Мільёны даляраў і сьвінцовы попел. За што на самой справе затрымалі акумулятарнага караля Беларусі

За два гады да затрыманьня Віктара Лемяшэўскага праваахоўныя органы ўжо цікавіліся дзейнасьцю ягонага заводу ў Белаазёрску. Тады абышлося бяз арыштаў, піша Радыё Свабода.

Белаазёрскі завод «БІТ-сплаў»

2 ліпеня Генэральная пракуратура краіны афіцыйна паведаміла пра затрыманьне Віктара Лемяшэўскага — уладальніка скандальна вядомага акумулятарнага заводу пад Берасьцем, вядомага таксама па мянушцы «Віця сьвінец».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у дачыненьні да Лемяшэўскага КДБ узбудзіў адразу некалькі крымінальных спраў за атрыманьне і дачу хабару. Пры гэтым берасьцейскі завод Лемяшэўскага афіцыйна пакуль так і не запрацаваў.

Свабода разьбіралася, за што на самой справе маглі арыштаваць аднаго з самых заможных бізнэсоўцаў краіны.

Романчук: Дело Лемешевского — это первый серьезный провал вице-премьера Турчина

Паводле таго ж паведамленьня Генпракуратуры, Віктар Лемяшэўскі быў арыштаваны 1 ліпеня. Разам зь ім затрымалі Сьвятлану Лемяшэўскую (па інфармацыі Свабоды, яна бізнэсоўцу ані жонка, ані сваячка), якая афіцыйна выконвала абавязкі галоўнага бухгальтара на іншым акумулятарным прадпрыемстве — белаазёрскім заводзе «БІТ-сплаў».

Акрамя Сьвятланы Лемяшэўскай, супрацоўнікі КДБ арыштавалі таксама былога кіраўніка заводу «БІТ-сплаў» Сяргея Ахрэмчука, які на момант затрыманьня выконваў абавязкі кіраўніка аддзелу тэхнічнага разьвіцьця заводу. І Івана Пакісьлюка — намесьніка дырэктара «БІТ-сплава».

Акрамя бізнэсоўца Лемяшэўскага, галоўнага бухгальтара і дваіх мэнэджэраў заводу ў Белаазёрску, былі затрыманыя два індывідуальныя прадпрымальнікі зь Бярозы — Дзьмітры Рудзкі і Сяргей Жуковіч. У адрозьненьне ад першых чатырох, іх абвінавачваюць па іншых артыкулах. Генэральная пракуратура паведамляе, што ў дачыненьні да іпэшнікаў аднавілі прыпыненае раней расьсьледаваньне. Цяпер Рудзкі з Жуковічам за кратамі.

«БІТ-сплаў»

Завод «БІТ-сплаў» працуе надалей, нягледзячы на затрыманьні кіраўнікоў. Да брамы пад’яжджаюць гружаныя старымі акумулятарамі фуры, на паркоўцы поўна аўтамабіляў, у тым ліку нятанных. Іх кіроўцы на журналістаў рэагуюць нэрвова. Урэшце з-за агароджы выходзіць ахоўнік у камуфляжы, які патрабуе спыніць здымкі і нават спрабуе нас затрымаць, пагражаючы міліцыяй. Пасьля некалькіх тэлефонных кансультацый з кіраўніцтвам ахоўнік хаваецца за агароджай.

Прадпрыемства «БІТ-сплаў» пачалі будаваць у 2012 годзе. Тады ж у Белаазёрску адбылася гісторыя, вельмі падобная да сытуацыі з будаўніцтвам акумулятарнага заводу каля Берасьця. Спачатку мясцовыя жыхары пачалі пратэставаць супраць шкоднага прадпрыемства. Як і ў Берасьці, яны сьцьвярджалі, што белаазёрскія ўлады не правялі належным чынам грамадзкіх слуханьняў.

Як расказваюць мясцовыя жыхары, пратэсты ў 2012 годзе былі нешматлікія. У ініцыятыўную групу ўвайшло каля 20 чалавек, яны зьбіралі подпісы супраць заводу, аднак нікуды іх так і не даслалі. Людзі проста ня ведалі, як дзейнічаць. Розгаласу ў СМІ гісторыя не атрымала.

Затым да прадпрыемства ўзьніклі пытаньні ўжо ў Мінпрыроды, будоўля на нейкі час прыпынілася. Аднак у 2014 годзе завод «БІТ-сплаў» усё ж пачаў працу. Ад берасьцейскага заводу белаазёрскі адрозьніваецца тым, што на ім са старых акумулятараў, якія адпрацавалі свой тэрмін, выплаўляюць чысты сьвінец. Тое, што застаецца, ідзе на перапрацоўку альбо на пахаваньне. Акурат праз адкіды вытворчасьці прадпрыемства «БІТ-сплаў» трапіла ў свой другі скандал, пра які напісала і выданьне «Беларусь сегодня».

Супрацоўнікі заводу «БІТ-сплаў» на ўмовах ананімнасьці расказваюць, што на прадпрыемстве не спыняюцца праверкі. Людзі ў пагонах ходзяць па кабінэтах, вывучаюць бухгальтэрыю, размаўляюць з начальнікамі. Па Белаазёрску паўзуць чуткі, што «БІТ-сплаў» увогуле могуць закрыць. Стаўленьне да гэтага варыянту разьвіцьця падзей у горадзе неадназначнае. З аднаго боку, вытворчасьць шкодная, з другога — каля сотні працоўных месцаў. Нямала для 12-тысячнага гораду.

Браты-іпэшнікі

Адны з ключавых асобаў у «справе Лемяшэўскага» — два бярозаўскія іпэшнікі, 26-гадовы Дзьмітры Рудзкі і 38-гадовы Сяргей Жуковіч. Яны стрыечныя браты. Жуковіч раней служыў у міліцыі. А для Рудзкага дамова на перапрацоўку сьвінцовага попелу зь «БІТ-сплавам» стала ледзьве ня першым сур’ёзным заняткам. Пры гэтым менавіта Рудзкі быў у схеме галоўнай асобай: ён меў дазвол ад Мінпрыроды на працу са сьвінцовымі адкідамі. На яго афармляліся ўсе дамовы, яму ж пералічваліся грошы за аказаныя паслугі. Агулам Дзьмітры Рудзкі за вываз зь «БІТ-сплаву» сьвінцовага попелу і другаснага плястыку атрымаў ад прадпрыемства Віктара Лемяшэўскага каля 400 тысяч даляраў.

Крымінальныя справы на Рудзкага і Жуковіча завялі вясной 2017 году. Спачатку за ўхіленьне ад выплаты падаткаў, потым за парушэньне правілаў бясьпекі падчас апэрацый з экалягічна шкоднымі рэчывамі і адкідамі. Абодва пасьля гэтага зьехалі ў Расею. Пракуратура і Берасьцейскі абласны камітэт па ахове прыроднага асяродзьдзя праз суд вярнулі прадпрыемству Лемяшэўскага права ўласнасьці на 8 тысяч тон перададзенага раней братам-іпэшнікам сьвінцовага попелу. Яшчэ празь нейкі час крымінальныя справы супраць іх прыпынілі, і абодва прадпрымальнікі вярнуліся ў Бярозу.

— Пасьля ўзбуджэньня крымінальных спраў яны абодва былі на волі, — расказвае бярозаўскі актывіст Аляксандар Кабанаў. — Я зь імі нават сустракаўся. Ліцэнзіі мне паказвалі, з паперамі ўсё было ў парадку ў Рудзкага. Ужо потым я даведаўся, што нібыта нейкі іх родзіч працуе ледзьве не ў Мінпрыроды. Я ў Жуковіча адкрытым тэкстам пытаўся, як так атрымалася, што яны з братам атрымалі дамову фактычна на паўмільёна даляраў, там гучалі лічбы ў 470 тысяч даляраў нават? Гэта ж шалёныя грошы! Яны мне адказалі, што пра ўсё самі даведаліся. Самі даведаліся, самі атрымалі ліцэнзію, самі прыйшлі на завод і падпісалі дамову з кіраўніцтвам. Пры гэтым я ведаю, што туды хацелі іншыя прадпрымальнікі трапіць, якія шмат гадоў займаюцца перапрацоўваньнем і пахаваньнем адкідаў. Цяпер яны дзякуюць богу, што ня ўлезьлі ў гэтую справу.

Паводле Кабанава, сьвінцовы попел зь «БІТ-сплава» Рудзкі з Жуковічам вывозілі безь ніякага кантролю. Браты арандавалі ўчастак на прамбазе каля пасёлку Зялёны Бор і проста скідалі там самазваламі шкоднае рэчыва ў яму. Паводле інфармацыі выданьня «Беларусь сегодня», якое прысьвяціла дзейнасьці бярозаўскіх іпэшнікаў два артыкулы, агулам у Зялёны Бор Рудзкі і Жуковіч вывезьлі каля 8000 тон шкодных рэчываў. Гэта каля 400 вялікіх самазвалаў МАЗ.

Якім чынам малады і недасьведчаны прадпрымальнік Рудзкі і былы міліцыянт Жуковіч змаглі атрымаць кантракт на паўмільёна даляраў, застаецца загадкай. Таксама незразумела, ці ведала кіраўніцтва «БІТ-сплава», што робяць іпэшнікі зь іхным сьвінцовым попелам. Верагодна, менавіта гэтым цяпер займаюцца сьледчыя КДБ.

Зялёны Бор

— Вам на базу, дзе сьвінец знайшлі? Гэта вунь там, — паказвае дарогу прадавачка першай крамы, якая трапілася на вочы. — Але там ужо няма яго, як нам сказалі. Вывезьлі ўсё, усё лета вазілі праз наш пасёлак самазваламі. Куды павезьлі, нам не сказалі. Але хто быў там, то кажа, што і праўда вывезьлі. Толькі жоўты пясок застаўся на тым месцы.

Сьвінцовыя адкіды з палігону ў Зялёным Бары вывозіў «БІТ-сплаў» за ўласны кошт. Кажуць, што на гэта патрацілі каля 2 мільёнаў даляраў. Паводле інфармацыі, якую неўзабаве пасьля ўзбуджэньня крымінальных спраў у дачыненьні да бярозаўскіх іпэшнікаў апублікавала тая ж «Беларусь сегодня», шкодныя рэчывы вывозіліся на палігон у Зялёным Бары на працягу двух гадоў. Сума нанесенай іпэшнікамі дзяржаве шкоды — 60 502 рублі. Паводле дакумэнтаў, якія бярозаўскія прадпрымальнікі нібыта паказвалі кіраўнікам заводу ў Белаазёрску, увесь сьвінцовы попел яны перапрацоўвалі і адпраўлялі ў якасьці мінэральных дадаткаў для вытворчасьці асфальту ў Расею.

Палігон, куды два гады вывозілі шкодныя адкіды, — за некалькі кілямэтраў ад пасёлку Зялёны Бор. Вакол лес, даехаць можна адзінай дарогай. Цяпер тут амаль няма ніякай дзейнасьці. На месцы сустракаем адзінага ахоўніка, які ляніва тэлефануе начальству, пасьля чаго прапускае нас на тэрыторыю. У месцы, дзе некалі ляжалі амаль восем тысяч тон сьвінцовага попелу, цяпер яма з жоўтым пясочкам на дне.

Пасьля скандалу 2017 году і ўзбуджэньня крымінальных спраў супраць бярозаўскіх прадпрымальнікаў ніхто зь іх за краты ня трапіў. Справы былі прыпыненыя, абвінавачаньні на адрас кіраўніцтва «БІТ-сплава» і Віктара Лемяшэўскага не выстаўляліся. Пра вяртаньне да старой гісторыі стала вядома толькі 2 ліпеня 2019 году. Паводле афіцыйнага паведамленьня Генпракуратуры, праверку распачалі «па даручэньні кіраўніка краіны».

Учительница из Бреста: «Cпросила судью, как будет смотреть своим внукам в глаза?»

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.4 (оценок:10)