Общество
Арон Басін, фота Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода

«Маёй бабулі дагэтуль страшна»

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў.

Дзед. Арон Басін, калгасны бухгальтар. Расстраляны ў 1937-м у Менску

Працаваў бухгальтарам у калгасе вёскі Шамава ў Магілёўскай вобласьці. Быў надомным настаўнікам у яўрэйскіх сем’ях. Бацька траіх дзяцей. Арыштаваны па даносе суседа. Абвінавачаны ў шпіянажы на карысьць Польшчы

Валер Лагуноўскі: «Адразу пасьля вайны мы дзецьмі яшчэ былі. Вядома, пыталіся ў бацькоў пра дзеда. Але яны казалі, што ён прапаў бязь вестак. Нас сьвядома засьцерагалі ад інфармацыі пра яго расстрэл, бацькі нічога не хацелі гаварыць. Толькі ў сталым узросьце я даведаўся праўду і пра арышт, і пра рэабілітацыю. Грамадзтва тады было такім, выхаваньне. Не прынята было капацца ў мінулым. Хаця пра рэпрэсіі як зьяву мы ведалі, вядома.

Прыкладна 20 гадоў таму, у сярэдзіне 90-х, я па знаёмстве змог дамовіцца, каб з магілёўскага архіву КДБ у Менск пераслалі справу майго дзеда. Паглядзець яе можна было толькі ў прысутнасьці супрацоўніка КДБ. Запісваць не дазвалялі, толькі чытаць. У справе быў данос, нібыта мой дзед езьдзіў у службовыя выправы па вобласьці і ворагам паведамляў пра месцы разьмяшчэньня вайсковых частак. Сусед данос напісаў. Потым мая цётка яго прыгадала.

Сям’я дзеда беднай была. Мы езьдзілі некалькі гадоў таму з жонкай на месца, дзе яны жылі, у пасёлак Шамава. Раней ён вялікім быў, жыцьцё бурліла. Але сеньня нічога не засталося. Мы толькі прыкладна месца знайшлі, дзе дом дзеда стаяў. Я цяпер здагадваюся, чаму на дзеда данос напісалі. У бабулі Берты тады родныя жылі ў Францыі. У 1936 годзе яны ў Шамава прыяжджалі да сям’і дзеда. Відаць, нехта пазайздросьціў і напісаў данос. Якія маглі быць службовыя выправы ў калгаснага бухгальтара?

Цяпер з братам разам спрабуем атрымаць копію справы. Я хадзіў у КДБ месяц назад. Сказаў ім, што хачу копію. Наўпрост мне не адказалі, магчыма гэта альбо не. Сказалі толькі, каб я дакумэнты прынёс аб тым, што гэта дакладна мой дзед. У мне яны толькі часткова захаваліся. Цяпер аднаўляю пасьведчаньне аб нараджэньні маці. Як атрымаю яго, пайду зноў у КДБ.

Чаму я шукаю ўсё гэта? Ня ведаю. Нейкая незразумелая цяга апошнія гады. Езьдзіў у Камарын, дзе мы з бацькамі жылі некалі яшчэ перад вайной. У Казахстан, дзе былі падчас акупацыі. Хочацца аднавіць гісторыю сваёй сям’і. Раней іншым галава была занятая. А цяпер ужо старасьць, хочацца ведаць, што адбывалася з роднымі, зь дзедам. Хоць, хачу сказаць, што да ўсіх гэтых матэрыялаў, да самой справы я стаўлюся без павагі. Там маглі напісаць што заўгодна. Я ня ведаю, можна верыць гэтым дакумэнтам альбо не».

Прадзед. Ксаверы Янкоўскі, селянін

Жыў на хутары Лугаўцы ў Лагойскім раёне. Займаўся сельскай гаспадаркай. Меў 11 дзесяцін зямлі, дом 10 на 12 мэтраў і тры гаспадарчыя пабудовы. Бацька пяцярых дзяцей. Арыштаваны ў чэрвені 1927 году праз данос суседа, зь якім меў спрэчку за кавалак зямлі. Асуджаны за шпіянаж на карысьць Польшчы

Тацьцяна Каравенкова: «Пра тое, што прадзед быў рэпрэсаваны, у сям’і не асабліва гаварылі. Я даведалася ўжо ў сярэдзіне 90-х. Пазьбягалі размоваў на гэтую тэму. І ўвогуле на тэму палітыкі. Калі яшчэ была жывая бабуля, да пачатку 90-х, у нас была традыцыя зьбірацца ўсім разам на абеды. Пасьля іх дарослыя звычайна гулялі ў карты. Аднойчы старэйшы бацькаў брат за картамі расказаў палітычны анэкдот, пра Гарбачова нешта. І бабуля вельмі раззлавалася, нават аплявуху яму дала, загадала ў яе доме на такія тэмы больш не размаўляць.

Страх быў у людзей. Мне 6-7 гадоў было тады, але я добра памятаю. Пазьней, ужо пасьля сьмерці бабулі, аднойчы з бацькам мы размаўлялі і ён сказаў, што калі б ня гэтыя рэпрэсіі, то нашай сям’і магло ня быць. Таму што баба зь дзедам пазнаёміліся ў лягеры, куды іх саслалі. Потым бацька мне і аб прадзеду расказаў.

Недзе ў 2009 годзе я вырашыла напісаць запыт у КДБ. Чамусьці мне стала цікава, за што і як рэпрэсавалі майго прадзеда, дзеда і бабку. Празь нейкі час мне перазванілі з архіву КДБ і сказалі, што маюць толькі справу прадзеда, запрасілі прыйсьці да іх. Я пайшла. Тады яшчэ можна было без даведак атрымаць матэрыялы. Ну як атрымаць — хутчэй праглядзець. Фатаграфаваць нельга, капіяваць таксама. Толькі ад рукі нешта перапісаць. Пры гэтым палова справы была закрытая белымі лістамі. Усё, што датычылася даносаў, было схавана. Прозьвішчаў «тройкі» не было. Але нешта можна было прачытаць.

Даведалася, што ў справе дзеда яшчэ два чалавекі праходзілі, што сваю ролю адыграла радня ў Вільні, зь якой прадзед падтрымліваў адносіны. У справе гэта ўказана як нэгатыўны момант, які дрэнна характарызуе савецкага грамадзяніна. Абвінавацілі прадзеда ў тым, што з 1922 па 1927 год ён нібы быў удзельнікам шпіёнскай арганізацыі і сыстэматычна хаваў у сваім доме агентаў польскай выведкі, зьбіраў зьвесткі аб дзяржаўнай таямніцы і перадаваў іх польскім уладам з карысьлівай мэтай. Але якія зьвесткі мог зьбіраць земляроб, я так і не зразумела.

Данос на прадзеда сусед напісаў. Пра гэта мне сказаў супрацоўнік КДБ, але назваць прозьвішча адмовіўся. Сказаў, што я магу пачаць шукаць яго нашчадкаў, таму нельга. Вось такая ў іх лёгіка, таму і не даюць паглядзець справы. Прадзеда ў выніку абвінавацілі яшчэ ў кантрабандзе, 28 сьнежня 1927 году прызналі вінаватым і прыгаварылі да лягера на 10 гадоў без магчымасьці амністыі. Але маёмасьць не канфіскавалі. Відаць, улічылі тое, што ў сям’і было пяцёра дзяцей. Выслалі ў Карэлію, лягер каля гораду Кемь. Ссылку прадзед адбыў, вярнуўся перад вайной. Гэта я ўжо з успамінаў родных ведаю, дакумэнтаў няма. Падчас нямецкай акупацыі партызанам дапамагаў друкаваць улёткі.

Там жа, у архіве КДБ, я даведалася, што прадзеда рэабілітавалі ў 1992 годзе. Нам пра гэта раней ніхто не паведамляў. Беларуская вайсковая пракуратура самастойна перагледзела справу і прызнала яго невінаватым.

Не разумею, чаму яны не адкрываюць архівы і не паказваюць матэрыялы спраў цалкам. Вядома, у даносчыкаў ёсьць нашчадкі. Але я ж не пайду ім помсьціць, які ў гэтым сэнс? Дзіўная пазыцыя дзяржавы. Навошта рабіць выгляд, што гэтага не было? Усе павінны ведаць праўду. І нашчадкі рэпрэсаваных, і нашчадкі тых, хто пісаў даносы».

Дзед. Міхаіл Дубінін, чыгуначнік, расстраляны ў 1937-м

Міхаіл Дубінін. Чыгуначнік на станцыі «Старушкі» лініі Брэст — Гомель, ваколіцы Жыткавічаў, сьвядомы камуніст, рэабілітаваны пасьля вайны ў 1956 годзе

Андрэй Дубінін: «Калі бацькі разышліся, мне было шэсьць гадоў. Я пачаў жыць з маці, а ў бацькі зьявілася новая сям’я, нарадзіўся сын. Ён маладзейшы за мяне на 9 гадоў. Разуменьне таго, што трэба ведаць гісторыю сям’і, у мяне зьявілася, калі пайшоў вучыцца ў Акадэмію мастацтваў. Выкладчыкі так паўплывалі. Разам з бацькам хадзіў да яго маці, маёй бабкі, спрабаваў нешта даведацца. Але ў 1987 годзе бабуля памерла. Ад дзеда застаўся толькі здымак і ягоны кубак з эмблемай МОПР — Міжнароднай арганізацыі дапамогі рабочай клясе. У дзеда быў такі кубак склеены, бо разьбіўся, відаць. Пазьней некуды зьнік ён.

У 1989 годзе бацька памёр, а ўвесь сямейны архіў застаўся ў брата, зь якім сувязі перарваліся. Брат здаў кватэру нейкім алькаголікам, і яны зьнішчылі ўсё. Засталося толькі некалькі здымкаў патаптаных. Даведка аб рэабілітацыі дзеда таксама зьнікла. Я цяпер спрабую аднавіць яе, паглядзець матэрыялы справы. Але пакуль не атрымліваецца.

Быў у КДБ, там сказалі, што трэба даведка аб тым, што я сапраўды ўнук Міхаіла Дубініна. Нэўтральна паставіліся да мяне. Прыходзіш у прыёмную, там сядзіць прапаршчык. Па-беларуску лепш за мяне гаворыць. Але адправілі мяне па даведку. Я яе ўжо зрабіў, паспрабую зноў у архіў КДБ схадзіць.

Чаму я хачу знайсьці інфармацыю пра дзеда? Таму што дзеці ў мяне нарадзіліся. Дзяцей неяк папрасілі ў школе генэалягічнае дрэва намаляваць, і я тады задумаўся, што ім расказаць магу пра сваіх родных? У мяне самога сувязь з братам абарвалася. Пасьля 50 гадоў пачынаеш назад глядзець. Спрабуеш зразумець, хто ты, чаму ты такі. Нарэшце з братам я сустрэўся ў 2009 годзе, цяпер трымаемся адзін аднаго.

Маці баіцца маіх пошукаў, насьцярожана да іх ставіцца. Яна была б спакайнейшай, каб я ня лез туды. Чаму? Хоча, каб я праблемаў ня меў.

Зараз мне з КДБ пішуць, што нічога няма ў іх. Я думаю, для такіх спраў павінна быць нейкае «адно акно». Каб родныя маглі нарэшце даведацца, як і за што судзілі іх дзядоў. Але я ўсё ж спадзяюся знайсьці. Цяпер вось напісаў у Вярхоўны Суд, магчыма, яны мне падкажуць нумар справы дзеда. Калі нічога ня знойдзецца, паеду ў Жыткавічы, там буду шукаць. Думаю, там, у раённым архіве, можа будуць матэрыялы сходу партыйнай ячэйкі, якая майго дзеда абмяркоўвала. Магчыма, там нейкія матэрыялы будуць і хоць нешта даведаюся.

У мяне мара атрымаць матэрыялы справы дзеда. Я чуў, што можна сфатаграфаваць, ксэракопіі зрабіць. І яшчэ я спадзяюся, што там у справе будуць асабістыя рэчы. Той кубак з эмблемай МОПРа быў адзіным, што засталося. Магчыма, у матэрыялах нешта знойдзецца. Дзед быў чыгуначнікам, мусіў мець гадзіньнік. Чамусьці я думаю, што ён меў кішэнны. Хацелася б яго сабе забраць, калі ён там захаваўся. Калі не гадзіньнік, то хаця б фатаздымкі. Я ж толькі адзін маю.

Яшчэ для мяне вельмі важна даведацца, ці пасьпеў дзед сам данос напісаць на некага, ці агаворваў іншых. Чамусьці мне гэта важна ведаць. Ці не запляміў ён свае рукі кроўю.

Гэта ўсё для мяне яшчэ не мінулае, таму што амаль нічога невядома. Калі б я пабачыў усе дакумэнты, даведаўся падрабязнасьці, то мог бы адпусьціць ад сябе гэтую гісторыю. Яна стала б мінулым».

Бабка. Лідзія Дзячэнка. Сасланая ў Казахстан як дачка кулака

Нарадзілася ў сям’і заможных сялян. У 1934 годзе сям’я Дзячэнак была сасланая з Самарскай губэрні ў Караганду, дзе таксама займалася сельскай гаспадаркай. Лідзіі на той момант было 22 гады

Андрэй Дзячэнка: «Я зь дзяцінства езьдзіў у госьці да бабулі ў Калінінград. Ведаў, што яна вырасла ў Карагандзе на тэрыторыі Казахстану, але чамусьці не задумваўся аб тым, як бабуля магла туды трапіць. Яна руская, уся сям’я этнічныя расіяне, а жылі чамусьці ў Карагандзе. А потым ад бацькі даведаўся, што вось так было — сям’ю бабіну саслалі туды. Мне ўжо 22 гады было, калі бацька расказаў падрабязнасьці. Пачаў шукаць у інтэрнэце, ёсьць сайт такі — «Мэмарыял». Адтуль даведаўся, што сям’я бабулі спачатку жыла ў паселішчы Ялань у Самарскай губэрні. І іх усіх адтуль высалі ў Казахстан.

Пачаў зь ёй пра гэта размаўляць. Аказалася, што яе бацькі заўсёды ў Самары жылі, актыўную дзейнасьць там вялі. Але пасьля рэвалюцыі бабін бацька, мой прадзед, перайшоў на бок чырвоных. Стаў кавалерыстам, атрымаў пасаду нейкую. Потым быў НЭП, прадзед узяў зямлю ў арэнду і набыў нейкую мэханізаваную тэхніку. За што яго і раскулачылі. Гэта было ў 1934 годзе. Прыйшлі супрацоўнікі НКУС, пагрузілі сям’ю на вазы і вывезьлі. Бабуля ўспамінала, што ўдалося схаваць і ўзяць з сабой некалькі мяшкоў са збожжам. Гэта ўратавала ім жыцьцё.

Усё гэта я даведаўся ад бабулі ўжо ў сталым узросьце. У нашай сям’і не гаварылі пра рэпрэсіі, хоць ведалі. Бацька ведаў усе. Бабуля мяне папракае, што я незразумела для чаго капаюся ў гэтай гісторыі. Кажа, што ёй страшна дагэтуль. Вельмі ня любіць успамінаць і расказваць.

Спрабую цяпер знайсьці нейкія дакумэнты. Шмат незразумелага і невядомага. Па мацярынскай лініі таксама. Я даведаўся, што стрыечны брат майго бацькі ўжо спрабаваў дасылаць запыты. Яму гэта прасьцей, таму што застаўся жыць у Казахстане. А там былым рэпрэсаваным нават выплачваюць кампэнсацыі. Я спрабаваў з бабуляй пра гэта гаварыць, што можна дамагчыся выплат. Але яна адмахваецца толькі. Кажа, што нічога ня хоча чуць.

Цяпер я пляную сьпісацца з роднымі, сабраць вядомую ім інфармацыю. Мой бацька гэтага не рабіў. Ён у СССР быў вайскоўцам, тады было не прынята расказваць аб рэпрэсаваных родных. Чаму архівы КДБ дагэтуль закрытыя? Я думаю, таму, што ў грамадзтве пакуль ня высьпела неабходнасьць усё ведаць.

Ніякай небясьпекі адкрыцьцё архіваў не нясе. Магчыма, некаторыя з тых, хто пісаў даносы, яшчэ жывуць. Гэтыя даносы маглі захавацца ў матэрыялах спраў. Аднак гэта адзінкавыя сытуацыі. Каб сёньня адкрыць архівы КДБ, павінна быць палітычная воля. Трэба пісаць запыты, шукаць. Чым больш людзей пачне гэта рабіць, тым больш шанцаў, што архівы адкрыюць. Мы павінны ведаць, хто і за што рэпрэсаваў нашых родных».

Прадзед. Антон Каменскі, расстраляны за «контрарэвалюцыйную дзейнасьць»

Першы раз арыштаваны ў Воршы ў 1927 годзе па абвінавачваньні ў дапамозе польскім шпіёнам, аднак неўзабаве адпушчаны. у 1930 годзе Каменскага разам з роднымі раскулачылі, накіравалі ў высылку ў Котлас, адкуль Антону Каменскаму ўдалося ўцячы. Нанова арыштаваны ў 1934-м, атрымаў тры гады лягераў у сакавіку 1937-га ізноў арыштаваны ў Воршы. Расстраляны праз тры месяцы за «контрарэвалюцыйную дзейнасьць»

Ігар Станкевіч: «Антон Каменскі — гэта дзед маёй маці. Яна нічога ня ведала пра яго лёс, усё я раскопваць пачынаў. У сям’і нічога ніхто не расказваў. І я выпадкова даведаўся, што прадзед быў рэпрэсаваны. Справа ў старым альбоме, які нейкім цудам захаваўся ў сям’і. Там ёсьць фота канца ХІХ стагодзьдзя. Я ў маці пытаўся, хто там, што там, адкуль тыя здымкі, а маці нічога не магла расказаць.

Бабуля на той момант ужо памерла. Засталася толькі сваячка, якая жыла ў Пецярбургу, цяпер ёй ужо 90 гадоў. Зьвязаўся зь ёй, яна пачала расказваць. Пра тое, што гэтага саслалі, а гэтага расстралялі. Пакрысе склаў першае генэалягічнае дрэва. Вельмі цікава было зьбіраць інфармацыю.

Калі ўпершыню пабачыў справу прадзеда ў КДБ, быў вельмі ўражаны. Танюсенькія тэчкі, пратаколы допытаў напісаныя ад рукі. Старонак на 15. Гэтага дастаткова было, каб чалавека паставіць да сьцяны і расстраляць.

Успаміны сваячкі былі абрывачныя. Я пісаў у КДБ, прасіў доступ да спраў. Упершыню ў 2009 годзе напісаў ім. Яны адмаўлялі. Але калі ў 2014 годзе маці памерла, я зразумеў, што таксама магу пайсьці з жыцьця. Пачаў больш актыўна шукаць. Знайшоў прозьвішча дзеда на расейскім сайце «Мэмарыял», даслаў лісты ў расейскія архівы. І мне пачалі адпісваць. Выслалі копіі матэрыялаў спраў, аб’ёмныя тэчкі. Там нават у храналягічным парадку па гадах адлюстраванае ўсё жыцьцё маіх родных у высылцы.

Праблемы былі з пошукам дакумэнтаў у архівах КДБ. Спачатку я ня мог асабіста прыехаць у Менск, жыў тады ў Расеі. Потым мяне запрасілі ў Віцебск. Там сказалі, што ў рукі не дадуць справу, можна будзе толькі слухаць, як мне яе чытаюць. Карыстацца дыктафонам альбо камэрай забаронена. «Што пасьпееце занатаваць, тое ваша». Прозьвішчы катаў не назвалі мне, нават прапусьцілі нацыянальнасьць маёй прабабкі. Тлумачылі гэта нейкай унутранай інструкцыяй. Нават калі я папрасіў зрабіць нейкія копіі, іх зрабілі вельмі кепскія. Прасіў пратаколы допытаў — не далі.

Прадзеда рэабілітавалі па адной са спраў яшчэ ў 1960 годзе. Па другой — у 1989-м. Пракуратура праводзіла гэта. Аб рэабілітацыі я даведаўся толькі падчас пошукаў. З родных засталіся нерэабілітаванымі толькі тыя, хто быў раскулачаны. Як гэтага дамагчыся, я пакуль ня ведаю.

Ужо 20 гадоў як я шукаю інфармацыю аб рэпрэсаваных сваяках. Адчуваю патрэбу ў гэтым, нейкая даніна павагі ім. Трэба абяліць імёны.

Чаму так няпроста шукаць інфармацыю? Таму што сёньняшні КДБ лічыць сябе спадкаемцам ЧК, НКВД. Яны пакрываюць іх. Мэтады, якімі яны працуюць, вельмі нагадваюць ранейшыя. У Расеі таксама гэта пачынаецца».

А если бы врагом народа объявили вас?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)