Міліцыянты называлі падчас суда над Мядзведзем адрасы, на якіх не жывуць

На працэсе над Дзмітрыем Мядзведзем 10 сакавіка суддзя Маскоўскага раёну Алена Рудніцкая пашпарты ў «пацярпелых» міліцыянтаў не спраўджвала і не задавала пытанняў наконт адукацыі.

Паводле нормаў, выступаючы на судовым працэсе, сведка мусіць назваць адрас, дзе ён зарэгістраваны і жыве, а таксама адукацыю і месца працы. Суддзя дадаткова правярае сапраўднасць асобы паводле пашпарту.

“Белсат” паспрабаваў выправіць памылку беларускага правасуддзя і знайсці “пацярпелых” праз даведку “Белтэлекам”. Высветлілася, што на названых імі адрасах жывуць іншыя людзі.

Напрыклад, міліцыянт, якога пасля падзеяў на Плошчы падвысілі да камандзіра ўзводу палка спецыяльнага назначэння ГУУС Менгарвыканкаму, Юрый Далідовіч паведаміў, што жыве на вул. Н. Орды.

У даведцы 109 нам сказалі, што тэлефон зарэгістраваны на іншага чалавека. Мы датэлефанаваліся да ўладальніка: “Ні Давідовіч, ні Далідовіч (існуе імавернасць памылкі ў прозвішчы, бо “пацярпелы” называў звесткі пра сябе ціха і хутка. – “Белсат”) Юрый ніколі тут не жыў”. Такая ж гісторыя і з міліцыянтамі Волкавым, Кашталанавым, Палавінкам, Перапейкам і Лепешам.

Перад даваннем паказанняў суддзя папярэдзіла “пацярпелых” пра тое, што заведама хлуслівыя паказанні караюцца паводле закону. Арт. 401 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжвае штраф, або папраўчыя працы тэрмінам да двух гадоў, або арышт на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаванне свабоды тэрмінам да двух гадоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)