Политика
Вячаслаў Кулік, ”Радыё Свабода”

Мілінкевіч і Лябедзька збіраюцца да Севярынца

На гэтым тыдні Берасьце наведаюць лідэры апазыцыйных партыяў і рухаў. Ужо сёньня тут знаходзіцца адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч. Мае намер прыехаць заснавальнік “Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч. Пазьней будзе таксама старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Палітыкі зьбіраюцца дамагчыся сустрэчы з Паўлам Севярынцам, арыштаваным у Берасьці на 15 сутак, а таксама пагутарыць зь ягонымі паплечнікамі, якія рыхтуюцца да абароны ў судзе.

У Берасьці ўжо зьявіліся ўлёткі з партрэтамі Паўла Севярынца і лёзунгі “Свабоду Севярынцу!” Людзей на вуліцах заклікаюць падтрымаць актывістаў апазыцыі, суды над якімі пачнуцца неўзабаве. На слупах у Берасьці — лісты з прозьвішчамі міліцыянтаў, якія 19 жніўня затрымлівалі актывістаў апазыцыі. Гаворыць намесьнік старшыні “Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч:

“Распачынаем інфармацыйную кампанію і лічым, што гэта беспрэцэдэнтныя падзеі. Удзельнікі і арганізатары ўціску на моладзь мусяць быць вядомыя жыхарам Берасьця”.

Далучацца да інфармацыйнай кампаніі ў Берасьці і палітыкі зь Менску. Вось што паведаміў Радыё Свабода старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

“У Берасьці мы правядзем акцыю салідарнасьці ў падтрымку Паўла. Ён абсалютна незаконна ўтрымлівацца ў вязьніцы”.

Паводле правераных на сёньня зьвестак, у Берасьці будуць судзіць 16 сябраў апазыцыі. Усе яны былі затрыманыя 19 жніўня пры арышце Паўла Севярынца. Сярод іх і Любоў Праневіч. Ці палохае дзяўчыну магчымае пакараньне?

“А чаму павінна штосьці палохаць? — запытвае Любоў. — Я ня ведаю, што яны там рыхтуюць, і мяне гэта не цікавіць. Таму што перадусім парушылі мае правы як грамадзяніна. Я адчуваю сябе абсалютна невінаватай у гэтай сытуацыі. Пра страх ня можа быць гаворкі. Абсалютна”.

Любоў Праневіч кажа, што першыя позвы ў суд былі на 22 жніўня. Але, як сьцьвярджае суразмоўца, у судзьдзі Вольгі Сьмірновай здарыўся псыхалягічны зрыў падчас суду над Паўлам Севярынцам.

Пагутарыць з Вольнай Сьмірновай не ўдалося. Яна адмаўляецца ад інтэрвію Радыё Свабода. Удакладніць сытуацыю пагадзіўся берасьцейскі юрыст Уладзімер Вялічкін:

“Апошнім часам я філёзаф-фізіянаміст. Мне было добра відавочна, што пасьля перапынку, калі яна пачала чытаць вырак, твар судзьдзі быў, як у чалавека, які перанёс нібыта інсульт ці інфаркт. Разумееце? Мы ад пачатку ведалі, што судзьдзя будзе выконваць чужы загад. Але яна сама не была падрыхтаваная да такога выніку”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)