Мінчукі і гарадскія службы праявілі захапляльную арганізаванасць

Гэтая страшная трагедыя выпрабавала беларускае грамадства.

Журналісты «Нашай Нівы» назіралі працу гарадскіх службаў зблізку. У надзвычайнай сітуацыі медыкі і пажарныя дзейнічалі з выключнай аператыўнасцю і прафесіяналізмам.

Службы метрапалітэна не дапусцілі ўтварэння штурханіны. Міліцыя забяспечвала парадак без бачных эксцэсаў.

І мінчукі, людзі на вуліцах праявілі сябе з найлепшага боку.

Яны дапамагалі дактарам аказваць першую дапамогу пацярпелым. Не было дурной панікі, не было пустых дзеянняў.

Людзі, якія выбіраліся са станцыі, нацярпеліся страху, былі ў шоку. Тым не менш, на вуліцах панавала дысцыпліна, адчувалася самаарганізацыя. Людзі праяўлялі салідарнасць, паводзілі сябе разумна.

Незалежныя СМІ вычарпальна забяспечвалі грамадства інфармацыяй — цяжкай інфармацыяй — без пагоні за сенсацыямі.

Дзіка, страшна, што ў Мінску ліецца кроў, што Мінск пры Лукашэнку стаў — з рэгулярнасцю — месцам крывавых здарэнняў. Але ў такія моманты выпрабаванняў адчуваем і гонар за свой народ.

А заказчыкі крывавага тэракта калісьці непазбежна адкажуць па законе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)