Масад урываецца ў Менск, каб абараніць свайго экс-шэфа

Пад такім загалоўкам брытанская The Sunday Times паведаміла пра сытуацыю, якая склалася вакол лячэньня ў Беларусі былога кіраўніка ізраільскай выведкі Мэіра Дагана.

Паводле газэты ізраільскія афіцыйныя асобы асьцерагаюцца нападу на былога кіраўніка Масаду з боку Ірану ці яго лібанскай крэатуры — руху «Хэсбала». Паводле іх існуе пагроза, што былы галоўны шпіён Ізраілю будзе забіты агентамі Ірану ў Беларусі, дзе Меір Даган праходзіць рэабілітацыю пасьля апэрацыі па перасадцы печані.

Кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка — якога часта называюць «апошнім дыктатарам Эўропы» — публічна паведаміў, што на мінулым тыдні былы кіраўнік Масаду лячыўся ў шпіталі ў Менску.

Разьюшаныя парушэньнем рэжыму бясьпекі, ізраільскія афіцыйныя асобы прынялі рашэньне ўзмацніць ахову Мэіра Дагана.

Каманда афіцэраў Масад мелася прыбыць у Беларусь у гэтыя выходныя — піша выданьне.

«Мы вельмі занепакоеныя, — паведаміла The Sunday Times ізраільская крыніца. — І Іран і „Хезбала“ добра ведаюць, дзе зараз знаходзіцца Даган і мы лічым, што іх агенты ўжо на шляху ў Менск».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)