Общество

Кацярына Батлейка

«Менск заслугоўвае, каб яго паказвалі. Горад ні ў чым не вінаваты»

Як беларуска жыве ва Украіне і вядзе блог пра беларускую сталiцу.  

Суразмоўніца «Салiдарнасцi» — мiнчанка Ірына (імя зменена па просьбе гераіні), якая ўжо 13 год жыве ва Украіне. Жанчына ўспамінае: ніколі не хацела з’язджаць з Менску, працавала ў дыпламатычнай установе, але сямейныя абставіны вырашылі інакш – і яна з маленькай дачкой і былым мужам пераехалі ў Кіеў.

Там жанчына адкрыла ўласны вінтажны магазін, час ад часу прыязджала ў родны горад к сябрам і сваякам. У адну з такіх паездак Ірына зразумела, што нанова закахалася ў Менск і вельмі па ім сумуе. Так яна пачала фатаграфаваць родныя мясціны на тэлефон, завяла дзеля гэтага асобную старонку ў інстаграм з назвай Soulofminsk, якая хутка ператварылася ў невялічкі блог з фотаздымкамі Менску.

Усе фота з інстаграм-акаўнта Soulofminsk

Ірына распавяла «Салідарнасці», як пасля дзевяці гадоў эміграцыі пачала жыць на два гарады, весці блог пра Мeнск, не жывучы там пастаянна, а таксама пра свае любімыя месцы ў горадзе і чаму не перастала паказваць Менск пасля пачатку поўнамашатбнай вайны ва Украіне.

— У 2019 годзе, калі падрасла мая дачка, я зразумела, што яна амаль не ведае месца, дзе нарадзілася. Захацелася паказаць ёй родны горад, і мы паехалі ў Менск на некалькі тыдняў.

Калі я паказвала дачцэ горад, адчула, што бачу Менск іншымі вачыма. Я яго разглядаю, люблю. Я нанова закахалася ў роднае месца і зразумела, як сумую па ім. Тады вырашыла зрабіць акаўнт у інстаграм са сваімі фотаздымкамі Менску, каб яны былі заўсёды поруч, каб была магчымасць ў любы час на іх паглядзець і нешта прыгадаць.

Я ніяк яго не прасоўвала, не рэкламавала. Але людзі павольна пачалі падпісвацца, лайкаць, каментаваць. Дзякуючы акаўнту ў мяне з’явіліся новыя сябры, і я пачала часцей і часцей прыязджаць у Менск.

Людзі пісалі, што у мяне класныя фоткі, звалі на фоташпацыр па сваім раёне, каб я яго таксама сфатаграфавала. Я заўсёды пагаджалася, таму пазнаёмілася з вельмі цікавымі менчукамі, з якімі і дагэтуль падтрымліваю сувязь. Так мой акаўнт стаў жыць сваё асобнае менскае жыццё.

Кожны раз, калі я прыязджала, адкрывала для сябе новыя раёны. Адзін мой сябар і падпісчык пазнаёміў мяне з раёнам «Араны» — гэта раён вуліцы Аранскай. Мне там спадабалася, вельмі прыгожыя краявіды.

Другі сябар, які таксама з’явіўся, дзякуючы інстаграм, адкрыў для мяне раён Трактарнага заводу, «шарыкаў». Памятаю той яскравы залаты цёплы дзень кастрычніка і вельмі прыгожую вуліцу, абсаджаную з двух бакоў старымі дрэвамі, і маленькія двухпавярховікі 1950-ых гадоў. Вельмі ўтульнае месца.

Ірына ўспамінае, што першыя гады з яе пераезду не заўважала нейкіх змен у Менску. Тым часам у Кіеве іх было шмат, жыццё ў горадзе бурліла. Але каля шасці гадоў таму змены прыйшлі і ў Менск.

— У 2018-м, і асабліва ў 2019 годзе для мяне было адкрыццём, які Менск стаў класны горад. Колькі ў ім моладзі, усялякіх выстаў, канцэртаў, ёсць вулічныя музыканты, на вуліцах багата людзей. Штосьці адбываецца, кожны дзень можна кудысьці хадзіць і гэта будзе цікава. Было ўражанне, што горад прачнуўся, пачаў дыхаць.

У мяне было пачуццё свабоды і сапраўднага жыцця. Адчувалася, што вось-вось адбудуцца кардынальныя змены, горад да іх гатовы, людзі гатовы. У ім ужо не людзі мінулага савецкага, а людзі еўрапейскія.

Вось такое было ўражанне. У мяне нават былі планы вярнуцца назаўжды, бо ў гэтым горадзе хацелася жыць, было відаць перспектыву.

Але ў 2020 годзе, пасля выбарчых падзей, у горадзе адчуваўся нейкі сум. Надзея і спадзяванні яшчэ жылі, але людзі ўжо пачалі з’язджаць, знікалі месцы. У паветры была горыч — змены былі, але сумныя, якія не неслі гораду нічога добрага.

У 2021 годзе горад нібы застаўся тым жа, але адчувалася пустата, што ёсць нешта, аб чым людзі не гавораць, прынамсі, у публічных месцах. Было відаць: людзі ні пра што не забыліся, але маўчанне лунае. Стала шмат афіцыйнай сімволікі — гэта было вельмі адметна ў параўнанні з мінулымі гадамі.

Апошні раз суразмоўніца «Салідарнасці» была ў Менску зімой 2022 года. Тады яна прыехала на Раство да родных, сяброў. Зрабіла шмат фотаздымкаў, будавала планы прыехаць вясной і ўлетку. Але ўжо амаль праз месяц пачалася вайна — поўнамаштабнае расійскае ўварванне ва Украіну.

— Я памятаю 24 лютага 2022 году: мяне як быццам падкінула на ложку ад вельмі гучнага выбуху. Адразу зразумела, што адбываецца. Першае, што сказала — «пачалося». Не верыла да апошняга, што вайна будзе, і не верыла, што Беларусь будзе прымаць у гэтым удзел.

У першы дзень вайны мне патэлефанавала маці, спытала: «Можа да дому, у Менск?». Але для мяне гэта быў не варыянт. Псіхалагічна я не была гатовая паехаць у Беларусь, не кажучы ўжо пра бяспеку. Мне было вельмі балюча і сорамна, што мая родная краіна ўдзельнічае ў такіх злачынствах.

У першы месяц вайны Ірына змяніла кантэнт у сваім блогу ў інстаграм: замест фотаздымкаў Менску пачала распавядаць пра вайну.

— Я пісала, што адбываецца са мной, беларускай, ва Украіне. Паказвала, як гучыць сірэна, пісала дайджэсты вайны, склала ліст, што класці ў трывожны заплечнік, што браць у эвакуацыю — гэты спісак потым рэпосцілі іншыя акаўнты.

— Адпіскі былі?

— Не шмат. Ведаеце, я нон-стоп пісала пра вайну. Нехта паскардзіўся на мяне, што я разводжу русафобію. Але ў большасці мае беларускія падпісчыкі мяне падтрымлівалі, шмат хто напісаў у першыя дні. Там былі словы падтрымкі, а таксама гісторыі пра свае ўласныя пачуцці і эмоцыі: што яны адчуваюць боль, гнеў, сорам за тое, што адбываецца з боку Беларусі.

З цягам часу я падумала, што мой горад застаецца горадам. Так, ёсць людзі, якія ў ім жывуць і прымаюць рашэнні ўдзельнічаць у вайне, але горад застаецца маім родным месцам.

Мы можам жадаць кары тым, хто гэта ўсё нарабіў, але жадаць кары гораду немагчыма. Таму я зноў пачала выкладваць фотаздымкі Менску з архіву, але перавяла акаўнт на беларускую мову.

— Вы ўжо больш за паўтары гады не былі ў Менску. Наколькі яшчэ хопіць фотаархіву?

— Зараз я выстаўляю фотаздымкі не часта — некалькі разоў на месяц. Канешне, архіў скончыцца. Але зараз ён мяне ратуе, як і мая звычка рабіць шмат фотаздымкаў аднаго месца, але ж з розных ракурсаў. Спадзяюся, да наступнага года хопіць. Калі архіў скончыцца, а я ўсё яшчэ не змагу вярнуцца ў Менск, тады буду рабіць рэпосты кагосьці з менскіх сяброў, каб проста паказваць прыгожы горад.

Горад таго заслугоўвае: ён не вінаваты ў тым, што зараз адбываецца, таму я буду працягваць весці блог. Менск застаецца маім родным горадам. Я адчуваю сябе беларускай, у мяне шмат успамінаў з Менскам, і гэта частка маёй асабістасці.

Мне вельмі горка, што зараз я не магу прыехаць дадому, што нехта распараджаецца маім жыццём і магчымасцю бачыцца з сям’ёй. Я не магу прайсціся па родным вуліцам, таму замяняю гэты шпацыр віртуальным.

Ірына прызнаецца: калі спачатку яна вяла блог з-за суму па роднаму месцу, то з цягам часу з’явілася яшчэ адна мэта — паказваць прыгажосць Менску.

— Я шмат чула, нават ад людзей з Менску, маўляў: «Што там глядзець? Менск такі аднастайны, шэры». Мне хацелася паказаць, што ў нашых сілах бачыць прыгажосць. Можна паехаць на Сярова і пабачыць там прыгажосць у павярхоўках. Краса ёсць, мая задача яе паказаць і сказаць, што яна побач.

Мне часта пішуць: «Без вас я бы нават не заўважыў гэтую дэталь». Люстру ў ГУМе, напрыклад. Такія прыклады ёсць, і людзі пішуць, што пасля маіх фота пачалі глядзець уверх, каб пабачыць дэталі: старыя вокны і г.д. Гэта вельмі прыемна чуць.

— Якія вашы улюбёныя месцы ў Менску? Па якіх сумуеце?

— Я ўспамінаю, як прыязджала ў Менск з Кіева на цягніку. Выходзіла з яго раніцай, бачыла вежы Менску. Праходзіла праз іх, ішла праз Міхайлаўскі сквер, завулак, брала каву ў «Шэрлаку», і ішла па Карла Маркса.

Калі казаць пра ўлюбёныя месцы, то гэта набярэжная Свіслачы да парку Янкі Купалы. На супрацьлеглым баку — дом пад шпілем, маё месца сілы. Магу там проста стаяць, сядзець і глядзець на ваду. Яшчэ вельмі люблю раён вуліц Румянцава, Вайсковы завулак, Бранявы. Там свая ўтульная атмасфера. Асмалоўка — ну, гэта месца любяць усе. Таксама раён вуліцы Чырвонаармейскай і Трактарны завод — штосьці там ёсць асаблівае.

— Як беларуска, якая жыве ва Украіне, як вы лічыце, якія будуць адносіны паміж беларусамі і украінцамі ў будучыні, калі вайна скончыцца?

— Гэта складанае пытанне. Я думаю, што паміж украінцамі і беларусамі магчыма аднаўленне адносін. Я беларуска, я гэтага не хаваю, і ў мяне добрыя адносіны з украінцамі.

Напэўна, прызнанне сваёй памылкі, віны перад Украінай — гэта будзе патрэбна і на афіцыйным узроўні, і на ўзроўні простых людзей. Я, напрыклад, не маю, за што выбачацца — калі ўсё пачалося, я была ва Украіне. Але я адразу напісала, што адчуваю сорам, што мне балюча.

Я абрала свой бок. Казаць, што цябе гэта не кранае і ты па-за палітыкай, немагчыма: або ты на баку агрэсара, або таго, хто абараняе свой дом.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(12)