Политика

«Мая пазіцыя, нягледзячы ні на што, застаецца нязменнай»

Віталь Рымашэўскі пад ціскам КДБ быў вымушаны адмяніць сваю прэс-канферэнцыю, але палітык адказаў на некалькі пытанняў партыйная прэс-службы.

— Што вы можаце паведаміць пра абставіны вашага вызвалення, дакладней, змены меры стрымання?

— Па-першае, сёння, 4 студзеня, ў 11 гадзін павінна была адбыцца мая прэс-канферэнцыя на гэты конт. Але ўчора, пасля таго, як я даў некалькі каментароў для «Нашай нівы», мяне выклікалі ў КДБ і паведамілі, што мая прэс-канферэнцыя будзе разглядацца як парушэнне падпіскі аб неразгалошванні тайны следства. І што ў любым выпадку правесці яе мне не дадуць, а мая мера стрымання ў любы момант можа быць зноў заменена на знаходжанне пад вартай.

Па-другое, я не лічу сябе на свабодзе, пакуль у зняволенні знаходзяцца мае сябры і паплечнікі, іншыя кандыдаты. І я, як магу, буду спрыяць іх вызваленню.

Я дзякую ўсім, хто праявіў сваю салідарнасць з намі, хто выказаў сваю падтрымку. Я быў здзіўлены, колькі людзей перажывала за мяне, малілася, выказвала словы падтрымкі маёй сям’і. Гэта быў для мяне прыемны сюрпрыз.

— А што вы можаце сказаць пра змест запіскі на імя кіраўніка дзяржавы?

— Я сапраўды пісаў такую запіску, але, на жаль, пра яе змест паведаміць не магу, паколькі я даў падпіску аб неразгалошванні тайны следства. Магу толькі запэўніць, што нічога такога, што магло б пашкодзіць іншым, я ў ёй не пісаў.

— Якія вашы далейшыя планы?

— Цяжка казаць пра нейкія планы ў маім становішчы. Я буду рабіць усё, каб дабівацца вызвалення іншых затрыманых па гэтай справе. Сваё вызваленне я расцэньваю, як маленькі шанец, як першы крок уладаў.

— А што вы можаце патлумачыць тым, хто ў сваіх каментарах называе вас здраднікам?

— Мая пазіцыя, нягледзячы ні на што, застаецца нязменнай. Хай перачытаюць тое, што я казаў да 19 снежня.

Усім сваім зламыснікам я кажу — не радуйцеся, а паплечнікам — не турбуйцеся, мая пазіцыя засталася нязменнай, яна такая, якая была да 19 снежня, 19 снежня і пасля 19 снежня. Такая яна застаецца і зараз, і ніякія тлумачальныя лісты яе не зменяць. Я зараз не магу агучваць шмат якія рэчы, тым не менш яшчэ раз падкрэсліваю, што мая пазіцыя застаецца ранейшай, такой, што была агучаная падчас выбарчай кампаніі.

У каментары для Радыё Свабода Віталь Рымашэўскі таксама дадаў:

– Ня трэба думаць, што нейкія рэчы ўва мне зломленыя альбо нейкіх рэчаў я баюся. Проста апроч сьмеласьці трэба мець яшчэ і розум.

4 снежня а 15-й гадзіне Віталь Рымашэўскі выкліканы на допыт у КДБ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)