Міністры Эўразвязу патрабуюць вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў

У польскім Сопаце ў суботу завяршыўся двухдзённы саміт міністраў замежных спраў краін Эўразвязу і дзяржаў-кандыдатаў на далучэнне да аб’яднанай Эўропы: Турэччыны, Македоніі, Чарнагорыі, Харватыі ды Ісляндыі. У часе сустрэчы пад кіраўніцтвам Кэтрын Эштан размова вялася і пра сытуацыю ў Беларусі.

Кэтрын Эштан і Радаслаў Сікорскі на саміце міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу ў Сопаце.

На выніковай прэсавай канфэрэнцыі пасля завяршэння нарады міністраў, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан заявіла, што пазыцыя 27 краінаў-чальцоў звязу што да Беларусі застаецца нязменнай:

— Мы, канечне, адзначылі апошнія падзеі ў Беларусі — некаторыя заявы і захады, але паўтаруся, што мы патрабуем вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных. Гэта была і ёсьць нашая пазыцыя. Пазыцыя, якой мы будзем цвёрда прытрымлівацца.

Паўтаруся, мы патрабуем вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітычных зьняволеных.

У часе спаткання былі абмеркаваныя таксама пытанні дапамогі Лібіі, дачыненні з Сырыяй ды далейшае супрацоўніцтва з краінамі — суседзямі Эўрапейскага звязу, у тым ліку падрыхтоўка да саміту Ўсходняга партнэрства ў Варшаве, што заплянаваны на канец верасня.

— Мы на добрым шляху, што тычыцца прыняцця важных рашэнняў пра пачатак перамоваў у справе стварэння абшараў вольнага гандлю з Грузіяй і Малдовай, а таксама завяршэння такіх перамоваў з Украінай, — заявіў міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

Між тым 2 верасьня ў Беластоку старшыня Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэк таксама закрануў тэму магчымых перамоваў з афіцыйным Менскам.

— Цяпер Эўразьвяз ні ў якім выпадку ня пойдзе на якія-кольвечы паразуменні і перамовы з Беларуссю ў крэдыт. Спачатку прэзыдэнт Лукашэнка павінен вызваліць усіх палітвязняў, акрэсліць будучыя ўмовы дзейнасці незалежных арганізацый, незалежных мэдыяў, гарантаваць свабоду навукі, перамяшчэння. Калі гэта ўсё будзе зроблена, то Эўразвяз, канечне, будзе адкрыты для супрацоўніцтва, супольных праектаў, у тым ліку і для эканамічнай падтрымкі, — сказаў Ежы Бузэк.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)