Мастакі аднавілі легендарную Грунвальдскую харугву

Мастак Мікола Купава і навуковец, геральдыст Анатоль Цітоў ажыццявілі рэканструкцыю харугвы, пад якой беларускія войскі дасягнулі вялікай перамогі пад Грундвальдам у 1410 годзе. Аб гэтым TUT.BY паведамілі ў Рэспубліканскім грамадскім аргкамітэце па святкаванню 660-годдзя Вітаўта Вялікага і 600-годдзя Грунвальдскай (Дубровенскай) Перамогі.

Цэнтрам кампазіцыі вайсковых беларускіх харугваў заўсёды была "Пагоня". Харугвы мелі незначныя адрозненні ў дэталях альбо афарбоўцы. Тканіна харугвы колеру кармін (шоўк). У цэнтры харугвы выява герба "Пагоня". Конь і вершнік белага колеру (срэбнага). Крыж на шчыце конніка – залаты. Збруя і шчыт рыцара светла-блакітнага колеру з цёплым адценнем. Памер харугвы – 110х160 сантыметраў.

Гэта класічная вайсковая харугва з 1410 году і выкарыстоўвалася палкамі ВКЛ.

"Пад гэтымі рэканструяванымі харугвамі дэлегацыі з Беларусі будуць прымаць удзел у паездцы на Грунвальдскае поле 15-18 ліпеня 2010 года", – паведаміў намеснік старшыні аргкамітэта па святкаванні 600-годдзя Грунвальдскай перамогі Мікола Купава.

Грунвальдская бітва адбылася ў час Вялікай вайны (1409-11) 15 ліпеня 1410 году паблізу ад вёсак Грунвальд і Таненберг (Усходняя Прусія, сучасная Польшча). Злучанае войска Польшчы і Вялікага княства Літоўскага ўшчэнт разбіла Тэўтонскі ордэн, паклаўшы канец германскай экспансіі на ўсход.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)