Скандалы
Юлія Аляксандрава

“Машыну рэзка павяло налева, нас перакруціла на дарозе і вось мы ўжо апынуліся ў полі за 20 метраў ад дарогі”

Адзін з лідараў “Маладога фронта” Артур Фінькевіч, які днямі трапіў ў аварыю, лічыць, што гэта быў замах на ягонае жыццё. Аднак звяртацца з гэтай нагоды ў праваахоўныя ворганы ён не збіраецца. “Зараз зусім не хочацца думаць пра тое, як і чаму так адбылося. Проста радуюся жыццю і па-новаму неяк ўсё пераасэнсоўваю”, — кажа Людвіся Атакулава, адна з пасажыраў “Опеля” Фінькевіча.

— Усё адбылося даволі хутка. Я нават не паспела зразумець, чаму так адбылося, — падзялілася з “Салідарнасцю” ўражаннямі Людвіся Атакулава. — Мы адразу пачалі думаць, што была слізкая дарога, ці прабілася кола. Я нічога не паспела саабразіць, таму што машыну рэзка павяло налева, нас перакруціла на дарозе і вось мы ўжо апынуліся ў полі за 20 метраў ад дарогі. Калі мы выбраліся з машыны, то пачалі асэнсоўваць, што магло здарыцца нешта нашмат горшае.

Маладафронтаўцы звязаліся са сваімі гарадзенскімі сябрамі. “Яны параілі пакінуць машыну і разбірацца з ёй на наступны дзень, паколькі было ўжо досыць позна”, — кажа Артур Фінькевіч.

Да бліжэйшай кавярні, дзе іх мусіў забраць сябра з Гародні, маладыя людзі дабраліся на спадарожнай машыне. На наступны дзень “Опель” эвакуіравалі на штрафстаянку ў Шчучыне.

Як распавяла “Салідарнасці” Людвіся Атакулава, “той чалавек, які выцягваў машыну эвакуатарам, казаў, што ён на сваім веку шмат ужо чаго бачыў, якіх машын, фатаграфаваў іх, нам сказаў: “Вас я таксама сфатаграфую, але вы ў мяне адна з любімых”.

Сам кіроўца мяркуе, што прычынай здарэння былі адкручаныя балты на коле. Паколькі за суткі да паездкі ў Гародню машына Фінькевіча была ў рэмонце, на ёй мяняліся колы і, як кажа сам кіроўца, на яго вачох закручваліся ўсе балты на колах.

— З кім бы я ні размаўляў, аўтаслесарамі, іншымі дасведчанымі людзьмі, усе кажуць, што кола не можа адваліцца само сабой, — распавядае Артур Фінькевіч. — Зыходзячы з гэтага я мяркую, што калі мы былі ў горадзе з нашымі мясцовымі актывістамі і машына стаяла непадалёк ад офіса, на заднім коле была адкручаная пэўная колькасць балтоў. Як я разумею, ДАІ лічыць, што кіроўца не справіўся з кіраваннем.

Звяртацца ў праваахоўныя ворганы, каб тыя заняліся следствам па факту здарэння, Фінькевіч не бачыць сэнсу.

Па словах Атакулавай, у Гарадзенскай вобласці не ўпершыню ўжо фіксуюцца такія здарэнні. Падобнае было раней у Мілінкевіча, у іншых людзей: “колы адкручваліся, але смяротных выпадкаў не было”.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)