Общество

Таццяна Ваніслаўская

«Мікалай хацеў, каб ягоны прах быў развеяны ў трох краінах — ва Украіне, Беларусі і Эстоніі»

«Салiдарнасць» распавядае пра гісторыю кахання Мікалая Ільіна, беларускага ваеннага медыка з пазыўным «Эстонец», які загінуў ва Украіне ў ліпені 2020-га, і ягонай грамадзянскай жонкі — украінкі Аляксандры Боршч.

Усе фота з асабістага архіву Сашы Боршч

Саша, як валанцёр, дапамагала падраздзяленню, у якім служыў Мікалай.

— Мы доўга сябравалі. Між намі была такая сувязь як роднасць душаў. Неяк ён папрасіў мяне сустрэць яго з цягніка. І тады мы зразумелі: тое, што між намі, не проста так, — успамінае суразмоўнiца «Салiдарнасцi». — У жывёл ёсць такі інстынкт, калі яны адно аднаго ўспрымаюць па паху. І мы адно аднаго адчулі і зразумелі, што блізкія людзі, падыходзім адно аднаму і душой.

У нас была такая цяга адно да аднаго. Не ведаю, як гэта правільна апісаць, як такое адчуванне, калі ты разумееш, што вось твой чалавек, і ён табе падыходзіць абсалютна ва ўсім. У жыццёвых поглядах, у каштоўнасцях.

Між намі было сяброўства, але ён вырашыў мяне заваяваць як жанчыну. Я веру, што ўсе сустрэчы ў нашым жыцці невыпадковыя.

Што тычыцца блізкіх стасункаў, людзі не сыходзяцца проста так. Яны штосьці бяруць ад іх. Мікалай быў вельмі харызматычным, яскравым чалавекам. Ведаў шмат моваў. Шмат падарожнічаў. На жаль, падарожжы ў ягоным жыцці пачаліся не проста так. З палітычных падзей, якія адбываліся ў Беларусі ў 2006 годзе.

Мікалай з маленства быў цікаўны, актыўны. Яго мама была настаўніцай, як і тата. І яго заўсёды імкнуліся заціснуць у рамкі.

Ён граў на флейце, спяваў у царкоўным хоры. Неяк ён прагульваў школу, яго ўсе шукаюць, а ён па дахах бегае. Мама прыходзіць у касцёл, а ён там спявае. І нейкая прыхаджанка кажа, якая мама шчаслівая, які сын у яе.

У яго было абвостранае пачуццё справядлівасці. Калі служыў ва ўкраінскім войску, ён заўсёды абараняў слабых.

Апошняя наша сустрэчы была ў Херсоне, калі я прыязджала да яго перад выездам на выкананне баявых заданняў на вайну.

Мы сустрэлі людзей, якія, як мне падалося, алказалежныя. Бяздомныя прасілі грошы. Я сказала «не», бо гэта асуджаю, а ён дастаў усю ежу, якая была ў ягоным заплечніку, і аддаў iм.

Мікалай сказаў: ты не разумееш, як гэта — жыць на вуліцы. Таму што ў свой час, калі ён у Эстоніі выжываў, ён праходзіў тое самае. У яго не было выбару, не было куды вяртацца.У Беларусі яго шукалі, а там ён быў проста госцем.

І былі часы, калі ён жыў на вуліцы. Ён мяне пакарыў тым, наколькі ён быў моцны ў дачыненні да розных жыццёвых выпрабаванняў. Ён не зламаўся, а стаў яшчэ мацнейшы.

Мікалай з’ехаў з Беларусі, калі яго збілі пасля Плошчы-2006. У непрытомным стане яго вывезлі на тэрыторыю Украіны. Яму тут сабралі грошы на квіток у Эстонію, якая вылучала гранты на навучанне для замежнікаў. І пазней ён там атрымаў грамадзянства.

Але каб там застацца, патрабавалася веданне мовы. Ён яе вывучыў на ўзроўні выкладчыкаў.

Мне пра гэта распавёў ягоны сябар, з якім сустрэлася, калі выконвала ягоны запавет: везла прах Мікалая ў Эстонію. І вось гэты сябар з Мікалаем пазнаёміўся на вакзале, ён яго забраў да сябе, прытуліў на нейкі час, пакуль той не стаў на ногі, не заробіў грошай, каб зняць жытло.

Гэты сябар працаваў экскурсаводам. Калі ягоная жонка нараджала, то экскурсію праводзіў Мікалай. І за кароткі час гэты авантурыст вывучыў мовы і стаў крутым гідам.

Пакуль ён вучыўся ў Эстоніі, ягонай стыпендыі не хапала нават на ежу. Успамінаў, як атрымаў стыпендыю, набыў курыцу, піражкі, з’еў пад мастом і страціў прытомнасць. Ён кінуў вучобу, таму што не было выбару. Ну не мог ён жыць на гэтья грошы.

Мікалай успамінаў, быў такі час, калі мэблю ламаў і тапіў ёй камін, каб не змерзнуць. Пры гэтым у яго не было дрэнных звычак. Ён не ўжываў алкаголь, у яго не было праблем з наркотыкамі, ён проста выжываў.

Для яго было вельмі важна знайсці сябе. І я яму вельмі ўдзячная. Ён запальваў людзей вакол сябе. Калі ён загінуў, мне пісалі ягоныя знаёмыя і выказвалі спачуванні, казалі, што ўдзячныя за тое, што ён быў у нашым жыцці. Настолькі ён быў яскравы. Ён мог абуджаць у людзях моцныя бакі, найлепшыя якасці.

І ён натхняў… Раскрыў маю ўнутраную сілу, жаноцкасць.

Саша, вы казалі, што ён вас заваёўваў. Якія захады Мікалай рабіў, каб вас заваяваць?

— Ён быў настолькі цікавы і моцны. Нават не маючы нічога, даваў усё, што толькі мог. І гэта было настолькі каштоўна. Ты яму прыгатуеш сняданак, а ён быў удзячны, як ніколі.

Вельмі рэдка такое сустрэнеш у побыце, калі мужчына ўдзячны. Для яго гэта было вельмі каштоўна, як часцінка дому, дзяцінства, куды ён не мог патрапіць. І гэта падкупала, таму што ў ім былі такія якасці. Ён быў як чалавек з нейкага кіно. Часам здавалася, што ён нешта выдумляе, прыхарошвае. А насамрэч гэта было яго жыццё.

Шмат чаго я пра яго не ведала, ён замоўчваў. Калі я хадзіла на мітінгі, ён заўжды паўтараў: палітыка — брудная рэч, мінай яе, яна зруйнуе тваё жыццё. Не ўсё з таго, што ён прамаўляў, я ўспрымала сур’ёзна, пакуль яго ня стала.

Ён аберагаў мяне ад непрыемнасцяў. А калі Мікалай загінуў, я пазнаёмілася з яго сябрамі, і ягонае жыццё склалася як карціна з пазлаў.

Для мяне было вельмі важна выканаць яго апошняе жаданне. Ён хацеў, каб ягоны прах быў развеяны ў трох краінах — ва Украіне, Беларусі і Эстоніі. І пакуль я праходзіла гэты шлях паўтара гады пасля ягонай гібелі, сустрэла багата людзей і ягоных сяброў, якія сталі маімі сябрамі.

Думаю, такія людзі, як ён, сустракаюцца для пэўнага ўроку. Калі я як валанцёр дапамагаю жонкам, якія страцілі сваіх мужоў на вайне, я ўсім раю, як лягчэй адпусціць. Боль нікуды не знікае, вядома.

Я раю ўсім быць удзячнымі. Самы цяжкі ўрок даецца, калі ты проста дзякуеш чалавеку за тое, што ён быў у тваім жыцці, і за тое, што ён табе даў. Ты ўзгадваеш яго і натхняешся ўспамінамі. Тады табе лягчэй.

Саша, хачу распытаць пра запавет Мікалая. Вы гэта з ім абмяркоўвалі, што вось, «калі я загіну на фронце»?

— Мы прагаворвалі гэта, таму што разумелі, чым ён займаецца. Хоць ён быў вайсковым медыкам, але той час быў больш-менш спакойны, калі пра кожнага загінулага ведала ўся Украіна, таму што іх было няшмат.

Гэта цяпер мы хаваем тысячамі, а тады людзі ведалі кожнага воіна, які аддаў сваё жыццё за краіну. І ўсё роўна мы прагаворвалі, таму што ў яго былі вялікія рызыкі.

Ці ўдалося ягоны запавет выканаць?

— Так, але на гэта спатрэбілася паўтара гады, таму што тады дзейнічалі кавідныя абмежаванні. Я знайшла маму Мікалая ў Магілёве — да гэтага мы з ёй звязваліся толькі праз яго. Сустрэла каля мяжы Ірыну Міхайлаўну і цёцю, якая была роднай для яго, і дзядзю. Упершыню пабачыла яго родных. Прывезла іх да сябе дадому — за 80 кіламетраў ад Кіева. І мы развіталіся з Мікалаем.

Яны ж не ведалі, што я з Украіны. Я падманавала Ірыну Міхайлаўну, размаўляла па-руску, мы з Мікалаем рабілі гэта спецыяльна, каб яна не ведала, дзе сын. Ніхто з родных не ведаў, дзе ён. І калі ён загінуў, я яе знайшла, патэлефанавала. Тады мы чакалі абмен цела, і я зрабіла ўсё, каб родныя маглі развітацца.

Частку праху перадала маме ў Магілёў, каб яна развеяла яго над Дняпром, як Мікалай хацеў. Ва Украіне — таксама над Дняпром. У Эстоніі ў яго было ўлюбёнае месца — я яго знайшла і развіталася з ім там, дзе ён хацеў.

— Мікалай вучыў іншых берагчы сваё жыццё, быць вельмі ўважлівымі, казаў, што адзін паранены лепш, чым два параненых. А калі ўбачыў, што чалавек, які ішоў першым, прыняў на сябе стрэлы, сам кінуўся яму на дапамогу. Так і загінуў. Вы спрабавалі сабе патлумачыць ягоны ўчынак?

— Гэта быў ён — шчыры з самім сабой, так адчуваў. Я доўга злавалася на яго. Адчуванне страты, непрыняцця, злосці…

У яго камера на шлеме. Калі ён загінуў, расейцы ягонае цела цягнулі. Гэтае відэа абляцела ўсе сацыяльныя сеткі.

Ён ішоў за параненым, быў абстрэл, і ён пабег у бок параненага і падарваўся на міне. На пачатку відэа ён размаўляе са сваім кіраўніцтвам, з камбатам. Ён кажа: я пайду. Мусіў ісці іншы медык.

Мікалай не мог зрабіць па-іншаму. Ён быў такім у жыцці, у побыце, на службе. Неяк у яго быў крытычны момант у жыцці, былі фінансавыя праблемы і унутраны крызіс. Кажа, у мяне быў выбар адсвяткаваць добра Новы год альбо штосьці памяняць у сваім жыцці.

Мікалай пайшоў у манастыр у Эстоніі і аддаў усе грошы на дапамогу бяздомным. Дзеля таго, каб знайсці адказ на свае ўнутраныя пытанні. Ён шукаў сябе ў дапамозе іншым, ён абараняў слабых заўсёды.

Аляксандра і Мікалай не паспелі пабрацца шлюбам.

— Перад тым, як ён загінуў, ён часта казаў сваім сябрам, што любіць мяне, маю дачку і хоча, каб мы афіцыйна зарэгістравалі шлюб. Мы размаўлялі пра гэта, планавалі. Але для мяне штамп у пашпарце не з’яўляўся прыярытэтам. Калі чалавека кахаеш, гэта не мае значэння.

Для мяне вельмі каштоўна было, што я дала яму як жанчына. Ён натхняў мяне, і я давала яму адчуванне любові, клопату. Для мяне вельмі важна было, каб ён адчуваў сябе як дома, бачыў, што яго чакаюць.

— Мікалай сумаваў па Беларусі?

— Так, ён марыў вярнуцца дадому, у дзяцінства, пабачыць дом дзядулі і бабулі. Часта чытаў мне верш «Пахне чабор». У мяне нават ёсць татуіроўка — вяночак з чабору. І гэты верш стаў прарочым у лёсе Мікалая. Маўляў, выйду — і ўжо ніхто не адгукнецца, толькі пахне чабор.

Я прасіла пасля яго маму, яна мне чытала гэты верш.

Саша ўспамінае, як Мікалай кожныя выходныя ездзіў да яе з Адзесы, дзе базавалася ягоная частка, — больш за 500 кіламетраў.

— Тое, што ён зарабляў будучы вайскоўцам, гэта было не пра заробак. У Таліне Мікалай быў адным з топавых гідаў, яго ведала шмат людзей.

Яго дужа багата людзей любілі, ён быў талентавіты і камунікабельны. Калі з’язджаў адтуль, казаў, што спальвае ўсе масты і не ведае, ці вернецца сюды.

Ён быў як з кіно, настолькі тонкі, складны, яскравы, клапатлівы. Не ведаю, як у ім спалучаліся гэтыя якасці.

…У ноч перад развітаннем у крэматорыі ў Кіеве я спала побач з яго мамай, ночылі ў мяне і ягоныя сябры. Мікалай прыйшоў да мяне ў сне, усміхаецца і кажа: мы хутка пабачымся. У нашай мове няма слова «хутка». Мы кажам швидко. Я спытала: «Чаму ты ўсміхаешся? Што ты нарабіў? Як ты мог?»

Ён кажа: «Сонейка, мы хутка пабачымся, не злуйся на мяне, так мусіла быць». Я бачыла яго як ужывую.

Ці былі ў вас агульныя такія мары, пра якія вы шкадуеце, што яны не здзейсніліся, што не атрымалася?

— Не. Нельга шкадаваць. Разумееце? Гэта як самога сябе за нос вадзіць, абдурваць. Нельга, трэба прымаць як ёсць. Калі жывеш надзеямі, ты страчваеш сябе. Гэтыя надзеі не здзейсняцца. І таму я кажу, што трэба проста дзякаваць і шанаваць тое, што было.

Калі б мяне запыталі, ці захацела б я зноў перажыць, маючы досвед, мудрасць, гэты боль, а гэта было вельмі складана, таму што жыць у пакоі паўтара гады з прахам і не маючы магчымасці з ім развітацца… Мы нават з хлопцамі пілі віскі з ім.

— Сур’ёзна?

— Так, мы вычварэнцы. Мы пілі з ім віскі, сядзелі ля вогнішча, дзе ён любіў. Мы насіліся з гэтым прахам і працягвалі ягонае жыццё гэтым. Ён бы зацаніў, яму б гэта спадабалася.

Ён вельмі любіў амерыканскую камедыю «Борат» — там чорны гумар. Цытаваў выканаўцу галоўнай ролі Сашу Барона Коэна: «very nice». І на развітанні я падзякавала ўсім і прывяла ягоныя словы. Мікалай бы сказаў «very nice». Ён бы хацеў, каб яны прагучалі.

— Саша, вы як валанцёр падтрымліваеце розныя праекты дапамогі жонкам загінулых вайскоўцаў?

— Я дапамагаю праекту «Эвакуацыя 200 на шчыце». Тым, хто прывозіць нашых загінулых хлопцаў дадому, каб пахаваць. Яны займаюцца пошукамі, абменамі і транспартыроўкай.

З сем’ямі вельмі цяжка працаваць. Ім баліць. А людзі ў болю бываюць вельмі страшныя…

У горы бываюць два тыпы: хтосьці пакутуе, нехта помсціць. Я абрала другі шлях — помсціць — і ён мяне зламаў у свой час. Зразумела, што трэба іншае рабіць: дбаць пра памяць, а не помсціць. Помста не дапаможа і не верне загінулага.

Вы хацелі адпомсціць за тое, што Мікалай загінуў?

— Так, я шукала вінаватых. Мне вельмі важна было знайсці вінаватых, але з часам я прыйшла да таго, што гэта быў ягоны выбар. Я ледзь не страціла сябе ў гэтым усім. Я не была побач з дачушкай, з сябрамі, блізкімі.

Я рабіла ўсім балюча, таму што шукала рэсурс на помсту. Пакуль не пайшла ў тэрапію з псіхолагамі, каб яны мяне выраўняўлі, таму што далей так не магло працягвацца. Я б проста не вынесла ўсяго гэтага. Гэта як ненавідзець чалавека, страчваючы свой рэсурс, а чалавек нават не здагадваецца, што ты яго ненавідзіш.

Мікалай Ільін, фота з архіву Дзмітрыя Мароза

… Маё жыццё працягваецца. Калі побач з табой быў такі мужчына, ты становішся мацнейшай. Такія людзі, як Мікалай, натхняюць. Дзякуючы ім ты становішся іншым, і цябе атачаюць іншыя людзі, такія ж, моцныя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(25)