.

«Апрача пералічанага, на сайце змешчана інфармацыя аб мэтах дзейнасці ГА „БАЖ“, якія не адпавядаюць статутным», — заканчвае пералік сваіх прэтэнзій Мінюст.

Міністэрства абавязвае кіраўніцтва БАЖ на працягу месяца забраць усе выдадзеныя раней пасведчанні згаданага ўзору і «забяспечыць… далейшую немагчымасць карыстання імі»; ліквідаваць астатнія «парушэнні» і «выпрацаваць меры, накіраваныя на недапушчэнне ў далейшым парушэнняў патрабаванняў заканадаўства і статута арганізацыі», а таксама «прадаставіць Міністэрству юстыцыі доказы выканання пералічаных вышэй патрабаванняў».

Папярэджанне можа быць абскарджана на працягу месяца ў Вярхоўны Суд РБ.


(Націсніце, каб павялічыць выявы)

Кіраўнікі БАЖ заяўляюць, што абавязкова будуць абскарджваць папярэджанне, якое лічаць неабгрунтаваным.

Андрэй Бастунец, намеснік старшыні ГА «БАЖ»: «Папярэджанне Міністэрства юстыцыі дастаткова дзіўнае.

Мінюст сам кажа, што БАЖ не з’яўляецца СМІ, і незразумела, як ён можа парушыць у такім выпадку закон „Аб СМІ“. Дарэчы, зацверджанай формы ўзору пасведчання сябра Грамадскага аб’яднання не існуе. Якім чынам можна парушыць тыя правілы, якія не зацверджаныя, мне асабіста незразумела.

Што тычыцца выкарыстання слова „прэса“, дык, паўтаруся, закон „Аб СМІ“ не распаўсюджваецца на дзейнасць БАЖ як грамадскага аб’яднання. Па-другое, слова „прэса“ ў самім гэтым законе не згадваецца, акрамя як датычна прэсавых канферэнцый і прэсавых службаў…»

Жанна Літвіна, старшыня ГА «БАЖ»: «У дакуменце, атрыманым ад Міністэрства юстыцыі, ёсць і такі сказ: «Апрача пералічанага, на сайце змешчана інфармацыя аб мэтах дзейнасці БАЖ, якія не адпавядаюць статутным»… Якія з іх не адпавядаюць, якім статутным нормам — адказаў на гэтыя пытанне пакуль няма. І яшчэ: калі БАЖ выдае пасведчанне сябрам сваёй арганізацыі, то тым самым мы пацвярджаем, што гэты чалавек з’яўляецца сябрам грамадскага аб’яднання не механізатараў, не будаўнікоў, а менавіта журналістаў. Яно сведчыць пра прыналежнасць гэтага чалавека да нашай прафесіі…»

Андрэй Бастунец: «Што тычыцца Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ — гэта структурнае падраздзяленне БАЖ, якое дзейнічае на падставе адпаведнага палажэння. Яго стварэнне прадугледжана статутам БАЖ. Уся інфармацыя пра гэта была накіравана Мінюсту, і дзе менавіта Мінюст знайшоў парушэнні, вельмі цяжка сказаць, бо ў чым канкрэтна дзейнасць Цэнтра выходзіць за межы прадугледжаныя статутам, у папярэджанні не згадваецца.

Я думаю, адказ на гэтыя пытанні мы атрымаем пасля, калі справа дойдзе да Вярхоўнага суда. Я думаю, што мы будзем абскарджваць гэтае папярэджанне».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)