Коктейль
Павел Печанько

Масленіца ў Чыжоўцы: выпі, закусі, прагаласуй

Бліны, шашлык і процьма снегавікоў. Прапануем вашай увазе фотарэпартаж з масленічных гулянняў у адным з паркаў сталіцы.

У парку ў мінскай Чыжоўцы ў суботу вельмі шмат снегавікоў і крэпасцяў са снегу. Лепяць і дарослыя і дзеці, усе кідаюцца снежкамі. Надвор’е сёлета шчодрае на снег — чым не бясплатны атракцыён.

Агітацыйныя плакаты можна было пабачыць у самых нечаканых месцах

У парку людзей ці не болей, чым каля сцэны і намётаў. Складваецца ўражанне, што невялікая завея і мяккі снег і ёсць галоўная прычына добрага настрою. Людзі прыходзяць з тэрмасамі і ежай. Некаторыя знаходлівыя грамадзяне робяць са снежных камякоў імправізаваныя столікі і прыносяць туды спіртныя напоі і ежу. Міліцыя хутка спыняе гэтыя імправізаваныя пікнікі.

Дзядзькі разыходзяцца ў глыбіню парка на лавачкі. Адзін буркоча сабе пад нос: «Разве это нарушение? Ну приняли мы по 200 на брата, что тут такого? Менты сами разве не бухают?».

Каля намётаў пахне дымам з мангалаў і глінтвейнам. І паўсюль традыцыйныя чэргі. Месцаў за столікамі хапае далёка ня ўсім. Шмат хто есць свае бліны стоячы. Некаторыя, пабачыўшы, кошты прыспешваюць хаду: «Трыста пяцьдзесят тысяч на старыя за кілаграм шашлыка? Ды хай яно лясьне!»

Маладыя бацькі,  абмінаючы чаргу за блінамі, прыходзяць да высновы, што хутчэй будзе прыйсці дахаты і напячы самім.

На кожным гандлёвым намёце побач з меню абавязкова прычэплены плакат, які нагадвае грамадзянам пра выбары ў мясцовыя саветы 18 лютага. Гэткія ж плакаты налепленыя на слупах і нават на электрашчытах.

Нехта з мінакоў з’едліва заўважае, што па колькасці агітацыйныя плакаты могуць паспаборнічаць са снегавікамі ў парку.

Пудзіла зімы размясцілі на пірсе побач з пляжам. Гледачы назіралі за працэсам з берага. І стары, і малады спрабуе здымаць абрад на тэлефоны ці фотаапараты.

Жанчына сталага веку наракае на вялікую дыстанцыю паміж пудзілам і гледачамі: «Нічога ж не бачна! Зрабілі нейкую малую ды заперлі чорт ведама куды».

На пірс выходзяць удзельнікі фальклёрнага калектыва, спяваюць песню пра Масленку, работнікі парка падпальваюць пудзіла. Дзея працягваецца некалькі хвілін. Натоўп актыўна здымае, а пасля вяртаецца да намётаў з ежай і пітвом. Там ужо групамі ходзяць амапаўцы, нагадваючы грамадзянам, што свята хутка скончыцца і што заседжвацца ня варта.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)