Общество
Кастусь Лашкевіч, TUT.BY

Мінск беларусізуецца з ускраін

Чыноўнікі Мінгарвыканкама выступаюць за вяртанне ў сталічную тапаніміку сапраўднай гісторыі, аднак гэтая «лібералізацыя» пакуль не тычыцца саветызаванага цэнтра. Як вынік Мінск беларусізуецца з ускраін. Няхай павольна, непаслядоўна, але справа пасунулася. Да такой высновы прыйшоў карэспандэнт TUT.BY, правёўшы невялікае ўласнае даследаванне.

Мінгарвыканкам — за вяртанне гісторыі

Нядаўна навукоўцы прэзентавалі даследаванне тапанімікі трох сучасных сталіц краінаў-суседак: Вільні, Кіева і Мінска. Паводле яго вынікаў, сталіца Беларусі па-ранейшаму застаецца самым савецкім горадам. Прынамсі, калі меркаваць па назвах вуліц. Аналіз 780 мінскіх артэрыяў паказаў, што найбольш у іх назвах увекапомнены асобы Другой сусветнай вайны (113 вуліц), расійскай культуры (68), савецкага перыяду (44). Беларуская савецкая культура прысутнічае толькі ў 36 назвах, дасавецкага перыяду — у 24.

У тым жа Кіеве мэтанакіравана год за годам гарадскім вуліцам вяртаюць старыя, дарэвалюцыйныя назвы. Няўжо нічога не мяняецца ў Мінску?

“Мінгарвыканкам працягне практыку вяртання гістарычных назваў геаграфічным аб’ектам Мінска, — заявіў у нядаўнім інтэрв’ю БелаПАН начальнік упраўлення культуры Уладзімір Карачэўскі. — Мы робім усё магчымае, каб гарадскія тапонімы насілі гістарычныя назвы”.

У пацверджанне гэтага літаральна на днях гарадскія ўлады падтрымалі чарговую прапанову Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) аб вяртанні сталічнай вуліцы Гандлёвай, што на Нямізе, яе гістарычнай назвы — Зыбіцкая. Падкрэслім, у апошнія гады цэлы шэраг сталічных вуліц, сапраўды, набыў гістарычныя дасавецкія альбо геаграфічныя назвы тых вёсак і мясцінаў, паблізу якіх яны паўсталі.

Гэтак, ў Мінску з’явіліся скверы Аляксандраўскі і Бондараўскі, Камароўскі і Лютэранскі, Маламядзвежынскі і Кальварыйскі, Траецкая гара, паркавая зона “Старосцінская слабада", вуліцы Люцынская і Каралінская, Ёдкаўская, Брылеўская, Грушаўская, Курапацкая, Люцынская і г.д.

Побач з імі паўстала нямала вуліц, названых ў гонар выбітных дзеячаў айчыннай несавецкай гісторыі. Вось найбольш вядомыя з іх.

ТАБЛИЦА -- //news.tut.by/155247.html

Аднак, як вынікае з табліцы, ўсе “нацыянальныя” вуліцы (за выняткам бульвара Мулявіна і сквера Міцкевіча) з’явіліся на значнай аддаленасці ад цэнтру ці ўвогуле ў новых альбо праектуемых раёнах на ўскрайку Мінска. У той жа час, у цэнтры па-ранейшаму ўладараць леніны, марксы і энгельсы.

“Перайменаванні ў цэнтры замарожаны”, але…

Ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама пацвярджаюць, што працэс перайменавання “савецкіх” вуліц у цэнтры замарожаны, хоць для гэтага не аднойчы склікаліся паседжанні адмысловай камісіі. Прычына: маўляў, у выніку перайменаванняў жыхары дамоў пратэстуюць супраць неабходнасці мяняць дакументы.

Аднак з любога правіла, як вядома, бываюць выключэнні. 7 траўня 2005 года з "ініцыятывы ветэранскіх арганізацый і ў гонар 60-годдзя Перамогі савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне” ўказам прэзідэнта Беларусі былі абезасоблены назвы двух галоўных магістраляў сталіцы. Праспект Францыска Скарыны стаў праспектам Незалежнасці, а праспект Пятра Машэрава — Пераможцаў. То бок, калі спатрэбілася, імгненна перайменавалі і на шматлікія пратэсты мінчукоў ніхто не звярнуў увагі.

Алег Трусаў, старшыня ТБМ, якое ініцыявала з’яўленне многіх з “нацыянальных” вуліц, падкрэслівае, што галоўнай праблемай у справе беларусізацыі сталіцы ёсць нежаданне мясцовых уладаў пазбаўляцца ад старых савецкіх назваў.

“Тут яны ўспамінаюць пра вялікія выдаткі, неабходнасць змены вялікай колькасці юрыдычных адрасоў. Усё гэта так, але ж захацелі пераназваць праспекты Скарыны і Машэрава, і грошы адшукаліся, — тлумачыць старшыня ТБМ. — Таму значна прасцей дабіцца назвы новай вуліцы. Хаця і тут ёсць перашкоды ідэалагічнага плану. Гэтак, Мінгарсавет дэпутатаў спачатку ўхваліў, а потым пасля пастановы Мінюсту перагледзеў сваё рашэнне аб з’яўленні ў Мінску вуліц мецэната беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя і фундатара Чырвонага Касцёла Эдварда Вайніловіча, канцлера ВКЛ Льва Сапегі і народнага пісьменніка Янкі Брыля. І калі вуліцы Сапегі і Янкі Брыля мы адбілі, дык Касцёл і вернікі, якія прапаноўвалі пераназваць вуліцу імя польскага камуніста Берсана ў Вайніловіча, не пажадалі змагацца далей”.

У гонар забойцаў, катаў і беларусафобаў

Сціжма сталічных вуліц доўгія дзесяцігоддзі носяць прозвішчы людзей, многія з якіх не маюць аніякага дачынення ні да Мінска, ні да Беларусі. Апроч затурканых Леніна-Маркса-Энгельса-Кірава, можна згадаць Берута, Будзёнага, Глаголева, Гінтаўта, Дзімітрава, Лібкнехта, Карыцкага, Куйбышава, Кульман, Папаніна, Ротмістрава, Судмаліса, Талбухіна і многія-многія іншыя. У асноўным гэта савецкія палкаводцы, генералы, бальшавікі і камуністы ўсіх адценняў і расфарбовак …

Але ёсць і тыя, што ўслаўляюць людзей, якія ёсць для нашай гісторыі адназначна адмоўнымі персанажамі.

Магчыма, самы яскравы прыклад абсурднасці айчыннай тапанімікі — наяўнасць у Мінску вуліцы і вучэльні імя расійскага палкаводца Аляксандра Суворава, які кіраваў крывавым задушэннем у Беларусі паўстання Тадэвуша Касцюшкі 1794 года. У той час, як згадкі пра славутага літвіна, які жадаў “свабоды для ўсяго народа i толькi для яго гатовы ахвяраваць жыццём", адсутнічаюць.

А вось імем расійскага бальшавіка Аляксандра Мяснікова (Мяснікяна), які ўсталёўваў у Беларусі савецкую ўладу, названая не толькі ўліца, але і плошча. Усё б нічога, але таварыш Мяснікоў не ўважаў беларусаў за асобную нацыю і не прызнаваў за намі права на стварэнне незалежнай дзяржавы.

Не забыліся рахманыя беларусы і на паплечнікаў Мяснікова — Алібегава (Алібегянца), Даўмана, Кнорына і Ландэра, якія па распадзе Расійскай імперыі супрацьстаялі стварэнню беларускай дзяржаўнасці.

Ёсць у Мінску і вуліца, названая ў гонар самага маладога маршала ў гісторыі СССР Міхаіла Тухачэўскага. У Беларусі пра яго мала ведаюць, а вось на Тамбоўшчыне цудоўна памятаюць, як улетку 1920 года войскі Чырвонай арміі пад яго краваннем па-зверску задушылі тамтэйшае сялянскае паўстанне.

Напэўна, мала хто з цяперашніх мінчукоў чуў і пра першага старшыню Петраградскай надзвычайнай камісіі (ЧК) Майсея Ўрыцкага, на вуліцы якога многім з нас выпадала бываць. Пасавецкая гістарыяграфія лічыць яго адным з пачынальнікаў масавых рэпрэсій у дачыненні да супраціўнікаў бальшавіцкай улады і, паводле некаторых даных, па ягоным асабістым загадзе было забіта не менш за 5 тысяч чалавек.

Ушанавалі беларусы і памяць старшыні Усерасійскага выканаўчага камітэта Якава Свярдлова, які ў 1918 годзе быў сярод арганізатараў антызаконнага разгону Устаноўчага сходу, расказачвання і, паводле меркавання Троцкага, растрэла царскай сям’і. Апроч гэтага выступаў супраць прадстаўлення беларусам дзяржаўнай аўтаноміі.

Ужо амаль 18 год, як былы савецкі горад Куйбышаў мае спрадвечную назву — Самара. Затое ў Мінску ўсё яшчэ ёсць вуліца ў гонар савецкага партыйца і рэвалюцыянера Валерыяна Куйбышава, які ўваходзіў у сталінскае кіраўніцтва, быў актыўным арганізатарам калектывізацыі, індустрыялізацыі і масавых рэпрэсій.

Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў у размове са мной неяк адзначыў, што посткаланіяльная свядомасць беларускіх чыноўнікаў яшчэ дазваляе ўшаноўваць асобаў “аддаленай” гісторыі, але не людзей з “першага шэрагу” — змагароў з прыгнётам і заснавальнікаў БНР — хто вярнуў беларусам статус “народу дзяржаўнага”. Сапраўды, няма ў Мінску вуліцы “айцоў” беларускай дзяржаўнасці — братоў Луцкевічаў, няма Ластоўскага, Смоліча, Лёсіка, Скірмунта… Аднак, парадокс, сярод назоваў новых вуліц вы амаль не адшукаеце і прысутнасці слыннага мінулага Вялікага княства Літоўскага (апроч Сапегі). “Аддаленую” гісторыю куды больш шануюць у правінцыі. Напрыклад, у Полацку, Гродне.

Працэс пайшоў, але ўся праца — наперадзе

На думку найлепшага знаўцы гісторыі Мінска доктара гісторыі Захара Шыбекі, блізу 90% назваў мінскіх вуліц не адпавядаюць гістарычнай традыцыі і вымагаюць перайменавання. Некалькі год назад ён нават выйшаў са складу камісіі, пратэстуючы супраць надання вуліцам штучных назваў.

Гэта цяпер пытанні перайменавання вуліц у цэнтры, які ёсць тварам горада і ягоным сімвалам, “замарожана”. А яшчэ 10-15 гадоў назад магчымыя змены абмяркоўваліся вельмі актыўна.

Для прыкладу прыводзім табліцу з прапановамі аб вяртанні цэнтру гораду гістарычнай тапанімікі, абнародаваную колькі гадоў таму Вінцуком Вячоркам, які на пачатку 1990-х удзельнічаў у працы камісіі па тапаніміцы пры Мінгарвыканкаме і ў распрацоўцы Канцэпцыі ўпарадкавання гарадской тапанімікі і канкрэтных прапановаў.

ВТОРАЯ ТАБЛИЦА -- //news.tut.by/155247.html

Ёсць і больш новыя ды радыкальныя прапановы. З нечым можна пагаджацца, з нечым — не. Аднак у любым разе трэба дыскутаваць, абмяркоўваць пытанні з удзелам грамадскасці, адмыслоўцаў і ўрэшце даваць на іх адказы, зыходзячы з пазіцыі незалежнай і суверэннай дзяржавы, імя якой не “Северо-Западный край”, не БССР ці “Белоруссия”, а Рэспубліка Беларусь.

Пагатоў увесну 2008-га на 9-й сесіі Мінгарсавета дэпутатаў быў зацверджаны новы механізм найменавання і перайменавання гарадскіх вуліц. З таго часу заключэнне адмысловай камісіі мусіць друкавацца ў газетах "Минский курьер" і "Вечерний Минск", пасля чаго цягам двух тыдняў усе ахвочыя могуць выказваць свае меркаванні.

Чаму мы адстаём ад нашых літоўскіх і украінскіх суседзяў? Філосаф Валянцін Акудовіч перакананы, што камень сутыкнення — у "дэнацыяналізаванасці цяперашняй улады". “Гэтыя людзі прыйшлі з былога камуністычна-камсамольскага дыскурсу, а таму будуюць незалежную краіну, абапіраючыся не на нацыянальны складнік, а на геапалітычны. З гэтай прычыны нашы нацыянальныя светачы — для іх чужыя героі, якія не датычацца краіны, якую яны будуюць”, — адзначыў ён.

Як бы тое ні было, зрухі ў мінскай тапаніміцы ёсць, і не заўважыць іх можа толькі сляпы. Іншае рэч, што больш значныя змены вымагаюць абсалютна іншага ўзроўню свядомасці беларускага грамадства, і ўладаў.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)