Общество

Мілінкевіч зладзіць пікет у падтрымку Ліхавіда

Рух «За Свабоду» працягвае кампанію ў падтрымку свайго паплечніка Мікіты Ліхавіда. Актывіст асуджаны за падзеі 19 снежня 2010 года на 3,5 года калоніі, а ў зняволенні на яго аказваецца дадатковы ціск.

Палітвязень цяпер знаходзіцца ў штрафным ізалятары – ужо пяты раз (!) ад моманту этапавання ў калонію 7 траўня. Агулам больш за палову часу ў калоніі 21-гадовы Мікіта Ліхавід правёў у карцары. Дасведчаныя ж людзі кажуць пра тое, што па шкодзе для здароўя знаходжанне ў карцары раўназначнае галадоўцы, паведамляе Pyx.by.

Пры канцы чэрвеня больш як у 30 раёнах Беларусі быў зладжаны распаўсюд улётак пра лёс актывіста Руху “За Свабоду”. Другім этапам кампаніі ў падтрымку Мікіты Ліхавіда стануць пікеты ў 25 гарадах. Іх мэта - праінфармаваць грамадзян аб прычынах і абставінах турэмнага зняволення актывіста Руху.

Мяркуецца, што пікеты пройдуць у тым ліку у Наваполацку, дзе знаходзіцца калонія №10, у якой зняволілі Мікіту, і па месцы ягонага жыхарства ў Мінску.

Адна з заявак на правядзенне пікета на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску пададзеная ад імя старшыні Руху “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча. Таксама пікеты маюць прайсці яшчэ ў пяці месцах сталіцы.

Мэта кампаніі салідарнасці з Мікітам Ліхавідам - дамагчыся не проста людскага стаўлення да яго ў калоніі, а поўнага вызвалення.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)