Мінюст патрабуе ў БАЖ тлумачэнняў

Запыт тычыцца заявы пратэсту, прынятай ГА «БАЖ» у звязку з падзеямі 19 снежня ў Мінску.

Міністэрства юстыцыі «прапануе» журналісцкай арганізацыі да 24 снежня паведаміць, якім пунктам свайго статуту яна кіравалася, выступаючы ў абарону «грамадскіх актывістаў, што прынялі ўдзел у масавых беспарадках у г. Мінску 19.12.2010».

Афіцыйны ліст за подпісам начальніка ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Кірычэнкі прыйшоў у БАЖ па факсе 21 снежня.

«Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” выказвае рашучы пратэст супраць шакуючага факту прымянення сілы супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні да журналістаў і грамадскіх актывістаў увечары 19 снежня», — гаварылася ў заяве.

«Я звязваю ліст Мінюста з нядаўняй заявай міністра Галаванава пра намер “даць ацэнку ўдзелу палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў у акцыі апазіцыі ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня, — пракаментаваў ліст намеснік старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец. — Мы дашлем адказ ва ўказаны ў лісце тэрмін. Але сам зварот Мінюсту я расцэньваю як умяшальніцтва ў свабоду выказвання меркавання, гарантаванае Канстытуцыяй (арт. 33, 34).»

Паводле арт. 33 Канстытуцыі, “кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне”.

Паводле арт. 34 Канстытуцыі, “грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захаванне і распаўсюд поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, пра палітычнае, эканамічнае, культурнае і міжнароднае жыццё…”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)