Мілінкевіч: «Смерць стала маральнай перамогай дабра над злом»

Экс-кандыдат у прэзiдэнты-2006 – пра забойства Рамана Бандарэнкi.

– У часы барацьбы польскай Салідарнасці з камунізмам была адна падзея, што назаўсёды засталася ў калектыўнай памяці палякаў – брутальнае рытуальнае забойства спецслужбамі маладога святара і папулярнага прапаведніка Ежы Папялушкі, – пiша Аляксандар Мiлiнкевiч. – Ён загінуў, бо не жадаў адмаўляцца ад простых каштоўнасцяў, якія для тагачасных уладаў Польшчы былі смяротнай пагрозай.

У гісторыі засталіся словы з ягоных казанняў – «Не  магчыма забіць надзею», «Насілле не ёсць прыкметай сілы, але слабасці».

Забойства айца Ежы Папялушкі ўзрушыла сумленне палякаў. Па свайму ўздзеянню яно было падобна на нацыянальны біблейскі «non possumus» – «мы не можам». Трагедыя дадала сіл і ажывіла надзеі на свабоду, падаўленую ў час ваеннага становішча. Смерць стала маральнай перамогай дабра над злом. 

…  Раман Бандарэнка выйшаў на апошнюю ў сваім жыцці Плошчу, бо хацеў заставацца вольным, нават пры вонкавай няволі, хацеў быць годным беларусам, быць сабой, і дзеля гэтага трэба стала перамагаць страх і жыць у праўдзе. А праўда ёсць самая небяспечная зброя для азвярэлага таталитарнага рэжыма, таму што ён заснаваны на нахабнай хлусні.

Лукашэнкаўскія нелюдзі забілі маладога мастака, але не святую веру і моц нашага духа. Мая краіна праходзіць праз свой біблейскі «non possumus».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(30)