Общество
Юля Ружэчка

Маскоўскае выдавецтва падтрымала сумленне, гонар і годнасць беларускай нацыі

На міжнароднай кніжнай выставе расейскае выдавецтва “Время” прэзентавала выданне збору твораў Васіля Быкава на беларускай мове. Неўзабаве аналагічнае выданне, але з меншай колькасцю тамоў, з’явіцца ў расейскім перакладзе.

На прэзентацыі прысутнічалі ўдава Васіля Ўладзіміравіча, перакладчыкі яго твораў, сярод якіх пасол Каралеўства Швецыя Стэфан Эрыксан, сябры і блізкія, прыхільнікі творчасці знанага беларускага пісьменніка.

Пра міжнародную кніжную выставу ў выставачным цэнтры “БелЭКСПА” не чуў хіба што лянівы. У межах 15-й па ліку выставы “Кнігі Беларусі” праходзяць прэзентацыя нямецкага медыа-аўтобуса, міні-імпрэзы выдавецтваў розных краін, прадстаўленне ізраільскага, венесуэльскага (што мусіць быць асабліва актуальным ў святле нашага шчырага ўзаемнага сяброўства), кубінскага, польскага ды іншых кніжных стэндаў.

Сярод шматлікіх прэзентацый ёсць адна асабліва цікавая для беларускага чытача. Хаця б таму, што гэты збор твораў народнага беларускага пісьменніка выходзіць за межамі Беларусі…

Выданне твораў Васіля Быкава змяшчае 14 тамоў, як было задумана самім пісьменнікам. Пакуль што пабачылі свет 6 з іх, у наступныя ж плануецца змясціць кінасцэнары, творы з падрабязнымі каментарамі, ліставанні…

Адзіны факт, які засмуціў, добра пракаментаваў Генадзь Бураўкін:

- Я адчуваю няёмкасць за тое, што гэты твор выходзіць у Маскве…

Матэрыял для кнігі збіраўся ў Мінску, афармляўся ў Маскве, а друкавалася яна ў Екацерынбургу. Нават для прэзентацыі выдання на выставе было адведзена памяшканне стэнда рускай літаратуры, якое, да таго ж, не змагло змясціць усіх жадаючых.

Прысутныя, блізкія і калегі Васіля Быкава дзяліліся сваімі ўспамінамі пра пісьменніка, эмоцыямі ад першых знаёмстваў з яго творамі і асобай, давалі каментары да сваіх перакладаў. Так Валянцін Тарас перакладаў творы Быкава на рускую мову (прэзентаванае выданне змяшчае і яго працы), а Стэфан Эрыксан паспрыяў знаёмству сваіх землякоў, жыхароў Швецыі, з творамі знанага беларускага аўтара на іх роднай мове.

- Кожны з нас, нават з блізкіх яму людзей, прайшоў да Васіля сваю дарогу, - успамінаў Валянцін Тарас. – І кожны беларус павінен прайсці сваю дарогу да Васіля. І калі гэта адбудзецца, Беларусь будзе той Беларуссю, пра якую марыў Васіль Быкаў.

-Васіль Быкаў даў прыклад шчаслівага чалавека, - працягнуў яго думку Анатоль Вярцінскі, - чалавека, які глядзеў далей і лепей, чым яго народ…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)