Общество

Міністэрства ўнутраных спраў патлумачыла, ці законна публічнае выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга

«Арт Сядзіба» атрымала адказ на зварот з Міністэрства ўнутраных спраў.

Зварот быў накіраваны пасля гісторыі з symbal.by, калі ў хлопца пры аглядзе рэчаў перад фестывалем «Greenfest» знайшлі бел-чырвона-белыя сцягі і канфіскавалі іх, а ў офіс крамы з праверкаю скіравалі ўчастковага.

Адказ Міністэрства ўнутраных спраў за подпісам намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення – начальніка упраўлення аховы правапарадку галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Д.А.Кур`яна змешчаны на сайце artsiadziba.by.

Як адзначаецца ў адказе МУС, «у цяперашні час бел-чырвона-белы сцяг заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не вызначаецца ў якасці дзяржаўнага, палітычнага, гістарычнага ці іншага сімвала. Аднак афіцыйная забарона на выкарыстанне менавіта гэтага сцяга ў нормах заканадаўства адсутнічае». — У той жа час у некаторых заканадаўчых актах утрымліваецца забарона на выкарыстанне сцягоў, не зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку, пры правядзенні асобных відаў масавых мерапрыемстваў, — тлумачыцца ў лісце.

Міністэрства ўнутраных спраў спасылаецца на Закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», згодна з якім забараняецца карыстацца такімі сцягамі падчас правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі або пікетавання іх арганізатарам і ўдзельнікам.

Падобныя абмежаванні таксама ўтрымліваюцца ў Палажэнні аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў, зацверджаным указам прэзідэнта ад 19 кастрычніка 2010 г. № 542 «Аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў», а таксама ў Законе «Аб фізічнай культуры і спорце».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)