Менчук не адмовіўся ад матэрыяльнай узнагароды

Амбасадар Нямеччыны Марцін Гэкер выплаціў тысячу эўра менчуку, які перадаў дыплямату скрадзеную бронзавую мэмарыяльную дошку. Памятны знак прысьвечаны габрэям Брэмену, якія былі зьнішчаны ў Менскім гета.

Падчас перадачы памятнага знаку ў амбасадзе Нямеччыны беларускі грамадзянін, які папрасіў не раскрываць яго імя, паведаміў, што дошка была знойдзеная каля пункту прыёму каляровых мэталяў у пасёлку Калодзішчы Менскага раёну. Паводле мужчыны, які прадставіўся супрацоўнікам прыёмнага пункту, памятны знак у машынным алеі знайшоў асабіста ён. Мужчына лічыць, што людзі, якія прывезьлі дошку для здачы, пабаяліся гэта зрабіць і кінулі знак на зямлю пасьля таго, як прачыталі адліты на ім тэкст.

Грамадзяне Беларусі, якія прысутнічалі пры цырымоніі перадачы дошкі, прапанавалі мужчыне адмовіцца ад матэрыяльнай узнагароды, зыходзячы з таго, што за гэтым знакам стаіць трагедыя многіх людзей, якія загінулі на беларускай зямлі. Аднак мужчына не пагадзіўся на зьніжэнне сумы або нейкую форму маральнай падзякі, у тым ліку расказаць пра яго ўчынак з публікацыяй фота. Мужчына адмовіўся фатаграфавацца на памяць з амбасадарам. Як мяркуецца, менчук быў пасярэднікам паміж дыпляматамі і людзьмі, якія выкралі памятны знак.

Зьнікненне дошкі было выяўлена 9 сакавіка. У 1992 годзе яе ўстанавілі прадстаўнікі габрэйскай грамады Брэмену на фасадзе дому № 13 па вуліцы Раманаўская слабода ў памяць аб амаль 450 брэменскіх габрэях, дэпартаваных у 1942 годзе з Нямеччыны ў Беларусь і зьнішчаных у Менскім гета.

26 сакавіка амбасадар Нямеччыны аб'явіў аб узнагародзе 1 тысячу эўра за інфармацыю, якая будзе садзейнічаць вяртаньню памятнага знаку.

Далейшы лёс памятнага знаку вызначыць кіраўніцтва Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб'яднаньняў і суполак. У якасьці варыянту разглядаецца прапанова аб усталяваньні на фасадзе дома № 13 па вуліцы Раманаўская слабада копіі дошкі, а арыгінал будзе захоўвацца ў беларуска-нямецкай установе "Гістарычная майстэрня ў Менску", паведамляе БелаПАН.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)